Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Вярхі апазыцыі... сваю апазыцыйнасьць ператварылі ў прыбытковы бізнэс”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за сераду, 20 сьнежня. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды" 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Тэлефон "Свабоды" — гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні на нумар — 8-029-391-22.

(Зіноўеў: ) “Добрая навіна тое, што рух “За свабоду!” Неафіцыйна пусьціў сьвятыя карані ў сілавых структурах Беларусі”.

(Спадар: ) “Ведаю, што некаму са слухачоў старэйшага ўзросту адыходзячы год запомніўся і ў сувязі зь датай. 19 сьнежня — стогадовы юбілей Леаніда Брэжнева. Прыпамінаецца тая Брэжнеўская і наша сёньняшняя безьліч бюракратаў, пры якой колькасьць дзяржаўнага чынавенства, гэтых наглядчыкаў, кантралёраў і карнікаў амаль перавысіла ў краіне папуляцыю каларядскага жука зь ягоным апэтытам. Узгадваецца ленінска-сталінска-брэжнеўская дзяржаўная манаполія на сродкі масавай інфармацыі, што пры існаваньні адзіна правільнай афіцыйнай ідэалёгіі, ператварыла гэтыя сродкі ў сапраўдную машыну пасьлябрэжнеўскай хвалебнай агітацыі і прапаганды. Ці ня з гэтай прычыны людзі на вуліцах Менску нічога ня чулі пра пасланьне”.

(Спадар: ) “Галоўнай падзеяй сыходзячага году было тое, што ў сакавіку ўлада ў краіне не трапіла ў рукі вярхам апазыцыі. Дзесяткі тысяч беларусаў, што знаходзяцца ў апазыцыі да ўлады, зьяўляюцца ідэйнымі яе праціўнікамі. Вярхі ж апазыцыі, такія як Мілінкевіч, Лябедзька, сваю апазыцыйнасьць ператварылі ў прыбытковы бізнэс. Яны нідзе не працуюць, жывуць на замежныя падачкі і езьдзяць па сьвету. Вось уся іх апазыцыйнасьць”.

(Вячаслаў Дашкевіч, Старыя Дарогі: ) “Ці ведаеце вы, дзе працуюць самыя таленавітыя журналісты? Ня ведаеце? Тады паслухайце Першы канал беларускага радыё. Там па некалькі разоў на дзень цьвердзяць адно і тое ж: Самыя таленавітыя журналісты працуюць у “Советской Белоруссии,” ці, як яе яшчэ інакш называюць, “СБ сегодня”. А б сказаў зусім адваротнае. Самыя таленавітыя журналісты працуюць у незалежных сродках. Такіх, як у Беларусі засталося вельмі ня шмат: “Наша ніва,” “Народная Воля,” прымыкае да іх “Белорусы и рынок”. Ну, і вядома ж, электронныя сродкі масавай інфармацыі: “Свабода,” “Голос Америки,” “Нямецкая хваля” і шмат іншых. Так што, “паважаныя” журналісты “Советской Белоруссии,” Вам трэба павучыцца адстойваць сваю пазыцыю, нягледзячы на мяккія крэслы”.

(Мікалай, Беларусь:) “Дзень добры, Радыё Свабода! Хочацца адказаць на пытаньне пра “Залаты век Брэжнева”. Дык вось пра гэты “Залаты век Брэжнева” могуць казаць толькі закамплексаваныя камуна-сталінскія мутанты, у якіх памутнеў розум. Што казаць тады пра дзяржавы Эўропы і Амэрыкі, калі адкрылася дэмакратыя і хоць трошкі пачалі гэтыя даброты ісьці ў гэты брэжнеўскі Саюз. Пасьля гэтага можна параўноўваць, што гэта за “Залаты век”. Гэта нейкі Каменны быў век, а не “Залаты век Брэжнева”.

(Спадар: )“Добрай навіной было тое, што Канада аб’явіла эканамічны байкот Беларусі. Каб усе дзяржавы сьвету аб’явілі эканамічны байкот Беларусі, Лукашэнка і яго атачэньне бандытаў не забівалі б карэспандэнтаў і лепшых палітыкаў Беларусі”.

(Спадарыня: ) “Самае лепшая навіна 2006-га года – гэта зьяўленьне галоўных кандыдатаў на прэзыдэнта: Аляксандра Казуліна і Аляксандра Мілінкевіча і іх выступы па тэлебачаньні з праграмамі, якія далі надзею многім беларусам на лепшае жыцьцё Беларусі пасьля яе ўступленьня ў Эўразьвяз”.

(Васіль Цюхай, Беразіно: ) “Любому разумнаму чалавеку відавочна, чаму Лукашэнка пачаў выказвацца ў абарону беларускай мовы, – для таго, каб паказаць усяму сьвету, і Расеі ў тым ліку, што беларусы – гэта ня тыя самыя расейцы толькі са знакам якасьці. Гэта ўвогуле небясьпечная тэндэнцыя. Калі Лукашэнка ўзяўся за адраджэньне беларушчыны, тады беларуская мова сапраўды апынаецца пад пагрозай. “Узяўся за яйцы, зьнікала масла”. Ён там яшчэ за нешта браўся, і штосьці зьнікала ў выніку. Не хацелася б, каб і мова трапіла ў гэты пералік. Хаця мова, я ўпэўнены, мацнейшая за любую асобу. Лепей бы Лукашэнка паспрабаваў вырашыць тыя праблемы, якія ён сам і стварыў, замест таго, каб лезьці не ў сваю справу і ствараць яшчэ большыя праблемы”.

(Уладзімер: ) “Хоць гэта і гучыць неяк парадаксальна, што самая добрая навіна 2006-га года – гэта тое, што будуць усё ж такі падвышаныя кошты на энэрганосьбіты. Гэта значыць, што Беларусь пакрыху, зь цяжкасьцямі, вельмі пакручыста, але пачне злазіць з энэргетычнага наркотыку, бо гэтыя варункі ўжо прымушаюць думаць пра тое, дзе ўзяць паліва, пра залежнасьць у гэтым пытаньні ад Расеі. Нават і пра мову ўспомнілі, пакуль толькі тэарэтычна. Таму гэта і ёсьць самая добрая навіна. Бо менавіта з гэтага, з паліўнага пытаньня і пачыналася ўсё ў тых жа краінах Балтыі і Ўсходняй Эўропы ў 90-я гады. Нам наканавана гэты шлях прайсьці цяпер. Таму, нягледзячы на тыя цяжкасьці, якія наперадзе, гэта добрая навіна, бо яна прымушае варушыцца, нешта мяняць, хоць і ня хочуць улады, але вымушаныя мяняць нешта ў эканоміцы, у палітыцы і нават у культуры. Якія будуць зьмены, паглядзім, але нешта ўсё ж такі павінна зьмяніцца. Будзем спадзявацца, што ў добры бок”.

(Спадарыня:) “Я хачу падтрымаць Лукашэнку. Учора ён сказаў, што у нас павінна быць беларуская мова разьвітая. Беларуская мова ў школах павінна быць цьвёрдаю і моцнай. І хочам папрасіць, каб Лінію Сталіна зьнесьлі, каб Сувораўская вучэльня імя Сталіна ў Менску была зьнесена. Гэта расейскае. Паказалі па тэлевізару можа зь месяц таму дзяцей у чырвоных аколышках. Сіротаў панабіралі, яны там пакутуюць. Яна не патрэбная нам. Няхай вучацца дзеці ў школе, заканчваюць 11-ы кляс, а тады выберуць, што каму падабаецца. Мы гэтага чакалі, мы хочам беларускай мовы. Для нас гэта будзе вялікая радасьць для ўсіх, і старым, і для маладым”.
XS
SM
MD
LG