Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка: “Трэба ведаць перадусім сваю родную мову”


Ігар Карней, Менск Аляксандар Лукашэнка ўзьняў тэму важнасьці беларускай мовы ў сучасным грамадзтве. Сёньня на нарадзе з рэспубліканскім саветам рэктараў ВНУ ён назваў ненармальнай сытуацыю, калі ў школах адзін урок беларускай мовы на тыдзень і шэсьць урокаў ангельскай. “Трэба ведаць перадусім сваю родную мову, — рэзюмаваў Лукашэнка й дадаў: — Дзеці ў Беларусі ўжо ўвогуле не разумеюць на тэлебачаньні перадачаў на беларускай мове, не чытаюць газэт па-беларуску”.

Многія прадстаўнікі нацыянальна арыентаванага асяродку ня вераць, што Лукашэнка сапраўды возьмецца вырашаць праблему беларускай мовы. Гаворыць дырэктар закрытага ўладамі нацыянальнага коласаўскага ліцэю Ўладзімер Колас:

(Колас: ) “Ужо чыя б карова мычала, як кажуць у такіх выпадках. Гэты чалавек і сыстэма, якая будавалася пад яго кіраўніцтвам, зрабілі нямала, каб адкруціць назад час, каб вярнуць статус беларускай мовы й нацыянальную тоеснасьць, гістарычную памяць нават далей, чым яна была пры канцы 1980-х, ад якіх пачалася хваля нацыянальнага Адраджэньня.

Зь іншага боку, добра, што да чалавека нарэшце даходзіць, бо ён сам прадукт той сыстэмы, якая вынішчала гэтыя каштоўнасьці з галоваў і душаў людзей. Добра, што жыцьцё яго ставіць перад неабходнасьцю паважаць гэтыя каштоўнасьці. У прынцыпе, калі ён пакаецца, гэта можа быць нават зразумета”.

Паводле былой вясковай настаўніцы, пэнсіянэркі Ларысы Казлоўскай, цяперашняя дзяржаўная палітыка ніяк не падмацоўваецца прыкладамі, якія б сьведчылі пра іншае стаўленьне да роднай мовы.

(Казлоўская: ) “Мы ніяк ня хочам быць беларусамі... А я перакананая, што трэба ў першую чаргу паўводзіць за правіла, каб у вялікіх гарадах, у сталіцы перадусім, былі беларускія школы. Каб нарэшце нешта зьявілася сваё роднае. А то дажыліся, што ў Менску фактычна ніводнай школы беларускай няма! Дык адкуль тая будзе Беларусь! Неяк у праграме “Поле цудаў” паказвалі: прыехала малая дзяўчынка з Украіны. Дык яна ўстала й так засьпявала песьню па-ўкраінску! Дык гэта дзіця малое! А нашы на што здатныя?!”

Сёньня Аляксандар Лукашэнка абурыўся, што ігнараваньне беларускай мовы прывяло да нэгатыўных наступстваў: маўляў, беларускія дзеці ўжо не разумеюць, калі перадачы на тэлебачаньні выходзяць па-беларуску. Камень у свой агарод кіраўніцтва Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі не прымае. Старшыня кампаніі Аляксандар Зімоўскі сьцьвярджае, што выбар мовы — на сумленьні аўтараў.

(Зімоўскі: ) “Мы б вельмі хацелі мець кінапаказ на беларускай мове, але, на жаль, гэта старыя стужкі кінастудыі “Беларусьфільм”. Сучасныя сэрыялы пакуль не здымаюцца на беларускай мове — хоць, можа быць, хтосьці захоча такі экспэрымэнт ажыцьцявіць. Навіны ў нас выходзяць дзьвюхмоўныя — то бок, мы дазваляем рэпартэру самому выбіраць, на якой мове рабіць уласны навінавы сюжэт. Ніякіх спробаў дазаваць ці супрацьпастаўляць працэнтныя суадносіны ў нас проста няма”.
XS
SM
MD
LG