Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ўганаравалі ляўрэатаў прэміі “Хартыі-97” (фота)


Альгерд Невяроўскі, Менск Прэміяй “Хартыі-97” у галіне абароны правоў чалавека адзначылі пяцёх палітыкаў і грамадзкіх актывістаў. Гэта былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін, лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч, актывістка незалежнага прафсаюзу Алена Захожая, вернікі царквы “Новае жыцьцё”, а таксама жыхары намётавага лягеру на Плошчы.

Сёньня ў прэсавым цэнтры “Хартыі-97” сабралася нямала людзей — ляўрэаты прэміі, журналісты, грамадзкія актывісты. Міжнародны каардынатар “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў вітаў ляўрэатаў:

(Саньнікаў: ) “Гэтая прэмія, як і любая прэмія ў галіне абароны правоў чалавека, яна з такім горкім прысмакам. Але я думаю, што менавіта гэтыя ляўрэаты, якія сёньня ўзнагароджваюцца, адлюстроўваюць змаганьне за свае правы, змаганьне за правы народу, за правы краіны, гэта набывае іншае вымярэньне”.

Палітвязень Аляксандар Казулін правёў у калёніі 53-дзённую галадоўку, дамагаючыся разгляду сытуацыі ў Беларусі на Радзе бясьпекі ААН і ў іншых міжнародных структурах. Зьміцер Дашкевіч асуджаны на паўтара году зьняволеньня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Прафсаюзная актывістка Алена Захожая з Бабруйску галадала 43 дні на знак пратэсту супраць парушэньня правоў працоўных адміністрацыяй прадпрыемства “Белшына”. Дар’я Зялінская атрымала прэмію ад імя ўсіх удзельнікаў сакавіцкага намётавага лягеру на Плошчы. А пастар царквы “Новае жыцьцё” Вячаслаў Ганчарэнка атрымаў узнагароду за ўсіх вернікаў сваёй царквы, якія 23 дні трымалі пост-галадоўку баронячы правы рэлігійнай грамады. Пасьля атрыманьня дыплёму Вячаслаў Ганчарэнка сказаў:

(Ганчарэнка: ) “Дзякую вам за гэтую ўзнагароду. Яна належыць усім вернікам нашай краіны — незалежна ад канфэсіяў і дэнамінацыяў, якія змаглі стаць на абарону сваіх правоў”.

Жонка Аляксандра Казуліна Ірына, якая атрымлівала прэмію, сказала, што яе муж сваім прыкладам прадэманстраваў, што ў любых умовах можна дасягнуць пастаўленых мэтаў.

Ляўрэатаў прэміі павіншаваў і лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч:

(Мілінкевіч: ) “Сёньняшнія ляўрэаты — гэта ляўрэаты маральныя і мужныя. І я думаю, што вельмі важна, каб у нас была надзея. І гэтыя людзі даюць надзею. Але яшчэ важней, што гэтыя людзі ствараюць моцную веру. І з гэтай верай мы непераможныя”.

Прэмія “Хартыі-97” у галіне абароны правоў чалавека існуе з 1998 году — сёлета ёю ганаравалі дзявяты раз.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG