Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Што чакае студэнтаў, якія вучацца за мяжой і не служылі ў войску?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Чарговы прызыў у беларускае войска адметны больш жорсткім падыходам да юнакоў, якія не адслужылі і вучацца ў замежных ВНУ без афіцыйнага дазволу ўладаў. Ці законна гэтых маладых людзей лічыць “ухілістамі”?

Паводле прэсавай службы міністэрства абароны, летась у ваенкаматах вялі болей за сто вышуковых спраў на тых, хто паводле розных прычын ухіляўся ад вайсковай службы. Сёлета становішча зьмянілася. Але “ўхілістаў” ня стала меней – проста іх пошукам цяпер займаецца іншая ўстанова, патлумачыў кіраўнік прэсавай службу міністэрства Вячаслаў Раменчык.

(Раменчык: ) “Мы зараз не вядзем ўлік “ухілістаў”, бо гэта ўжо ня наша функцыя. Яна перададзеная міністэрству ўнутраных спраў”.

Сапраўды, паводле паправак у Крымінальны кодэкс ухіленьне ад вайсковай службы зараз лічыцца крымінальным злачынствам, і таму міліцыя сама мае права шукаць такіх юнакоў, заводзіць на іх крымінальныя справы. Як гэта робіцца?

Цытую допіс у рэдакцыю: “Да нас прыйшлі міліцыянты, назвалі злачынцам сына, які зьехаў вучыцца за мяжу, і паабяцалі, што яго знойдуць з дапамогай Інтэрполу ды прывязуць дамоў у кайданках”. Гэтак паведаміла жанчына са Сьветлагорску. Асаблівасьць справы ў тым, што хлопца выключылі зь дзяржаўнай ВНУ за ўдзел у апазыцыйных акцыях. Цяпер ён вучыцца за мяжой, але бацькі не выключаюць – супраць юнака сапраўды завялі крымінальную справу.

Паводле кіраўніка прэсавай службы МУС Алега Сьлепчанкі, распачаць на студэнта-прызыўніка справу за ўхіленьне ад службы можна ў выпадку, калі не прадстаўлена дакумэнтальнае пацьверджаньне вучобы. Зараз якраз час для гэтага, і міліцыянт раіць паклапаціцца, каб адправіць у Беларусь усё неабходнае. Што да пошуку ўхілістаў праз Інтэрпол, то, на думку спадара Сьлепчанкі, праз гэтую ўплывовую міжнародную арганізацыю шукаюць толькі падазроных ў цяжкім і вельмі цяжкім крымінальным злачынстве.

Да якога ўзросту прызыўнік можа падпасьці пад крымінальную адказнасьць за ўхіленьне ад службы? Маці жыхара Менска студэнта М, які ўжо чатыры гады вучыцца ў ЗША, непакоіцца: што будзе з яе сынам, калі той вернецца ў Беларусь з амэрыканскім дыплёмам?

(Жанчына: ) “Калі вернецца, яму ўжо будзе 27 гадоў, і я непакоюся, а раптам высьветліцца, што на яго заведзеная крымінальная справа. Што з гэтым рабіць? “

У Беларусі няма афіцыйных дадзеных пра колькасьць патэнцыйных прызыўнікоў, якія навучаюцца за мяжой. Між тым паводле неафіцыйных падлікаў такіх маладзёнаў болей як за тысячу. Супрацоўнік рэспубліканскай пракуратуры Міхаіл Вавула патлумачыў, што да спаўненьня 28 гадоў малады мужчына лічыцца прызыўніком, і калі будзе даказана, што ён ўхіляецца ад службы, крымінальную справу сапраўды могуць завесьці. Прычым справу не закрыюць і пасьля таго, як ўхілісту споўніцца болей за 28 гадоў. Паводле кодэксу, найбольшае пакараньне за ўхіленьне ад службы – два гады зьняволеньня, але ў асобных выпадках пакараньне прадугледжанае больш жорсткае, паведаміў спадар Вавула.

(Вавула: ) “Сымуляцыя хваробы, падробка дакумэнтаў ці іншы падман караюцца пяцьцю гадамі зьняволеньня ці абмежаваньня волі”.
XS
SM
MD
LG