Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На дзесяцігодзьдзе Палаты дэпутатаў групы "Рэспубліка" не запрасілі


Уладзімер Глод, Менск Сёньняшняе пленарнае паседжаньне ў Палаце прадстаўнікоў будзе ня толькі разьвітальным да вясны наступнага году. 20-га сьнежня дэпутаты-“палатнікі” адсьвяткуюць і дзясятыя ўгодкі ўтварэньня цяперашняга беларускага парлямэнту, легітымнасьць якога да гэтага часу не прызнаецца міжнароднымі структурамі. Але на сьвяткаваньне не запрасілі дэпутатаў групы "Рэспубліка" ў папярэднім скліканьні.

Палата прадстаўнікоў ўзьнікла пасьля лістападаўскага, 1996 году, рэфэрэндуму. Яна замяніла дзейны на той час Вярхоўны Савет 13-га скліканьня. Заслужаны юрыст Беларусі Мечыслаў Грыб -- дэпутат таго Вярхоўнага Савету – дагэтуль лічыць стварэньне Палаты справай незаконнай ды нелегітымнай:

(Грыб: ) "Той рэфэрэндум праходзіў зь вельмі грубымі парушэньнямі беларускага заканадаўства, пачынаючы ад Канстытуцыі і канчаючы іншымі законамі. Потым сабралі 101 дэпутата, якія прынялі рашэньне аб роспуску Вярхоўнага Савету. Гэтае рашэньне ня лезе ні ў якія рамкі, бо распусьціць Вярхоўны Савет можна было толькі канстытуцыйнай бальшынёй -- двума трацінамі. А нас тады было абрана 199 дэпутатаў. Далей -- вынікі рэфэрэндуму зацьвердзіў прэзыдэнт. А згодна з Канстытуцыяй гэта мог зрабіць толькі Вярхоўны Савет. Таму я не лічу Палату прадстаўнікоў ні законнай, ні паўнамоцнай. Я пра гэта і казаў, і пісаў. І да сёньняшняга дня ніхто мяне не пераканаў у адваротным".

Спадар Грыб згадвае, што функцыі і паўнамоцтвы Вярхоўнага Савету 12 і 13 скліканьняў былі значна шырэйшымі. Цяперашняя Палата, гаворыць ён, ператварылася ў нейкі штампавальны канвэер для заканадаўчых праектаў прэзыдэнта й ураду:

(Грыб: ) "Таму што ўсе яны залежаць ад выканаўчай улады, перадусім ад прэзыдэнта. І ўсе сядзяць там, як мышы пад венікам, аглядаюцца: а што я там сказаў, можа не на таго паглядзеў, можа ня так прагаласаваў, і як гэта ўсё мне адгукнецца? Калі нас абіраў народ, выбарцы, дык іх фактычна прызначае ўлада. І яны пра гэта ведаюць. Хто прызначыў -- таму і сьпяваюць песьню. Як кажуць, на чыім возе едзеш, таму й песьню сьпявай".

Іншадумствам вызначаліся хіба што Валеры Фралоў, Сяргей Скрабец, Уладзімер Парфяновіч ды некаторыя іншыя дэпутаты, якія стварылі групу "Рэспубліка" ў Палаце прадстаўнікоў мінулага скліканьня. Спачатку ў ёй было амаль 15 чалавек. Але потым, калі ўлады націснулі, некаторыя адышлі ўбок распавядае Сяргей Скрабец:

(Скрабец: ) "Каб патрапіць у наш парлямэнт, патрэбна ўзгадненьне кандыдатуры з Лукашэнкам. Іншы туды ніколі не патрапіць. Тут трэба чэсна сказаць, што і нас у свой час зь ім узгаднялі. Але потым мы сталі ворагамі, паколькі адмовіліся прыслужваць уладзе. З-за гэтага мы і не патрапілі ў Палату цяперашняга скліканьня".

Са словаў Уладзімера Парфяновіча, на сёньняшняе сьвята з былых "рэспубліканцаў" запрасілі чамусьці толькі аднаго Ігара Баслыка. У ЗША на сталае месца жыхарства пераехаў Іван Пашкевіч. А Генадзь Дылеўскі ды Мікалай Скутаў, якія, паводле Сяргея Скрабца, вымушаныя былі пад ціскам перапыніць сваё сяброўства ў групе "Рэспубліка", цяпер знаходзяцца за кратамі.

У дзейным складзе Палаты прадстаўнікоў рэдка гучаць крытычныя словы. Пераважна Віктар Кучынскі часам спрабуе неяк ускалыхнуць сваіх калегаў. Як прыкладам, гэтым разам:

(Кучынскі: ) "Авальная заля, дзе мы знаходзімся, гэта ўнікальнае месца. Мы тут прадстаўляем інтарэсы як сваіх выбарцаў, так і суб''ектаў гаспадараньня. А гэта значыць, эканамічныя інтарэсы ўсёй нашай краіны. І вось у мяне ўзьнікае пытаньне: што рашае закон, які мы з вамі сёньня прымем? Нічога".

Аднак звычайна на такія выступы рэагуе толькі сьпікер Уладзімер Канаплёў. І заўсёды адным і тым жа сказам:

(Канаплёў: ) "Дзякуй за цікавы выступ".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG