Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У 2007 годзе людзі нарэшце ўбачаць, куды нас завяла ўлада”


Валянцін Жданко, Менск Многія лісты ў нашай пошце гэтых апошніх тыдняў сьнежня — з падсумаваньнем вынікаў 2006 году й з позіркам у будучыню. З аднаго з такіх допісаў і пачну сёньняшнюю размову.

“Веру ў тое, што 2007 год будзе годам доўгачаканых зьменаў для нашай Беларусі, — піша Вячаслаў Машко зь Менску. — Зьмены насьпяваюць, гэта ўсім відавочна. У мяне былі вялікія надзеі на 2006-ты, на прэзыдэнцкія выбары. Але тады не ўдалося. Многім людзям у той час яшчэ здавалася, што Лукашэнка ідзе правільнай дарогай, што жыцьцё будзе станавіцца толькі лепшым. У новым годзе многія расплюшчаць вочы. Мы ўсе мінулыя гады мелі танныя расейскія нафту й газ, але ўсё гэта заканчваецца. Людзі нарэшце ўбачаць, куды нас у сапраўднасьці завяла ўлада”.

Магчыма, будзе і так, спадар Машко. Прынамсі, многія людзі сёньня спадзяюцца й чакаюць зьменаў у сваім жыцьці й жыцьці сваёй краіны. Хоць, напэўна, варта памятаць і пра тое, што зьмены ў грамадзкай сьвядомасьці адбываюцца ня надта хутка — на гэта патрэбныя гады, а часам і дзесяцігодзьдзі. А што да эканамічнай сытуацыі, то ў сярэдзіне і другой палове 1990-х гадоў яна была куды складанейшая, чым цяпер. Але да палітычных зьменаў у дзяржаве тады гэта, як памятаеце, не прывяло.

Пра вясковае жыцьцё разважае ў сваім лісьце Аляксей Канапацкі з Лунінца. Ён даслаў у рэдакцыю дзьве заметкі з раённай газэты “Лунінецкія навіны”. У адной пад назвай “І каровы ў нас не малочныя, і бычкі не мясныя…” паведамляецца пра заняпад мясцовых калгасаў (у жывёлагадоўлі раён на 114-м месцы — адным з апошніх у Беларусі). Другая публікацыя называецца “Дыскатэка разьбітых ліхтароў” — пра рэйд па вясковых дамах культуры. Інспэктары Камітэту дзяржкантролю й міліцыя выявілі: амаль уся работа вясковых клубаў зводзіцца да дыскатэк. Але й дыскатэкі тыя часта як праводзяцца?

“Трапілі і ў вёску Велута. Калі на іншых дыскатэках можна было сустрэць нападпітку наведнікаў, то тут п’яным быў сам ды-джэй, ён жа кіраўнік Дому культуры Марза. Моладзь, настаўнікі й касіры расказалі, што ніякія гурткі тут таксама не працуюць, хаця паводле журналу ўліку іх спраўна наведваюць ад 10 да 17 чалавек. Фільмаў у вёсцы таксама не паказваюць”.

Камэнтуючы гэтыя паведамленьні, Аляксей Канапацкі з Лунінца піша:

“Тое, што культура ў раёне ў глыбокім заняпадзе, відаць і без праверкі. А хто ж кіруе культурай? Ды той жа чыноўнік, які ўзначальвае й раённую выбарчую камісію. Клубы ў яго развальваюцца, а вось галасы выбарцаў на кожных выбарах камісія спраўна лічыць толькі на карысьць улады. …Што да сельскай гаспадаркі, то і яна запушчана так, што далей няма куды. А ўзначальвае раён хто? Нядаўні дэпутат Палаты прадстаўнікоў. У Менску ён старанна падтакваў Лукашэнку, а тут нешта ніякіх зрухаў няма”.

Так, спадар Канапацкі, цяжка запярэчыць супраць вашых жорсткіх высноў, якія да таго ж грунтуюцца ня толькі на асабістых назіраньнях, але і на афіцыйнай статыстыцы. Адзінае, што, думаю, варта ўдакладніць: ня толькі гэтыя дзьве асобы адказныя за тое, што робіцца ў раёне, у якім стане апынуліся жывёлагадоўчыя фэрмы й вясковыя клюбы.

Яны, два гэтыя чыноўнікі — частка сыстэмы, цагліны ў вялікай пірамідзе ўлады. Нават калі замяніць гэтыя дзьве цагліны, у самой пірамідзе нічога ня зьменіцца. Бо не яны вызначаюць, ці застанецца ў беларускай вёсцы калгасная сыстэма, ці будзе дзяржава падтрымліваць фэрмэраў, ці пойдуць дадатковыя асыгнаваньні на сацыяльную сфэру ў вёсцы і ці будуць спрыяць улады таму, каб напаўразваленыя дамы культуры былі выратаваныя, напрыклад, з дапамогай прыватных прадпрымальнікаў.

Аўтар наступнага ліста — Алесь Цадко з Маладэчна. Ён разважае пра выбарчую кампанію, якая працягваецца ў Беларусі:

“Напэўна, ізноў, як і на прэзыдэнцкіх выбарах, кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстановаў у добраахвотна-прымусовым парадку пагоняць падначаленых на папярэдняе галасаваньне — каб паказаць сваю ляяльнасьць. А потым працягнуць красьці зь дзяржаўнай казны. Як я заўважыў, красьці дазваляецца толькі ў маштабах, сувымерных з пасадай. Хто пераходзіць вызначаную яму мяжу, можа пазбавіцца ня толькі сваёй пасады, але і свабоды (хоць такія выпадкі рэдкія).

Амаль не заўважаным засталося нядаўняе зацьвярджэньне Палатай прадстаўнікоў новага заканадаўства аб тым, што заводзіць крымінальныя справы на высокапастаўленых кіраўнікоў цяпер будуць толькі з дазволу Лукашэнкі. Думаю, гэта распаўсюдзіцца й на мясцовых чыноўнікаў”.

Паводле новых паправак, унесеных у Крымінальны кодэкс, дазвол прэзыдэнта патрэбны будзе на прыцягненьне да адказнасьці тых чыноўнікаў, якіх ён прызначае. Гэта дастаткова шырокае кола асобаў, сярод якіх і першыя кіраўнікі раёнаў. Як адзначаюць многія правазнаўцы, такая норма мае мала агульнага з прынцыпамі прававой дзяржавы, з роўнасьцю ўсіх перад законам. Але ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму гэта практыка не выглядае чымсьці надзвычайным.

Што да хуткіх выбараў. Увага да іх з боку і апазыцыі, і ўлады, і грамадзтва — нязначная. Мясцовы дэпутат у Беларусі — пэрсона ня надта ўплывовая. Гэта ж не “вэртыкальны“ чыноўнік, які прымае галоўныя рашэньні, зьвязаныя з грашыма й матэрыяльнымі каштоўнасьцямі. Адпаведна, і вялікага ажыятажу з нагоды гэтых выбараў няма. Думаю, што й маштабнага прымусовага папярэдняга галасаваньня ня будзе — з улікам таго, што ніжняя мяжа яўкі выбарцаў адмененая, і цяпер няма неабходнасьці дэманстраваць масавасьць.

Новы электронны ліст даслаў на “Свабоду” Аляксандар Сувораў зь Менску. Слухач лічыць, што ў многіх расейскіх сродках масавай інфармацыі жыцьцё ў Беларусі адлюстроўваецца неаб’ектыўна, перадузята. У прыватнасьці, спадар Сувораў зьвярнуў увагу на артыкул у газэце “Новый Петербург” пад назвай “Просты сакрэт беларускага цуду”. У ім пецярбургскі дацэнт Мікалай Саф’яньнікаў разважае пра перавагі так званай беларускай мадэлі грамадзкага жыцьця ў параўнаньні з мадэльлю расейскай. Як доказ навуковец называе такі аргумэнт: “Калі ў нас ў Расеі дэмаграфічны крызіс, дык у Беларусі такога крызісу няма”.

Аляксандра Суворава гэтае сьцьвярджэньне абурыла. Ён піша:

“Хлусьня гэта ці яўнае няведаньне прадмету? У кожным разе, відаць вялікае жаданьне паказаць сябе знаўцам і выдаць жаданае за сапраўднае. У рэальнасьці ж праблема гэтая для Беларусі надзвычай вострая. Паводле зьвестак Міністэрства аховы здароўя Беларусі, узровень сьмяротнасьці (колькасьць памерлых на 1000 насельніцтва) у 2005 годзе склаў 14,5. У 2004 годзе гэты паказчык быў роўны 14,3!

На жаль, міністэрства на сваім сайце не параўноўвае гэты паказчык зь іншымі краінамі, у тым ліку з Расеяй — відаць, баіцца раскрыць вялікую таямніцу. Зробім гэта самастойна — зойдзем на сайт “РБК. Рейтинг”, дзе ёсьць адпаведная табліца. Дык вось, Беларусь у гэтым рэйтынгу займае 32-е месца ў сьвеце. Нават у такіх афрыканскіх краінах, як Кенія, Камэрун ці Бурундзі, сьмяротнасьць ніжэйшая, чым у Беларусі! На 1000 насельніцтва ў нас памірае людзей на 32% больш, чым у Нямеччыне, на 42% больш, чым у Польшчы, на 53% больш, чым у Японіі, і на 70% больш, чым у ЗША!

З 1995 году насельніцтва Беларусі не расьце, а скарачаецца — прыкладна на 50 тысяч штогод. З 1995-га да 2005 году беларусаў стала меней на 516 тысяч чалавек! А дацэнт Саф’яньнікаў сьцьвярджае, што дэмаграфічнага крызісу ў Беларусі няма. Вось так і нараджаюцца міты пра нейкае цудоўнае жыцьцё ў Беларусі пад кіраўніцтвам самага мудрага й сумленнага з усіх беларусаў. І многія грамадзяне Расеі, якія ня ведаюць, што іх падманваюць, тяжка ўздыхаюць і мараць пра такога прэзыдэнта”.

Сапраўды, спадар Сувораў, у многіх рэгіянальных расейскіх мэдыях часам зьяўляюцца публікацыі на беларускую тэму, якія чытачоў у Беларусі, мякка кажучы, зьдзівілі б — столькі ў іх захапленьня беларускімі рэаліямі, тэндэнцыйна падабраных фактаў, а часам і звычайнай няпраўды ці недакладнасьці — як у выпадку з гэтай публікацыяй з газэты “Новый Петербург”.

Напэўна, многае тут тлумачыцца частымі журналісцкімі дэсантамі з расейскіх рэгіянальных мэдыяў, якія ладзяцца з ініцыятывы беларускіх уладаў і коштам беларускага ж бюджэту. Магчыма, у складзе аднаго з такіх дэсантаў пабываў у Беларусі й дацэнт Саф’яньнікаў, якому здалося, што дэмаграфічнага крызісу тут няма. Ці, можа, ён рабіў сваю выснову на падставе публікацыі аднаго з такіх журналістаў?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду й нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG