Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 19 сьнежня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва.

На форумах парталу TUT.by сёньня абмяркоўваюць выказваньне Лукашэнкі: тэставаньне не дазваляе ўлічыць усіх якасьцяў абітурыента. Такую заяву кіраўнік краіны зрабіў у аўторак у часе сустрэчы з Рэспубліканскай радай рэктараў. Рэакцыя ўдзельнікаў форумаў:

“Выснова – да новых экзамэнаў чарговы раз усё памяняюць, ізноў будуць “жастачайшыя” захады і павялічыцца колькасьць студэнтаў зь сялянаў. ЗА стабільнасьць!”

“Гэта ўсё пры тым, што існуючыя правілы прымаліся прыкладна на 5 гадоў... Ці ён сам запамятаваў, што казаў колькі месяцаў таму?”

“Тэставаньне ўсё ж ёсьць найбольш аб’ектыўнай формай ведаў. Па ўсёй верагоднасьці, робіцца ўсё цяжэй прымаць у ВНУ ідэалягічна граматную моладзь з правінцыі, якая ня мае неабходных профільных ведаў. Цераз тэставаньне ў ВНУ пралазяць розныя “гарадзкія-гімназійныя”, а потым узімку па плошчах мерзнуць, а дзяржава кармі іх...”

“Першая разумная думка за столькі год… Але адразу, калі ўкаранялі схемы з тэставаньнем, не маглі скеміць?”

На сайце Гарадзенскі блог зьявіўся допіс “КДБ сочыць за гістарычнымі помнікамі?” Вось пра што ў ім гаворыцца: “Аднакурсьнікі вырашылі зладзіць вандроўку ў Горадню, па месцах гістарычных пахадзіць ды ўвогуле разьняволіцца. Каб сабраць масоўку, павесілі абвестку на гістарычным факультэце БДУ ў Менску. Прыяжджаюць, ходзяць па касьцёлах ды цэрквах, і вырашылі яны каля мосту адпачыць. Глядзяць – а непадалёк мужык з камэрай ходзіць. І гэтак нахабна іх здымае. Карацей, вырашылі не зьвяртаць на яго ўвагі і пайшлі ў сынагогу. Выходзяць – а ім насустрач маёр КДБ і людзі ў цывільным. Добры дзень, як маецеся, хто, адкуль, дакумэнцікі... Дасталі яны свае дакумэнты, студэнцкія і залікоўкі, а хто й пашпарціну. Нехта... іх усіх перапісаў. А потым маёр кажа: “Прыемнага адпачынку”.

У суполцы Жывога журналу minsk_by Themech апавядае пра гарадзкое здарэньне: у раёне 22 гадзінаў вечара насупраць спартовага цэнтру “Алімп” вельмі прыгожа гарэў аўтамабіль, меркаваная марка БМВ. Шчасьлівы ўладальнік аўто скакаў вакол, размахваючы крыламі. Вогнетушыльніка ў яго, мяркуючы па ўсім, не знайшлося. На дапамогу пакутніку выйшаў кіроўца рэйсавага аўтобуса, са сваім вогнетушыльнікам. Аўтобуснага вогнетушыльніка хапіла сэкундаў на пяць, што на маштабах пажару ніяк не адбілася. Хвіліны праз тры прыбыў бравы пажарны разьлік, які хутка і прафэсійна пазбавіў сабраны ўжо натоўп фэерычнага відовішча… Таварышы аўтааматары! Не давярайце ўстаноўку аўтасыгналізацыяў ды іншай падкапотнай электронікі “гаражным самадзелкіным”! Вось што з гэтага атрымліваецца…”

Літаратар Павел Анціпаў піша ў сваім блогу пра гаваркое менскае мэтро: “Пакуль едзеш з Усходу да Інстытуту культуры, разумееш, наколькі камунікабэльнае менскае мэтро. Апроч таго, што дыктар па некалькі разоў абвяшчае станцыі, ён яшчэ:

– на Ўсходзе павіншуе з Новым годам і Калядамі, пажадае ўсяго найлепшага;

– на Маскоўскай нагадае словы незабыўнага Інвалідава пра тое, што трэба саступаць месцы пасажырам зь дзецьмі й людзям старэйшага ўзросту;

– на Парку Чалюскінцаў засьцеражэ ад кішэнных крадзяжоў;

– на Плошчы Перамогі зноў скажа, што няблага было б саступіць месца людзям сталага веку;

– а на Кастрычніцкай ізноў нагадае пра кішэнныя крадзяжы…

Але і сказаць, што нашае мэтро занадта балбатлівае, таксама нельга: на плошчах Якуба Коласа, Леніна й на Акадэміі навук яшчэ засталося месца для вашай рэклямы”.

* * * Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG