Лінкі ўнівэрсальнага доступу

К.Ст’юарт: “ЗША не прызна́юць рэфэрэндуму аб Канстытуцыйным акце”


Валер Каліноўскі, Менск Амбсадарка Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Карэн Ст’юарт выступіла з ацэнкай стану беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў. Яна зноў заклікала беларускія ўлады вызваліць палітвязьняў і зазначыла, што ЗША будуць выкарыстоўваць любую магчымасьць для ўзьняцьця беларускага пытаньня на міжнароднай арэне, у тым ліку ў ААН.

Падводзячы вынікі разьвіцьця дачыненьняў Беларусі й ЗША ў 2006 годзе, амбасадарка Карэн Ст’юарт зазначыла, што на афіцыйным ўзроўні станоўчых момантаў у іх было мала. ЗША не прызналі вольнымі й справядлівымі сакавіцкія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, шмат разоў выказвалі занепакоенасьць палітычна матываванымі арыштамі й прысудамі, ціскам беларускіх уладаў на незалежныя СМІ, няўрадавыя арганізацыі й групы вернікаў.

У сувязі з крызісам, які ўзьнік у дачыненьнях Беларусі і Расеі з-за цэнаў на газ, спадарыня Ст’юарт выказала пазыцыю свайго ўраду: краіны не павінны выкарыстоўваць энэрганосьбіты ў якасьці палітычнай зброі ў міждзяржаўных дачыненьнях. Выказала амбасадарка афіцыйную пазыцыю свайго ўраду і адносна патэнцыйнага правядзеньня рэфэрэндуму аб Канстытуцыйным акце саюзу Беларусі й Расеі:

(Ст’юарт: ) “Наша пазыцыя палягае ў тым, што ў цяперашніх умовах у Беларусі немагчымы рэфэрэндум, які б дазволіў нам прызнаць яго цалкам свабодным і справядлівым выказваньнем волі беларускага народу. Тое, што нядаўна было падоўжанае дзеяньне “Акту аб дэмакратыі для Беларусі”, сьведчыць: цяпер у Кангрэсу ёсьць меркаваньне адносна таго, што ў існых умовах такі рэфэрэндум ня можа быць прызнаны”.

Новы “Акт аб дэмакратыі для Беларусі”, паводле спадарыні Ст’юарт, дакладна вызначае палітыку ўраду ЗША ў адносінах да Беларусі:

(Ст’юарт: ) “Палітыка ЗША мае быць скіраванай на падтрымку імкненьня беларускага народу да дэмакратыі, правоў чалавека й прававой дзяржавы, на падтрымку незалежнасьці й сувэрэнітэту гэтай краіны, спрыяньне дэмакратычным рухам і інстытутам, урад ЗША мае заклікаць да вызваленьня палітзьняволеных, цесна супрацоўнічаць зь іншымі дзяржавамі й міжнароднай супольнасьцю дзеля рэалізацыі гэтых задачаў”.

Спадарыні Ст’юарт падкрэсьліла, што ў ходзе дыскусіі ў Радзе Бясьпекі ААН на мінулым тыдні Злучаныя Штаты не апошні раз узьнялі пытаньне аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

(Ст’юарт: ) “Злучаныя Штаты плянуюць працягваць уздымаць пытаньне аб сытуацыі з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Беларусі зь любой зручнай для гэтага нагоды. Цяпер мы разглядаем цэлы шэраг такіх магчымасьцяў”.

Спадарыня Ст’юарт таксама заявіла, што ў выпадку прагрэсу на шляху дэмакратызацыі Беларусі Злучаныя Штаты, як і Эўразьвяз, гатовыя аказаць значную эканамічную й гуманітарную падтрымку беларускаму народу.

XS
SM
MD
LG