Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне Свабоды: што вы лічыце добрай навіной 2006 году ў Беларусі?


Радыё Свабода Гэтак гучыць пытаньне тыдня на Радыё Свабода. Жыхароў мястэчка Сьмілавічы Чэрвеньскага раёну апытваў наш карэспандэнт.

(Спадарыня Вера: ) “Правялі дадому газавае ацяпленьне. Вось тут па вуліцы Рэвалюцыйнай у Сьмілавічах. Дагэтуль было ўсяляк: то халадней, то цяплей. А цяпер я магу сама рэгуляваць, як хачу”.

(Спадар Іван: ) “Навіна? Вось на рынку завяршаюць будаваць вялікае памяшканьне. А то прадаўцы стаялі на марозе — гандлявалі на адкрытых латках. Харчы мерзьлі, псаваліся, і людзі замярзалі. Гэта добрае зроблена за год. Будзе яшчэ нейкае казіно, і гандлёвая крама пашырыцца”.

(Спадарыня Валянціна: ) “Якая ў нас, старых людзей, навіна? Жывеш, пэнсію атрымліваеш — і ўсё. Прыйшоў у краму — усяго хапае. А такой навіны не было”.

(Спадарыня Людміла: ) “Пэнсію дадалі. Нам бы яшчэ дадалі — мы б дзякуй сказалі”.

(Спадар Віктар: ) “Добра было ўсё. Чым займаўся, ва ўсім шанцавала. Напрыклад, не было падзяжу быдла. Трусоў вельмі шмат пладзілася. Птушка, дзякуй Богу, пладзілася. Агарод быў — усё ўбраў добра. І не хварэў — самае галоўнае”.

(Спадарыня Зіна: ) “Нічога добрага не было, усё дрэннае. У мяне сын хворы –– інвалід-калясачнік. І сама хварэю. Нічога людзкага не было”.

(Спадар Уладзімер: ) “У мяне нічога добрага не было. Я хворы. У мяне з жонкай зусім кепска. Нічога добрага сёлета — у мяне адно гора”.

(Спадарыня Віка: ) “Нараджэньне дзіцяці. Завуць Мікіта. Яму дзесяць месяцаў. Першыя крокі — стаў хадзіць. Зубы палезьлі. Першыя словы: мама, тата, бабуля”.

(Спадарыня Тамара: ) “Мне нібыта сам Бог дапамагае. У мяне ўнукі нарадзіліся. Газ праводзім. І здароўе стала лепшае. Я вельмі задаволеная”.

(Спадар Станіслаў: ) “Так, было ў мяне добрае. Мой унук скончыў вайсковую акадэмію. Лётчык-ас, лятае ў Беларусі. Мая ўнучка паехала вучыцца ў ліцэй у Амэрыку. Яе завуць Шаткоўская Натальля. Гораду ня памятаю, дзесьці ў цэнтры Амэрыкі. Яна спартоўка, гуляе ў вялікі тэніс. Яна тройчы выйгравала чэмпіянат у Беларусі. У Амэрыцы ў ліцэі згуляла, дык там усе ахкалі”.
XS
SM
MD
LG