Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня – 100 гадоў з дня нараджэньня Леаніда Брэжнева


Юры Дракахруст, Прага Сёньня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэньня Леаніда Брэжнева, які кіраваў Савецкім Саюзам з 1964 па 1982 год. Паводле апытаньняў, шмат людзей у краінах – былых рэспубліках СССР – прыгадваюць той час як "залаты век".

Паводле апытаньня, праведзенага ў Расеі ў 2005 годзе, 31% расейцаў хацелі б жыць у брэжнеўскі час. Цяперашняму часу – часу праўленьня Ўладзімера Пуціна – аддалі перавагу 39%, а часу Барыса Ельцына – толькі 1%. У апытаньні, праведзеным у Беларусі ў 2004 годзе, на пытаньне, хто з палітычных дзеячоў адпавядае вашаму ідэалу палітыка, Брэжнева назвалі 13%, ён апярэдзіў як Сталіна зь Леніным, гэтак і князя Вітаўта з Ільвом Сапегам.

Шмат людзей у розных краінах – былых рэспубліках СССР – лічаць час праўленьня Леаніда Брэжнева “залатым векам”.

Прыгадвае жыхарка Татарстану:

(Жыхарка Татарстану: ) “18 гадоў пры Брэжневу былі спакойным часам. Савецкія людзі маглі спакойна працаваць ува ўсіх савецкіх рэспубліках. Не было ані жалезных дзьвярэй, ані кратаў на вокнах. Калі маладыя людзі ішлі ў войска, яны танчылі і сьпявалі. Гэта быў час не стагнацыі, а стабільнасьці”.

А гэты жыхар Казахстану кажа, што дагэтуль застаўся камуністам:

(Жыхар Казахстану: ) “Сёньня адзін квадратны мэтар жытла каштуе 2500 даляраў, а тады было інакш. Калі я прыехаў у Алма-Ату з правінцыі, я атрымаў чатырохпакаёвую кватэру, не заплаціўшы ні капейкі”.

Для гэтай жыхаркі Набярэжных Чаўноў той час быў нават раем:

(Жыхарка Набярэжных Чаўноў: ) “Так, я сумую па тым часе. Ува ўсіх тады была будучыня, усе маглі езьдзіць у адпачынак. Мэдычнае абслугоўваньне, адукацыя былі бясплатныя. Кожны мог атрымаць кватэру, крыху пачакаўшы. Гэта быў рай”.

Жыхар украінскага Днепрапятроўску, непадалёк ад якога і нарадзіўся Леанід Брэжнеў, з сумам прыгадвае тагачаснае жыцьцё:

(Жыхар Днепрапятроўску: ) “Пры Брэжневу застольлі, п’янства былі дазволеныя. Нейкае сьвята, нават дзень Парыскай камуны – мы зьбіраліся, зьбіралі на працы на стол. Увесь час у нас было як бы сьвята”.

Чаму? Чаму час, які пры канцы 1980-х успрымаўся як пара застою і безнадзейнасьці, як маразм, як пэрыяд бясконцых чэргаў і дэфіцыту, цяпер шмат хто параўноўвае з раем.

Па-першае, магчыма, усё пазнаецца ў параўнаньні. У гады перабудовы здавалася, што, адрынуўшы мінулае, людзі будуць жыць, як раней, толькі лепш. Распад СССР і крах камунізму зрабіў жыцьцё шмат для каго горшым, а для ўсіх – іншым. Людзі забыліся пра дэфіцыты і чэргі, але спазналі нястачу грошай, перад імі адкрыліся магчымасьці, але і абавязак круціцца, рызыкаваць, свабода, хай і абмежаваная, аказалася зусім ня раем.

З другога боку, менавіта пры Брэжневу людзі пачалі перасяляцца з камуналак у хрушчобы, расьлі заробкі, дарэчы, менавіта ў тыя гады Менск рос самымі вялікімі тэмпамі ў сьвеце пасьля Мэхіка. Дарэчы, вось фрагмэнт з выступу Брэжнева ў 1968 годзе ў Менску, на сьвяткаваньні юбілею кампартыі Беларусі.

(Брэжнеў: ) “Дарагія сябры! Беларусь была ўрачыста абвешчаная савецкай рэспублікай у першы дзень студзеня. Нібыта сама гісторыя паклапацілася пра тое, каб такім чынам ярчэй адзначыць вялікі рубеж, зь якога беларускі народ пачаў свой сацыялістычны адлік гадоў”.

Менавіта на тыя гады прыпаў пік пашырэньня савецкага ўплыву ў сьвеце – у пэўным сэнсе савецкая імпэрыя распасьціралася тады ад Гаваны да Ханою. Як гаварылася ў анэкдоце пра Брэжнева: “Нам нужен мир. Желательно весь”. І ўсё ж крызісы тыпу кубінскага, які паставіў сьвет на мяжу ядзернай катастрофы , больш не паўтараліся – пры Брэжневу былі заключаныя дамовы аб абмежаваньні ядзерных узбраеньняў.

Час татальнага сталінскага тэрору застаўся ў мінулым, хаця і пры Брэжневу дзясяткі людзей траплялі ў лягеры і вар’ятні, у 1968 годзе Савецкі Саюз вайсковай сілай спыніў працэс рэформаў у Чэхаславаччынне, а ў 1979 годзе ўварваўся ў Аўганістан.

Тагачасны дабрабыт, вельмі адносны і сьціплы, забясьпечваўся неймаверна высокімі цэнамі на нафту – нафтадаляры дазвалялі заткнуць дзіркі ў эканоміцы, якая рабілася ўсё больш неэфэктыўнай і неканкурэнтаздольнай.

Жахлівая камуністычная ідэя, якая раней натхняла мільёны людзей, памерла менавіта на працягу гэтых гадоў. Вышэй быў урывак з выступу Брэжнева у 1968 годзе, а вось для кантрасту фрагмэнт зь яго прамовы на XXVI з’ездзе КПСС у 1981 годзе.

(Брэжнеў: ) “Адзінства савецкіх нацыяў сёньня мацнейшае, чым калі-небудзь”.

Узроставае амаразмленьне лідэра было нібыта ілюстрацыяй амаразмленьня ўсёй сацыяльнай, палітычнай і эканамічнай сыстэмы.

Колькі анэкдотаў спарадзілі апошнія гады кіраваньня Брэжнева! Старэйшае пакаленьне памятае. 1980 год. Алімпіяда ў Маскве. Брэжнеў на трыбуне. Пачынае прамову: “О-о-о-о!” Шэпт рэфэрэнта: “Леанід Ільіч, тэкст ніжэй, гэта эмблема”.

Дух сыстэмы памёр менавіта тады, і менавіта таму так лёгка ў 1991-м памерла яе цела.

Але праз пэўны час забываюцца чэргі і трызьненьне афіцыйнай прапаганды, ўсёвідушчае вока КДБ і замежныя авантуры, прыгадваецца найлепшае.

Неяк знакаміты актор Аркадзь Райкін выступаў перад Брэжневым, а потым, уганараваны размовай з правадыром, паскардзіўся на нейкія недарэчнасьці жыцьця. Леанід Ільіч, паляпаўшы актора па плячы, мудра заўважыў: “Аркаша, логики не ищи”.
XS
SM
MD
LG