Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Харчы як спосаб нанесьці псыхалягічную шкоду


Юлія Шарова, Менск Агляд недзяржўнай прэсы за 20 сьнежня

Журналістка “Газеты Слонимской” Вольга Шынкевіч вымушаная была даваць тлумачэньні ў пракуратуры пасьля таго, як яе зьвінавацілі ў нанясеньні псыхалягічнай шкоды 80-гадовай жыхарцы Слоніма бабе Надзі. У пачатку кастрычніка нехта патэлефанаваў у рэдакцыю газэты і распавёў пра самотную старую, якой ніхто не дапамагае ў жыцьці. Журналістка завітала да старой, прынесла ёй харчы і зрабіла матэрыял пра жанчыну, пасьля чаго да яе сталі прыходзіць розныя людзі й дапамагаць харчамі ды іншымі рэчамі. Але аднойчы да бабы Надзі завіталі работнікі сацыяльнай службы і жанчына засьцераглася, што яе могуць забраць у дом састарэлых. Гэты візыт так узрушыў бабу Надзю, што яна паскардзілася на журналістку.

“Бобруйский курьер” у сьвежым нумары піша пра мясцовыя здарэньні. Апавядае журналіст Віктар Качан.

(Качан: ) “У часе пракладкі кабэля прадпрыемствам “Белэлектрамантаж” адбыўся прарыў цеплатрасы. Безь цяпла засталіся 52 жылых шматпавярховых дома, шэсьць дзіцячых садкоў, дзьве школы, дзіцячая лякарня, будынкі чыгункі й аўтавакзала. К дванаццатай гадзіне ночы толькі зрабілі цяпло. Гэта шэсьць гадзінаў”.

А ў “Камсамолцы” можна прачытаць пра тое, што звычайныя грамадзяне абвясьцілі вайну вытворцам і прадаўцам сурагатнага алькаголю. Так, жыхар вёскі Запольле Івацэвіцкага раёну адправіў ліст ў мясцовае аддзяленьне міліцыі разам са схемай самагонных кропак у ягонай роднай вёсцы. Супрацоўнікі міліцыі выправіліся ў рэйд. Уся інфармацыя пра самагоншчыкаў пацьвердзілася. Але ж аднавяскоўцы называюць аўтара ліста ў міліцыю здраднікам. Яшчэ адзін пункт самагонаварэньня выкрылі ў менскім мікрараёне Ўручча, таксама паводле інфармацыі звычайных грамадзянаў. Увогуле ж толькі на гарачую лінію менскай гарадзкой міліцыі паступіла за апошнія месяцы каля двух сотняў паведамленьняў пра незаконную рэалізацыю алькагольнай прадукцыі.
XS
SM
MD
LG