Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Уладзімер Глыбінны


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.



Сапраўднае прозьвішча літаратара і навукоўца, што друкаваўся пад гэтым прозьвішчам, — Сядура. Ён меў і другі псэўданім — Кастусь Старажоўскі, у якім адлюстравалася назва той часткі Менску, дзе Ўладзімер прыйшоў на сьвет.

Паступленьне ў сталічны Белпэдтэхнікум і далучэньне да літаратурнага аб’яднаньня “Маладняк”, як і навучаньне на літаратурна-лінгвістычным аддзяленьні пэдагагічнага факультэту БДУ, амаль аўтаматычна гарантавалі арышт і блізкае знаёмства з далёкімі часткамі краіны, “где так вольно дышит человек”. З 1933-га да 1936-га Сядура карміў бязьлітасную сібірскую камарэчу.

Пасьля вызваленьня лёс былога палітвязьня склаўся не зусім тыпова. Ён скончыў Ленінградзкі ўнівэрсытэт, абараніў дысэртацыю па філялёгіі і выкладаў літаратуру ў Менскім пэдагагічным інстытуце. 22 чэрвеня 1941 году органы НКВД выправілі свой недагляд, і малады вучоны быў зноў арыштаваны, але на этапе Менск—Чэрвень здолеў уцячы.

Жывучы ад 1951 году ў ЗША, Сядура-Глыбінны выкладаў у Калюмбійскім унівэрсытэце й шмат друкаваўся.

Здольны празаік, ён выдаў раман “Вялікія дарогі”, навукова-мастацкі нарыс “На Сьвятой Зямлі” і прысьвечаную Максіму Багдановічу кнігу “Пад лебядзіным знакам”. Зь яго навуковых працаў вылучаюцца апублікаваная па-ангельску кніга “Беларускі тэатар і драма” (Нью-Ёрк, 1955), “Доля беларускае культуры пад Саветамі” (Мюнхэн, 1958) і “Дастаеўсказнаўства ў СССР” (на расейскай мове; Мюнхэн, 1955). Апошняя была двойчы перавыдадзеная па-ангельску ў Лёндане й Нью-Ёрку і выкарыстоўвалася як падручнік для студэнтаў-славістаў, падараваўшы аўтару славу аднаго з найбуйнейшых на Захадзе спэцыялістаў у творчасьці Дастаеўскага.

На Бацькаўшчыне пра гэта ніхто апрача літаратуразнаўцаў у цывільным і не здагадваўся.
XS
SM
MD
LG