Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Веру, што мая першая настаўніца не адрачэцца ад мяне


Радыё Свабода Іна Кебікава — удзельніца праграмы “Ў што я веру”.

Веру ў тое, што людзі перамогуць страх і абароняць сваю краіну ад дыктатара.

Веру, што мая першая настаўніца не адрачэцца, як зараз, ад мяне, называючы бэнээфаўкай.

Веру ў тое, што дзеці ў школе будуць вучыцца па-беларуску і не спытаюць ў настаўніцы, хто такі Васіль Быкаў.

Веру, што настаўнікі будуць вучыць дзяцей справядлівасьці, дабрыні, спагадлівасьці, патрыятызму і ня будуць надзейнай апорай улады ў фальсіфікацыі выбараў.

Веру, што мой тата ранкам ня будзе ўставаць пад гімн “Мы беларусы з братняю Русьсю”.

Веру, што маладым мамам ня прыйдзецца тлумачыць сваім дзецям, што цукеркі есьці нельга, бо ў мамы няма грошай на іх.

Веру ў тое, што калі англічанін захоча пачытаць Рыгора Барадуліна ў арыгінале, то ў краме ён знойдзе беларуска-ангельскі слоўнік, а я — кнігі Гётэ па-беларуску.

Веру ў тое, што бацькам не давядзецца шукаць беларускамоўны дзіцячы садок, бо ён будзе ў кожным раёне.

Веру, што студэнту ня трэба будзе хадзіць у госьці, каб пад’есьці, бо свае грошы скончыліся пазаўчора, а стыпэндыя будзе праз тыдзень.

Веру, што пэнсіянэры ня будуць сядзець у чарзе да лекара або цягаць мяхі з бульбай, а будуць грэцца на Кіпры ці вандраваць па сваёй Радзіме, і застанецца яна ў іх памяці самай прыгожай краінай у сьвеце.

Веру, што Кастрычніцкая плошча стане называцца плошчай Кастуся Каліноўскага, а праспэкт верне сабе імя Францішка Скарыны.

Веру, што мая сястрычка вернецца на радзіму і будзе вучыцца дома, тут жыць і працаваць.

Веру, што хлопчыка Яўгена міліцыя не запыніць на вуліцы і не завядзе ў пастарунак толькі з тае прычыны, што на шыі ў яго бел-чырвона-белы шалік.

Веру, што людзям ня прыйдзецца абвяшчаць галадоўку, каб адстаяць праўду, дастаткова будзе зьвярнуцца ў суд.

Веру, што суды ў нашай краіне будуць незалежнымі і маю маму і мяне адновяць на працы.

Веру, што ў чыноўніка, які мяне звольніў са школы, калі-небудзь загаворыць сумленьне.

Веру, што ў нашай краіне ня будзе палітвязьняў. І на Дзяды выйдуць дзесяткі, а можа нават сотні тысяч людзей, каб ушанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Веру ў тое, што прыйдзе час, і я з задавальненьнем буду глядзець навіны па БТ, бо яны будуць аб’ектыўнымі.

Веру, што беларускія гурты N.R.M, Крама, Стары Ольса ды іншыя музыкі змогуць выступаць і ў Клецку, і ў Нясьвіжы, і ў Слуцку.

Веру, што наступны прэзыдэнт будзе любіць Беларусь і ня зблытае Ф.Скарыну і Пецярбург і ня стане захапляцца Гітлерам.

Веру, што будуць знойдзеныя і пакараныя забойцы зьніклых палітыкаў.

Веру, што Беларусь устане з каленяў.

Веру ў сьветлае і чыстае каханьне, узаемадапамогу і сяброўства.

Веру, і гэтая вера дапамагае мне жыць і змагацца за свабоду і справядлівасьць.

Адзінай мэты не зракуся, І сэрца мне не задрыжыць, Як жыць, дык жыць для Беларусі, А без яе зусім ня жыць.

Іна Кебікава скончыла філялягічны факультэт пэдагагічнага ўнівэрсытэту. Падчас вучобы вяла моладзевы дыскусійны клюб, арганізоўвала сустрэчы пісьменьнікаў са студэнтамі, брала ўдзел у навучальных трэнінгах і сэмінарах. Цяпер прымае актыўны ўдзел у выбарах у мясцовыя Саветы, за што была звольненая са школы, дзе Іна выкладала ангельскую мову. Любіць падарожнічаць па гістарычных мясьцінах Беларусі. Жыве ў старажытным мястэчку Янавічы на Клеччыне.


Ці верыце Вы ў нешта? Што дапамагае Вам жыць? Як і чаму Вы прыйшлі да сваіх перакананьняў? Вашы каштоўнасьці і прынцыпы могуць натхніць іншых, сёньня і ў будучыні, у Беларусі і за мяжой. Раскажыце, ў што верыце Вы!

Пішыце на адрас у Беларусі: П/С 111 Менск 220005, у Чэхіі: П/С 44 Vinohradska 1, Praha 110 00

E-Mail: svaboda@rferl.org

Тэлефон-аўтаадказьнік у Менску: 266 39 52
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG