Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Купалаўцы прасьлізгацелі па фабуле “Макбэта”


Вячаслаў Ракіцкі, Менск У суботу і нядзелю на галоўнай драматычнай сцэне краіны, – у Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы – адбыліся прэм’ерныя паказы адной з найвялікшых трагедыяў усясьветнага рэпэртуару – “Макбэт” Уільяма Шэксьпіра.

Вакол спэктаклю – ажыятаж. І акторы, і гледачы купалаўскага тэатра зачакаліся Шэксьпіра. Тым болей трагедыі “Макбэт” – самай крывавай, самай змрочнай і містычнай, у цэнтры якой – тыран, забойца-ўзурпатар. Да таго ж пастаноўку ажыцьцявіў літоўскі рэжысэр Альгірдас Латэнас, якога беларуская публіка памятае яшчэ і як актора трупы Эймунтаса Някрошуса.

Ад Латэнаса чакалі відовішча. І не памыліліся. Акцэнт зроблены на містыку, якая вылілася ў шматлікія мэтафары. Імі пастаноўшчык разьвязвае супярэчлівую тэзу Шэксьпіра – “дабро ёсьць зло, зло ёсьць дабро”. У спэктаклі цесна сплятаюцца зямны і незямны сьветы. Абодва – змрочныя. Люстраныя рамы ў чорнай прасторы сцэны даюць халодныя адбіткі лябірынтаў сярэднявечнага замку. У люстэрках адбіваюцца постаці і твары герояў у розных ракурсах – чалавечых і пачварных.

Задума разгадаць нізкія пачаткі прыроды, мэханізмы жарсьці, якія чалавека, не народжанага забіваць, ператвараюць у тырана-забойцу, выводзіць на першы плян Лэдзі Макбэт. Адсюль і цэнтральная мэтафара – спадніца. То белая, то чырвоная, яна запаўняе усю сцэну, ахінае пэрсанажаў. Са спадніцы нараджаюцца дзеяньні. Зрэшты, нават у строях мужчынаў ў гэтай пастаноўцы да сучасных пінжакоў дададзеныя спадніцы. Дзеяньне, як і ўвогуле зло, у спэктаклі існуе па-за канкрэтнай эпохай. Хутчэй у нашым часе, чым у Сярэднявеччы.

У зьвязку з гэтай задумай зробленая і рэдакцыя п’есы – скарочаны тэкст, выкінуты шэраг пэрсанажаў. Арыгінальна вырашаецца фінал. Замест ужо традыцыйнага пэсымістычнага “Кароль памёр. Вітаем караля!” (так было колісь у знакамітым спэктаклі Барыса Луцэнкі ў Рускім тэатры) тут рэжысэр дае надзею. Малькольм, які пакараў забойцу-ўзурпатара, не садзіцца на трон, пастаўлены на авансцэне, а кладзе на яго белую хустачку і моўчкі пакідае сцэну праз глядзельную залю. А за хвіліну да гэтага рамкі-люстэркі заціснуць Макбэта ў клетку, у якой пазьней ягоную адсечаную галаву будуць вазіць і выстаўляць на паказ па усёй краіне. І ў апошнім маналёгу Макбэт пяройдзе на сабачы брэх.

Глядач убачыў прыгожы спэктакль, але не пазначаны сапраўднымі шэксьпіравымі жарсьцямі. Рэжысэр не даў сыграць іх акторам. Як звычайна, плястычна выразны Алег Гарбуз (Макбэт) і эфэктная прыгожая Сьвятлана Зелянкоўская (прывабнае зло!). Яны дакладныя ў выкананьні рэжысэрскай волі, яны самі мэтафары, але ня болей. У гэтым сэнсе спэктакль вельмі падобны да шматлікіх пастановак Шэксьпіра ў невялікіх студыйнага пляну тэатрах Эўропы. Але ж на сцэне Акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы хочацца бачыць псыхалягічна насычанае вырашэньне, а не мэтафарычнае, хай і прыгожае, сьлізгаценьне па фабуле п’есы.
XS
SM
MD
LG