Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Іван Саланевіч<br><br>13.11.1891, в. Руднікі (цяпер Пружанскі раён) — 24.4.1953, Монтэвідэа, Уругвай.


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

У савецкіх школах, а затым у інстытутах нас вучылі, што быцьцё вызначае сьвядомасьць. Але варта было заглыбіцца ў гісторыю, як чарвячок сумневу пачаў тачыць мой розум: можа, усё якраз наадварот і менавіта сьвядомасьць стварае сцэнар жыцьця? Асабліва ў эпоху кардынальных гістарычных пераменаў.

Акурат у такі час і лёсіла жыць публіцысту й выдаўцу Івану Саланевічу. Зрэшты, асоба яго была значна шырэйшая за гэтыя азначэньні. У юнацтве ён быў вядомым ува ўсёй Расейскай імпэрыі спартоўцам: віцэ-чэмпіёнам па гірах, футбалістам, баксёрам, заснавальнікам спартыўных таварыстваў “Сокал” у Віцебску і Горадні.

Ён любіў называць сябе беларускім мужыком, хоць ягоны бацька, Лук’ян Саланевіч, быў журналістам, краязнаўцам і выдаўцом. Атрымаўшы дыплём юрыдычнага факультэту Петраградзкага ўнівэрсытэту і таксама не бяз посьпеху паспрабаваўшы свае сілы ў журналістыцы, Іван трапляе ў вір падзеяў грамадзянскай вайны. Абсалютнае непрыняцьце бальшавіцкіх ідэяў прыводзіць яго ў Добраахвотніцкую армію Дзянікіна.

У 1920-я ён жыве ў Маскве, супрацоўнічае з “Известиями”, друкуе некалькі кніжак аб спорце, аднак савецкая рэчаіснасьць робіцца для Саланевіча ўсё больш невыноснай. Разам з братам Барысам і сынам, які раней ужо быў асуджаны на пяць гадоў за антысавецкую агітацыю, ён наважваецца ў 1933-м на ўцёкі за мяжу. Усіх трох схапілі са зброяй у руках і адмералі па восем гадоў лягераў.

Апынуўшыся ў Белбалтлязе, Саланевічы былі прызначаныя інструктарамі па фізкультуры і атрымалі большыя за іншых зьняволеных магчымасьці рухацца па зоне. Напоўніцу выкарыстаўшы сытуацыю, яны вырваліся за калючы дрот і, пераадолеўшы за два тыдні блізу 300 кілямэтраў, у жніўні 1934-га перайшлі фінскую мяжу.

Уцёкі робяцца сусьветнай сэнсацыяй. З Іванам Саланевічам знаёмяцца былыя міністры расейскага Часовага ўраду А.Гучкоў і П.Мілюкоў. Але эўфарыя хутка сканчваецца, і надыходзяць чорныя будні. Іван зарабляе на хлеб, працуючы грузчыкам. Таварышы па працы, з захапленьнем гледзячы, як беларус, які па-ранейшаму знаходзіцца ў добрай спартовай форме, адзін упраўляецца з вагой, нялёгкай і для траіх, ня ведаюць, што пасьля цяжкога дня ён сядае за стол не для таго, каб выпіць, а каб напісаць некалькі старонак сваёй кнігі ўспамінаў.

Кніга “Расея ў канцлягеры” выходзіць у 1936-м, перакладаецца на 17 моваў і дае сродкі ня толькі для існаваньня, але і для выданьня ў Баўгарыі газэты “Голос России”, якая неўзабаве робіцца найбуйнейшым выданьнем расейскага замежжа. Аднак стасункі з эміграцыяй рвуцца. З аднаго боку пашыраюцца чуткі, што Саланевічы — агенты ГПУ, з другога — у сафійскай рэдакцыі гучыць выбух, у выніку якога гінуць Іванава жонка і сакратар газэты...

Саланевіч перабіраецца ў Нямеччыну, але выступае супроць вайны з СССР і мусіць блізка пазнаёміцца з гестапа.

Пасьля вайны ён падае голас з Аргентыны, адкуль неўзабаве высылаецца як "небясьпечны элемэнт". Апошнім прыстанкам Івана робіцца Ўругвай. У гэты час ён прадказвае крах СССР, які, паводле словаў Саланевіча, "патоне ўва ўласным шпігунстве і здрадніцтве".

Погляды Івана, эвалюцыя каторых прывяла яго да ідэяў народнай манархіі і "дыктатуры праваслаўнага сумленьня", мне бясконца чужыя. Але тыя неверагодныя энэргія й палымянасьць, зь якімі наш суайчыньнік адстойваў свае перакананьні, выклікаюць несумнеўную павагу.
XS
SM
MD
LG