Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Алесь Дудар 24.12.1904, в. Навасёлкі (цяпер Петрыкаўскі раён) — 29.10.1937, Менск.


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.



У 1928 годзе па студэнцкіх аўдыторыях і інтэлігенцкіх кватэрах хадзіў і перапісваўся ў сотнях асобнікаў верш, які ня мог пакінуць абыякавым ніводную беларускую душу:

“Пасеклі наш край папалам, Каб панскай вытаргаваць ласкі. Вось гэта — вам, а гэта — нам, Няма сумленьня ў душах рабскіх...

Ня сьмеем нават гаварыць І думаць без крамлёўскай візы...”

Шмат для каго імя аўтара не было таямніцаю: паэт, адзін зь лідэраў “Маладняку” Алесь Дудар, ён жа — літаратурны крытык Тодар Глыбоцкі (сапраўднае імя Аляксандар Дайлідовіч). Таямніцу станавіла іншае: як у адной асобе суіснавалі арыгінальны творца вершаў часам амаль набатнага гучаньня і аўтар да апошняе крошкі правільных артыкульчыкаў, ужо ад адных назваў якіх цягнула на ваніты: “На ідэалягічным фронце”, “Дэпэшы бяз адрасу” (рэцэнзія на кнігу Ўладзімера Дубоўкі “Наля”), “Літаратурныя сэктанты”...

Калі другая іпастась служыла прыкрыцьцём для першай, гэта не дапамагло: у тым самым 1928-м паэта Дудара (а разам зь ім і крытыка Глыбоцкага, хоць апошняга ўлады былі б, відаць, ня супраць пакінуць на волі) арыштавалі й на тры гады выслалі ў Смаленск, які нацыянал-камуністы ўжо не пасьпелі далучыць да БССР у выніку плянаванага трэцяга ўзбуйненьня рэспублікі. Дудару прыпомнілі і ўдзел у тэатральнай трупе славутага У.Галубка, і дэманстрацыйны сыход з БДУ на знак пратэсту супроць наскокаў ўва ўнівэрсытэце на беларускіх пісьменьнікаў. Не забыліся й на ягоны ўдзел у “тэатральнай дыскусіі”, дзе ён пратэставаў супроць “чысткі” рэпэртуараў, адкуль выкрэсьліваліся беларускія п’есы.

У 1930-м яго зноў арыштавалі й прывезьлі ў Менск на допыты ў справе “Саюзу вызваленьня Беларусі”. Невядома, чаго ад паэта дамагаліся, але ён пад канвоем паехаў назад у высылку. Трэці арышт у 1936-м — Дудар якраз перакладаў на беларускую лібрэта опэры “Яўгеній Анегін” — стаўся апошнім. Пасьля году допытаў і катаваньняў яго расстралялі. Гэта здарылася ў тую жудасную ноч 29 кастрычніка 1937-га, калі кулі бальшавіцкіх катаў абарвалі ў Менску жыцьці 22 вядомых пісьменьнікаў.

Ягоны найлепшы верш “Пасеклі наш край на кавалкі” гучыць надзіва сучасна і сёньня:

“О, ганьба, ганьба! Ў нашы дні Такі разлом, туга такая! І баюць байкі баюны Северо-Западного края…

Плююць на сонца і на дзень. О, дух наш вольны, дзе ты, дзе ты? Ім мураўёўскі б гальштук ўзьдзець, Нашчадкам мураўёўскім гэтым...”
XS
SM
MD
LG