Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня уручаць Нацыянальныя прэміі ў галіне правоў чалавека


Любоў Лунёва, Менск Сёньня адбудзецца ўручэньне Нацыянальных прэмій у галіне абароны правоў чалавека за 2006 год. У намінацыі “За асабістую мужнасьць пры абароне правоў чалавека” узнагародзяць абаронцаў нямётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы, лідэра “Маладога фронту” палітвязьня Зьмітра Дашкевіча, палітвязьня Аляксандра Казуліна, бабруйскую актывістку незалежнага прафсаюзу Алену Захожую, а таксама вернікаў пратэстанцкай суполкі “Новае жыцьцё”, удзельнікаў галадоўкі

Сябры аргкамітэту “Хартыі’97” паведамілі “Свабодзе”, што колькасьць ляўрэатаў прэміі за 2006 год можа быць значна большай, бо тысячы грамадзянаў удзельнічалі ў сакавіцкіх падзеях і паводзілі сябе мужна. Узнагароджваюцца ўсе ўдзельнікі намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы.

Намёты стаялі ад 20 да 24 сакавіка. Людзі патрабавалі правядзеньня свабодных дэмакратычных прэзыдэнцкіх выбараў. Сотні людзей былі арыштаваныя за спробу пранесьці ўдзельнікам акцыі харчы, гарачую каву, цёплыя рэчы. Удзельнікі акцыі адбывалі пакараньні ў турмах Менску і Менскай вобласьці.

Гаворыць сябра аргкамітэту “Хартыі’97” Зьміцер Бандарэнка:

(Бандарэнка:) “У розныя гады ляўрэатамі станавіліся вядомыя мужныя беларусы – гэта й Мікола Статкевіч, Сяргей Скрабец, журналісты, у тым ліку, “Радыё Свабода”, “Народнай Волі”… Беларусі ёсьць кім ганарыцца”.

25 сакавіка, праз дзень пасьля ліквідацыі намётавага лягеру, улады арыштавалі экс-кандыдата на пасаду прэзыдэнта Аляксандра Казуліна. На праспэкце Дзяржынскага салдаты ўнутраных войскаў і спэцназ міліцыі жорстка разагналі акцыю. Дагэтуль застаецца невядомай дакладная колькасьць забітых і параненых. Аляксандра Казуліна абвінавацілі ў хуліганстве, арганізацыі масавых беспарадкаў і пакаралі зьняволеньнем на 5 гадоў. Палітык трымаў у турме галадоўку, патрабуючы разгляду ў Радзе Бясьпекі ААН сытуацыі з парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі. Прэмію атрымае Ірына Казуліна, жонка палітвязьня.

(Казуліна:) “Тое, што я туды прыйду, замест свайго мужа… Ну, такія ўжо ў нас традыцыі. Летась атрымлівалі прэмію Аляксандра Скрабец, Валянціна Статкевіч і Тацяна Клімава. У такіх сем’ях побач з такімі прыгожымі і годнымі жанчынамі, такія мужчыны”.

Бацькі Зьмітра Дашкевіча атрымаюць прэмію свайго сына. Зьмітра пакаралі зьняволеньнем на паўтара году за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, паводле дадатковага артыкулу Крымінальнага кодэксу. Зьміцер і ў няволі застаецца лідэрам “Маладога фронту”.

Алена Захожая, супрацоўніца бабруйскага прадпрыемства “Белшына” 43 дні трымала галадоўку на знак пратэсту супраць парушэньня правоў незалежнага прафсаюзу з боку адміністрацыі. Яна сёньня будзе ўдзельнічаць на цырымоніі ўручэньня прэміі.

Пастар пратэстанцкай суполкі “Новае жыцьцё” Вячаслаў Ганчарэнка атрымае прэмію, якой узнагародзілі ўсіх удзельнікаў галадоўкі з патрабаваньнем вярнуць храм вернікам.

(Ганчарэнка:) “Канешне, нам прыемна, што нас заўважылі і паставіліся, як да людзей, якія змагаюцца за праўду і адстойваюць свае правы. Мы ўдзячныя Богу за тую веру, без якой мы б ня здолелі супрацьстаяць няпраўдзе”.

Ляўрэатамі прэміі ў галіне абароны правоў чалавека ад 1998 году станавіліся вядомыя ў краіне грамадзкія дзеячы, журналісты, жонкі зьніклых журналіста і апазыцыянэраў, музычныя гурты і гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа.

Сябры аргкамітэту “Хартыі’97” пакуль не паведамляюць, хто асабіста будзе атрымліваць прэмію, якой узнагародзілі сотні ўдзельнікаў намётавага лягеру. Гэта стане вядома ў 12 гадзінаў, калі пачнецца цырымонія ўручэньня прэміі.
XS
SM
MD
LG