Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 год “Нашай Ніве: “Чорны волік на пустой ніве абразавання…”


Зьміцер Падбярэскі, Менск К.Наднеманец у абарону народнага настаўніка.

25 траўня 1907 году “Наша Ніва” дае слова К.Наднеманцу, які піша аб народным настаўніку: “Каб зніштожыць турму, збудуйце школу”. Так сказаў староннік народнаго абразавання. Ўсякі, хто мае на плечах галаву, а не гарбуз, скажэ, што гэта праўда. Толькі у нас усё робіцца шыварат на выварат, толькі у нас жыцце ідзе не так, як у людзей, а неяк рылам на патыліцу, і гэтые праўдзівые словы сябра народнага прасьвяшчэння у нас не знаходзяць падцвярджэння. Пры цяперашніх нашых парадках, справедлівей, пры цяперашней безлабершчыні нашага жыцця свабодная народная школа толькі можэ пабольшчыць турмаў. Ласьне мала павыганялі лепшых вучэнікоў са ўсякіх школаў? Ласьне мала вучыцелёў сядзіць па турмах? Ласьне іх мала пакутуе ў ссылках па далёкіх акраінах Расеі? А колькі вучыцелёў без працы ды заробку, галодных, абношэных, змардованых, без жаласьці выкінутых ў ахвяру нуды і пакуты?! А за што? За тое, што вучыцель асьмеліўся думаць іначэй, як прыказвае яму ў цыркулярах начальства; за тое, што ён памкнуўся праліць луч сьвета ў цёмную вёску, — пасьмеў выйсьці з вузкіх асадак міністэрскай праграмы… за тое, што вучыцель пазнаў ў сабе чалавека і заявіў аб тых правох чалавечых, каторые Бог даў кожнаму; за тое, што ён стаў абціраць свой заплёваны твар… Вучыцель ніколі ня бачыў і ня бачыць дабра. Ўсё яго жыцце — адна пакута. І хто над ім ня мае волі? Колькі у яго начальства ўсякаго! Поп, пісар, старшына, стараста, вураднік, стражнік… Калі-ж дачакаеш ты лепшай долі, пакутнік-вучыцель, чорны волік на пустой ніве народнага абразавання?”
XS
SM
MD
LG