Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйных кандыдатаў можна пачуць на дзяржаўным радыё


Радыё Свабода Кандыдаты ў дэпутаты пачалі агітацыю празь дзяржаўнае радыё. Кожны мае магчымасьць да пачатку галасаваньня адзін раз прэзэнтаваць сваю праграму — за чатыры хвіліны на радыёстанцыі “Сталіца”.

Кандыдат у 22-й менскай Голубеўскай акрузе Сяргей Альфер выступаў па радыё сярод першых:

(Альфер: ) “Я ўчора ўжо выступіў. Уклаўся — сэкунда ў сэкунду — у чатыры хвіліны. Хачу сказаць, што нічога не выразалі, мая прамова прагучала цалкам. І прыемна, што сёньня ўжо некалькі чалавек сказалі, што мяне слухалі. Спадзяюся, што мае словы іх закранулі”.

У суседняй, 23-й Рафіеўскай акрузе, сярод зарэгістраваных кандыдатаў моладзевы апазыцыйны актывіст Алег Корбан. Цяпер яго трымаюць у спэцпрыёмніку на вуліцы Акрэсьціна. У Міжнародны дзень правоў чалавека яго затрымалі на Кастрычніцкай плошчы й асудзілі на 15 сутак зьняволеньня. Весьці агітацыю ён пакуль ня мае магчымасьці. Як, зрэшты, і ягоная ініцыятыўная група, паколькі без кандыдата немагчыма аформіць усе належныя дакумэнты.

Выпадак з Алегам Корбанам з катэгорыі выключэньняў. Але нават у Менску, дзе на адзін мандат прэтэндуюць тры чалавекі, іх актыўнасьці не відаць. Чаму? Меркаваньне дацэнта катэдры паліталёгіі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Ўладзімера Роўды:

(Роўда: ) “Гэта звычайная сытуацыя, да якой, я думаю, ужо трэба прызвычаіцца. Паколькі з самага пачатку зрабілі стаўку на так званую працу з насельніцтвам безь перамогі, паколькі плянку ўстанавілі значна больш нізкую, дык пра што тут казаць далей? Працаваць з выбарцамі трэба кожны дзень, незалежна ад таго, ёсьць цяпер выбарчая кампанія ці няма. Апазыцыя лічыць, што пераможа нават тады, калі яна проста захавае сябе. На маю думку, гэта ня ёсьць перамогай. Гэта якраз сьведчаньне глыбокага крызісу”.

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік гаворыць, што ніякіх надзвычайных падзеяў у выбарчай кампаніі няма:

(Лазавік: ) “Працуем у плянавым рэжыме. Цяпер у абласьцях разьбіраюцца са скаргамі, якія паступілі ад незарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты. Іншых навінаў няма”.
XS
SM
MD
LG