Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У нашай краіне не адчуваецца, што беларуская мова – нашая".


Альгерд Невяроўскі, Менск Аляксандар Лукашэнка ўзьняў тэму важнасьці беларускай мовы ў сучасным грамадзтве. Учора, падчас нарады з рэспубліканскай радай рэктараў ВНУ, ён назваў ненармальнай сытуацыю, калі ў школах адзін урок беларускай мовы на тыдзень і шэсьць урокаў ангельскай. “Трэба ведаць перадусім сваю родную мову, — рэзюмаваў Лукашэнка й дадаў: — Дзеці ў Беларусі ўжо ўвогуле не разумеюць на тэлебачаньні перадачаў на беларускай мове, не чытаюць газэт па-беларуску”. Ці патрэбнае пашырэньне вывучаньня беларускай мовы ў школах, за кошт якіх прадметаў, і ці верыце вы ў шчырасьць намераў кіраўніка дзяржавы? Гэтыя пытаньні людзям на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт

(Хлопец: ) “ Лічу, што трэба павялічыць колькасьць урокаў беларускай мовы. Напрыклад, коштам урокаў расейскай мовы, але лепш расейскай літаратуры. Таму, што беларуская мова – нашая народная, а расейская мова, толькі другая дзяржаўная”.

(Спадар: ) “ У шчырасьці сумняюся. Але беларускую мову сапраўды трэба вучыць, не менш за ангельскую. А коштам якіх прадметаў? У тэхнічных ВНУ можна зьменшыць колькасьць гадзінаў псіхалёгіі, філязофіі. А ў школах зрабіць дадатковыя заняткі па роднай мове”.

(Спадарыня: ) “ Я лічу, што калі мы жывем на зямлі Беларусі, то павінны ведаць беларускую мову. Але праблема ў тым, што ў нас навокал ніхто не гаворыць па-беларуску. І гэта асноўная прычына. У сям’і дзеці гавораць з бацькамі па-расейску. І ад таго, што нават калі ім у школе павялічыць гадзіны беларускай мовы, не думаю, што гэта дапаможа”.

(Карэспандэнт: ) “ Ці трэба павялічваць у школе гадзіны беларускай мовы, коштам якіх прадметаў, і ці верыце вы ў шчырасьць намераў кіраўніка дзяржавы?”

(Студэнт: ) “ У шчырасьць намераў верым. Мы вучымся ў Акадэміі мастацтваў. Беларускую мову паважаем, гадзінаў нам хапае, але скарачаць гадзіны нашых спэцыяльных прадметаў за кошт беларускай мы б не згадзіліся”.

(Спадар: ) “ У нас школа была беларускамоўная. Але ж я лічу, што ў нашай краіне не адчуваецца, што беларуская мова – нашая. Усё зьмешана, расейскай мовы вельмі шмат. І такое адчуваньне, што беларуская мова застаецца нейкім дадаткам”.

(Спадарыня: ) “ Не бачу сэнсу. Бо мова гэта сродак зносінаў паміж людзьмі. І ўвогуле было б вельмі добра мець адну мову на ўсёй плянэце”.

(Дзяўчына: ) “ Думаю, што трэба пашыраць беларускую мову. Наконт шчырасьці я нічога не магу сказаць. Каб была беларуская мова, беларускае чытаньне, гісторыя Беларусі”.

(Спадар: ) “ За кошт нейкіх грамадзкіх навук трэба пашыраць беларускую мову. Я думаю горш ад гэтага не будзе”.
XS
SM
MD
LG