Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пахавалі Івана Навуменку (фота)


Іна Студзінская, Менск Сёньня ў Менску разьвіталіся з народным пісьменьнікам Беларусі акадэмікам Іванам Навуменкам. Пахаваны ён на Кальварыйскіх могілках, побач з жонкай Ядвігай. Іван Навуменка памёр 17 сьнежня на 82-м годзе жыцьця.

Сотні людзей з кветкамі прыйшлі сёньня ў кватэру па вуліцы Карла Маркса, 36, дзе жыў Іван Навуменка, каб разьвітацца з пісьменьнікам.





Грамадзянскую паніхіду на Кальварыйскіх могілках вёў намесьнік старшыні прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Анатоль Лесьніковіч. Першым слова ўзяў акадэмік-сакратар аддзяленьня гуманітарных навук і мастацтваў Акадэміі навук Пётар Нікіценка.

(Нікіценка: ) “Іван Якаўлевіч пайшоў зь зямнога жыцьця, але засталася ягоная багатая мастацкая й навуковая спадчына. Засталіся вучні. Засталася памяць пра выдатнага чалавека, грамадзяніна, які аддаў усе свае сілы справе служэньня радзіме і ўсяму беларускаму народу. Хай пухам будзе яму беларуская зямля”.

Слова бярэ дэкан філялягічнага факультэту Белдзяржунівэрсытэту прафэсар Іван Роўда:

(Роўда: ) “У памяці тых, хто добра ведаў Івана Якаўлевіча, гэты чалавек найперш застанецца як чалавек магутны. Магутны ўва ўсім: магутны сваёй постацьцю, магутны сваімі творамі, магутны сваёй навуковай дзейнасьцю, магутны як чалавек дзяржаўны. І мы ганарымся тым, што Іван Навуменка працаваў у нашым унівэрсытэце”.

Гаворыць паэт Мікола Аўрамчык:

(Аўрамчык: ) “Вось ён перад намі, узор беларуса: статны, высокі, мажны, прыгожы й сумленны. Дарагі Іван! Ня думалася мне, што прыйдзецца амаль кожнага з вас, нашых першых “маладосьцеўцаў”, праводзіць у апошні шлях. Мы будзем помніць цябе заўсёды. Хай будзе табе пухам наша родная беларуская зямля”.

Пісьменьнік Генрых Далідовіч ў 1960-я гады вучыўся на філфаку ў Івана Навуменкі.

(Далідовіч: ) “Адышлі ад нас у апошні час Быкаў, Шамякін, Янка Брыль. І вось цяпер яшчэ адной глыбы ня стала. Некалі Леў Талстой, калі пачуў пра сьмерць Дастаеўскага, сказаў: “Як мне стала страшна: адвалілася ад нас штосьці вялікае”. Адсутнасьцю Івана Якаўлевіча адвальваецца вельмі многа ад нашай беларускай нацыі, калі вельмі цяжка з мовай, цяжка з культурай, увогуле з нацыяй цяжка. Мы страчваем яшчэ адну асобу”.



Івана Навуменку пахавалі на Кальварыйскіх могілках з ваенным ушанаваньнем, салютам.











XS
SM
MD
LG