Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КХП БНФ нагадала ЗША, Вялікай Брытаніі і Расеі пра гарантыі незалежнасьці Беларусі


Радыё Свабода Амбасадарка ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт падчас прэсавай канфэрэнцыі 19 сьнежня выказалася пра гарантыі бясьпекі Беларусі. Яна заявіла, што ў цяперашніх умовах саюзны рэфэрэндум ня можа быць прызнаны. Паводле амэрыканскага боку, краіны не павінны выкарыстоўваць энэрганосьбіты як палітычную зброю.

Кіраўніцтва КХП БНФ накіравала ліст лідэрам ЗША, Вялікабрытаніі й Расеі. У ім выказваецца апасеньне, што расейскія ўлады плянуюць анэксію Беларусі празь незаконны рэфэрэндум аб Канстытуцыйным акце. Дзеля гэтага выкарыстоўваецца і эканамічны ціск на Беларусь. Паводле КХП БНФ, такія дзеяньні супярэчаць Будапэшцкаму мэмарандуму аб гарантыях бясьпекі Беларусі. Тлумачыць актывіст КХП БНФ Валеры Буйвал:

(Буйвал: ) “Заява наша выкліканая нашай трывогай з тае прычыны, што Расея зьдзяйсьняе агрэсію супраць Беларусі. І канкрэтна пагражае незалежнасьці нашай краіны. Мы нагадваем кіраўніцтву ЗША, Вялікабрытаніі й Расейскай Фэдэрацыі, што ў 1994 годзе, калі зь Беларусі выводзілася ядзерная зброя, гэтыя тры супэрдзяржавы прынялі на сябе законныя абавязкі быць гарантамі сувэрэннага незалежнага статусу беларускай дзяржавы. У цяперашняй сытуацыі канкрэтнай пагрозы з боку Расеі нашай незалежнасьці яны павінны дзейнічаць у гэтым ключы. Недапушчальнае зьнішчэньне нашай дзяржавы”.

Міжнародны каардынатар “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў таксама кажа, што неабходна трымацца Мэмарандуму. Адносна заяваў амбасадаркі ЗША ў Беларусі ён сказаў:

(Саньнікаў: ) “Гэта яшчэ казаў папярэдні амбасадар спадар Крол — што ЗША не прызнаюць вынікаў рэфэрэндуму, калі такі адбудзецца. І гэта тое, што мы чакалі з боку ЗША й нагадвалі менавіта пра Будапэшцкія дамоўленасьці. І гэта відавочна было. Калі і ЗША, і Эўразьвяз, і іншыя дэмакратычныя краіны кажуць, што ў Беларусі немагчымае волевыяўленьне народу, не існуе дэмакратычных інстытутаў і працэдураў, то лягічным крокам была такая заява — каб не было гэтых гульняў у рэфэрэндум. Таму я лічу, што гэта тое, чаго мы чакалі й што адбылося. Цяпер можна спадзявацца, што Эўропа таксама зробіць такую заяву”.

Паводле міжнароднага каардынатара “Хартыі-97” Андрэя Саньнікава, ёсьць небясьпека страты незалежнасьці Беларусі.

(Саньнікаў: ) “Бо мы ня ведаем, што адбываецца, што робяць беларускія ўлады, якімі інтарэсамі нашымі яны гандлююць. На жаль, мы атрымоўваем пэўную інфармацыю толькі з расейскіх крыніцаў — пра тое, што адбываецца падчас вельмі сур’ёзных размоваў, якія тычацца лёсу краіны”.

У амбасадах Вялікабрытаніі й Расеі ў Беларусі пакуль не камэнтуюць заявы амбасадаркі ЗША.
XS
SM
MD
LG