Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Геранёны: “Да аграгарадка ў Геранёнах — як да Масквы ракам!”


Віталь Сямашка, Геранёны, Івейскі раён У Геранёнах, што на Івейшчыне, за тры кілямэтры ад беларуска-літоўскай мяжы, першай, каго сустрэў, як і тры гады таму, была спадарыня Алена Смалінічэнка, выкладчыца ўсясьветнай мастацкай культуры ў мясцовай школе. Толькі тады знайшоў яе сам, а гэтым разам запрасіла павандраваць яна: маўляў, у пасёлку сапраўдны эканамічны бум.

(Смалінічэнка: ) “Вёска ператварылася ў аграгарадок. Асфальт паклалі новы, дамы пафарбавалі, у школе дзьверы памянялі, садок стаў прыгожы”.

Яшчэ за савецкім часам Геранёны грымелі далёка за межамі Гарадзеншчыны. Найперш дзякуючы Ўладзімеру Баўму, які быў тут старшынём саўгасу 36 гадоў. Імя яго носіць цяпер СВК “Геранёны”. Прозьвішча ж гучала, як звон, — ня толькі на слых. Успамінае былы энэргетык Вітольд Крутаў:

(Крутаў: ) “Тут быў сьвінакомплекс на 100 тысяч галоваў, што стварыў наймагутнейшую гнойную лужыну плошчай каля гектара, нават на два кілямэтры да яго было цяжка падысьці. Але затое ў самой вёсцы шмат пабудавана катэджаў. Баўм пабудаваў “чортава кола” — гэта вельмі дзіўна для вёскі каля тысячы чалавек. Мала таго, пабудаваная тэлевізійная вежа. Такія былі Нью-Васюкі. Тут і грошай плацілі болей за ўсіх”.

Уладзімер Баўм насамрэч мысьліў катэгорыямі будучыні. Пры ім узьніклі першыя малыя прадпрыемствы. У паўтаратысячным пасёлку была створаная вольная эканамічная зона, дзе тры дзясяткі прадпрымальнікаў сканцэнтравалі ў сваіх руках да паловы прамысловасьці ды дагэтуль фармуюць падаткамі аж да 50 адсоткаў раённага бюджэту! Пасьля сыходу Баўма ў часе шматлікіх кадравых ператрусаў на гаспадарцы павісьлі 6 мільярдаў рублёў запазычанасьці за камбікармы ды камунальныя плацяжы.

Але тры гады таму на пасаду старшыні СВК “Геранёны” на так званае “ўзмацненьне” быў накіраваны вопытны гаспадарнік Віктар Канецкі за канкрэтнае абяцаньне ўвайсьці ў лік шасьцідзесяці — ці так званых базавых, якіх фінансава патрануе асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ужо тады ў часе нашай сустрэчы Віктара Адольфавіча блішчэлі вочы…

(Канецкі: ) “Шмат тэхнікі — імпартная кармаздабывальная, варашылкі, машыны для ўнясеньня мінэральных угнаеньняў, абаротныя плугі — на мільярд уліваньняў у нашу гаспадарку атрымалі”.

Летась дзяржава надбаўкамі на закупныя цэны, нафтапрадукты, мінэральныя ўгнаеньні выдаткавала Геранёнам 5 мільярдаў рублёў, тры з паловай — сёлета. Вынікі відавочныя, кажа спадарыня Зінаіда Канецкая, жонка й намесьніца па ідэалёгіі захварэлага на гэты час старшыні СВК.



(Канецкая: ) “За кошт таго, што сталі карміць, у гэтым годзе выходзім на 5500 кіляграмаў удою на карову — у раёне 2—3 тысячы. На сьвінакомплексе — 520 грамаў сярэднесутачны прывес”.

Яшчэ колькі лічбаў, што ўражваюць і якіх не магу не прывесьці. Дзякуючы памянёным мільярдам, тыя, хто працуюць у СВК, атрымліваюць цяпер утрая большы заробак, чым тры гады таму — больш за 150 даляраў. Маламаёмным — бясплатна сена, малако. Уласны цэх вырабляе да 800 тон кілбасаў, прадае яе мясцовым раз на квартал за тры тысячы. Геранёны сёньня — гэта 30% раённай сельгаспрадукцыі, 40% — мяса. Цана, скажам, трохпакаёвай кватэры за гэты час узрасла з 3 да 5—6 тысяч даляраў. Але, галоўнае, лічыць усё тая ж Канецкая, псыхалягічныя зрухі, што адбыліся ў вяскоўцаў.

(Канецкая: ) “Людзі не атрымоўвалі заробку, былі разбэшчаныя, бо пачыналася ўсё з галавы — кожны сябе цягнуў. Дзьве гадзіны адзін зь сякерай стаяў, пабіў мне дзьверы. Прыйшоў п’яны — дай грошай. Раней давалі 3—5 тысяч на выпіўку за кошт авансу. Маты-пераматы. Я сказала — ня дам на п’янку, бо калі так будуць весьці, навошта мы тут?! Зь ведамаснай аховы са сьвінакомплексу 20—25 тон у месяц выносілі, разумееце?! Цяпер атрымліваюць прыстойны заробак — навошта рызыкаваць? Хадзілі жахлівыя сьпітыя жанчыны, цяпер многія сталі талковымі й ходзяць на працу”.

Няўрымсьлівая спадарыня Канецкая вязе мяне ў дзіцячы садок, у капітальны рамонт якога ўклалі, як у новае будаўніцтва. Ахайна засьцеленыя рознаколерныя ложачкі, багаты палас на падлозе. Пагаджаюся, што геранёнцам пазайздросьцілі б многія менскія бацькі. Кажа выхавацелька з 15-гадовым стажам Галіна Мікша:

(Мікша: ) “Дарабіць, давесьці да канца захацелася самім. Вось цюлі пашытыя, засталося завесіць. На вуліцы зробленыя пясочніцы, столікі, лаўкі. Зарплата павялічваецца — мабыць, на 100 тысяч за апошнія тры гады”.

Зь Зінаідай Іванаўнай пабывалі і ў новым конна-спартовым ды цяплічным комплексах. А ва ўласным жа цяпер камбікормавым цэху быў шчыра ўражаны тым, што апэратары — 27-гадовы Аляксандар Савосьцін ды 36-гадовы Вячаслаў Панасевіч — ужо два гады як адкінулі рыдлёўкі ды пераселі за кампутар. Ля яго мне й тлумачаць.



(Спадары: ) “Задаў праграму — кампутар сам важыць па порцыях. Цяпер чатыры чалавекі, а так трэба было б сем-восем, якія адмервалі б тое, што кампутар — дабаўкі разважвае на кожны кіляграм”.

Прыяжджаем у машынна-трактарную станцыю, дзе парк таксама павялічыўся ў некалькі разоў. Дарэчы, нядаўна дадаліся чатыры амэрыканскія камбайны. Але калі разгаварыліся з загадчыкам майстэрняў, 24-гадовым выпускніком Горацкай сельгасакадэміі Алесем Амбражэвічам, упершыню дакладна зразумеў усю крохкасьць дабрабыту, што трымаецца на датацыйных лейцах. Так, ва ўсякім выпадку, вызначыў сытуацыю Алесь.

(Амбражэвіч: ) “Дзяржаўных датацыяў няма — ня будзе аграгарадка. У маіх майстэрнях усё ўстане. І цяпер усё, што можна, наварваем-даварваем, а бяз грошай нікуды. Я адраблю тры гады й паеду на радзіму, сам са Слуцкага раёну. Жаніцца — дадуць дом, а так — пакой у гатэлі”.

Тым часам задаволеная зробленым эфэктам Зінаіда Канецкая, нарэшце, пакінула мяне аднаго, даўшы, так бы мовіць, свабоду манэўру. Я сьпяшаюся на ўскраіну, дзе ўзьнікае на вачах цэлы раён так званых прэзыдэнцкіх дамкоў — галоўнае, чым зьбіраюцца затрымаць геранёнцаў на сяле.

У сям’і Макоўскіх хата, як лічыцца, здадзеная пад ключ. На яе будаўніцтва было выдаткавана 50 тысяч даляраў. Сужэнцы стаялі на чарзе два дзесяцігодзьдзі. Маюць трое дзетак. Муж, трактарыст, цэлымі днямі на працы. Жонка, 44-гадовая Натальля, таксама прыйшла зь дзіцячага садку, дзе працуе выхавацелькай. Вядзе мяне па пакоях. Кажа, жадае, каб яе маналёг пачуў асабіста Лукашэнка.



(Макоўская: ) “Празь дзесяць гадоў толькі зможам выкупіць асабняк, але гэта пасьля дваццаці год без кватэры не палохае. Дрэнна, што вельмі шмат прыйшлося дарабляць самім. Каб 50 тысяч гэтых мела на руках, зрабіла б дом-цукерку. Самім прыйшлося столі, шпаклёўку рабіць, шліфаваць. Вы бачылі, які маленькі хлеў?! У гэты хлевушак ровар для дзіцяці паставіць, рыдлёўку ды грабелькі. Дый у хаце дарабіць няма столькі грошай. Нашыя сьвіньні ў чужых людзей стаяць.

Муж падымаецца ў шэсьць раніцы, едзе карміць. У гэтым годзе й курэй не маглі трымаць — а куды падзець? А чаму няма ніводнай клямкі — мабыць, для кагосьці й дробязь?! Канечне, ідуць на адкат гэтыя грошы. Прэтэнзіяў нікому ня высунеш — старшыня ні пры чым, столі робіць адна арганізацыя, ацяпленьне — іншая. Ня маем парканаў, а бульба, буракі, бачыце, ляжаць на зямлі — няма куды класьці”.

Спадарыня Натальля знаёміць мяне з 42-гадовым жыхаром Літвы Генадзем Аляксандровічам, які таксама прыехаў дабудоўваць дом побач, дзе жыве ягоная родная сястра. Калісьці сам жыў у Беларусі. Цяпер прыехаў з Нарвэгіі, дзе быў на заробках. У зьвязку з убачаным словаў не выбірае.

(Генадзь: ) “Тут будоўля, як кажуць, “на шару”: сьцены крывыя, ні вуглоў — галоўнае, каб дом стаяў. Звонку прыгожа, а ўнутры гаспадару трэба дакладна штук дзесяць “зялёных” укласьці! Да аграгарадка тут, як да Масквы ракам!”

Ізноў па шляху мяне сустракае аўто галоўнага геранёнаўскага ідэоляга — спадарыні Канецкай. Гэтым разам гутарым не пра бляск, але пра патэнцыйную гароту Геранёнаў.

(Карэспандэнт: ) “Зінаіда Іванаўна, вы ведаеце, што будзе ў новым годзе, калі датацыяў ня стане?”

(Канецкая: ) “Небясьпека заваліцца яшчэ ёсьць. Цэны нерэальныя. Без надбавак мы ня можам атрымаць прыбытку, бо ў прамысловасьці рост цэнаў на сабекошт да 18%, а ў сельскай гаспадарцы — 5—8%. Вы параўнайце савецкі час, колькі каштаваў літар паліва — 12 капеек! А ў наш час — 1200—1400, а 300 зь нечым малако. А мы павінны накарміць, каб 5,5 тысяч малака было ня проста кармамі, а рознымі. Ня можам даіць на старых фэрмах. У Літве сёлета сухмень, далі грошы сельсгасвытворцам, а ў нас ніхто ні капейкі. У Польшчы таксама”.

Кажуць, да 50% працаздольных геранёнцаў пасьля 1994-га зьехала на сталае жыцьцё ды працу ў Літву. Тут, мабыць, як нідзе, мяжа і памежнае бязладзьдзе прайшлі па жывым, празь лёсы людзей. Кажуць вядомыя вам Натальля Макоўская ды Алена Смалінічэнка:

(Макоўская: ) “У мяне айчым памёр у 1994 годзе, не змаглі паехаць на пахаваньне. Мама ў Вільні пахаваная — ані я, ані сястра не змаглі прыехаць. Мы любім хадзіць у грыбы-ягады. Ідзем — стаіць слуп. І я села — сьлёзы, што не магу да маці на магілу прыехаць, трэба ехаць паперы рабіць”.

(Смалінічэнка: ) “Мы паехалі ў Горадню за візай у амбасаду — былі на чарзе 557-я. І трэба адзначацца кожны дзень. А мы за 200 кілямэтраў ад Горадні й за тры — ад Літвы. І хадзіла два тыдні адзначацца — дурдом якісьці! А ў Геранёнах родныя ў Літве праз аднога!”

Нарэшце, за гадзіну да ад’езду маем час перагарнуць са спадарыняй Аленай, як і тры гады таму, новыя старонкі “Летапісаньня роднай вёскі”, якое шмат гадоў укладае мая знаёмка. Шматстаронкавы манускрыпт папоўніўся беларускім перакладам патомнага геранёнца Зянона Часнаковіча з кнігі, што выйшла ў Польшчы пра эўрапейскіх Рамэо й Джульету, як называюць у ёй Сігізмунда Аўгуста ды Барбару Радзівіл. Іхны раман пачынаўся ў пакоях старажытнага замка ў Геранёнах. Пераказвае спадарыня Алена:



(Смалінічэнка: ) “Ёй было 17 гадоў, калі выйшла замуж за Станіслава Гаштольда, якому было за шэсьцьдзесят. Дзяцей не было, ён хутка памёр — апошні з роду Гаштольдаў. І маёмасьць па законе пераходзіла да польскага караля. Але ён быў стары й адправіў сюды сына Сігізмунда Аўгуста, які жыў у Вільні. Ён прыехаў, убачыў маладую прыгожую дзяўчыну і закахаўся, застаўся на два тыдні ў замку.

Потым Барбара паехала ў Вільню й там наведвала балі, што ладзіў Аўгуст. Калі жонка яго памерла, ён тайна абвянчаўся з Барбарай Радзівіл, бо яго маці Сфорца Бона шукала яму эўрапейскую прынцэсу. І калі стаў каралём Польшчы, толькі тады сказаў, што ў яго ёсьць жонка. І яе мусілі прызнаць каралевай. Праўда, хутка памерла — кажуць, атруцілі на загад Сфорцы Боны”.

На разьвітаньне Алена Іванаўна чытае мне свае апошнія вершы. Адзін зь іх — натуральна, пра Геранёны.

(Смалінічэнка: ) “Ты прыедзь у Геранёны — мой куточак зялёны. Побач з замчышчам стрэнеш і легенду, і быль. Каля мамінай хаты, дзе так кветак багата ізноў зацьвіў дзівасіл. Усе знаёмы сьцяжыны, куст калючай ажыны і вярба над вадой. Не магу я напіцца з той гаючай крыніцы — край цудоўны ты мой…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG