Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня а 13 гадзіне пахаваньне Івана Навуменкі


Алесь Дашчынскі, Менск Пахаваньне пройдзе на менскіх Кальварыйскіх могілках. Перад гэтым – грамадзкае разьвітаньне ў кватэры народнага пісьменьніка, у доме па вуліцы Карла Маркса, 36

Народны пісьменьнік, вучоны, арганізатар беларускай навукі, грамадзкі дзеяч Іван Навуменка памёр на 82-м годзе жыцьця. Паводле дачкі Валерыі, бацька быў цяжка хворы ў апошнія дні. Пахаваньне адбудзецца сёньня на Кальварыйскіх могілках у Менску.

(Навуменка: ) “Хаваем каля маці, на Кальварыйскіх могілках. Маці пайшла з жыцьця 7 гадоў таму. Так ён хацеў, як яна памерла, ён сказаў, што рабіце падвойнае месца, што некалі я лягу каля сваёй Ядзі. Паніхіды ня будзе. Мы хаваем яго з хаты. Карла Маркса, 36, гэта вядомы пісьменьніцкі дом, кватэра 21, а 13-й гадзіне… Воля сям’і, ён належыць сям’і, я так лічу. Трэба як спрадвеку было, трэба так рабіць. Таму разьвітаньне ўжо будзе непасрэдна на могілках”.

Паводле пісьменьніка Пятра Васючэнкі, Іван Навуменка быў цьвёрдым ў сваіх поглядах.

(Васючэнка: ) “Гэта быў чалавек старой загартоўкі. Прадстаўнік пакаленьня, якое прыйшло з фронту і якое папярэднічала так званаму філялягічнаму пакаленьню. І мяркую, што гэта цьвёрдасьць, гэта прыналежнасьць да пакаленьня франтавікоў дыктавала яго паводзіны далей”.

Іван Навуменка ня ўступіў у лукашэнкаўскі Саюз пісьменьнікаў Беларусі, які стварае сэнатар Мікалай Чаргінец. Нагадаем, увесну спадар Чаргінец заявіў, што Іван Навуменка знаходзіцца амаль у коме, таму, маўляў, яго няма ў новаўтворанай арганізацыі. Згадвае дачка Валерыя:

(Навуменка: ) “Бацьку гэта абразіла, ён даў афіцыйны адказ праз газэту, адказаў Чаргінцу, што апошнім часам у некаторых пэрыядычных выданьнях М. Чаргінец публічна заяўляе, што Навуменка знаходзіцца амаль што ў коме. “Да шматлікіх талентаў М.Чаргінца трэба, мабыць, дадаць яшчэ адзін – дыягностыка на адлегласьці. Інфармую яго: я ня ў коме. Ён мяне з кімсьці блытае. Іван Навуменка”,- вось такі тэкст быў…Мы паехалі на лецішча і сядзелі там. Ён казаў, як некалі нябожчык Іван Брыль, што я ў тым саюзе, які заснаваў Аляксей Горкі”.

Згадвае літаратар Міхась Тычына:

(Тычына: ) “Калі да яго зьвярнуліся прадстаўнікі новаяўленага Саюзу пісьменьнікаў на чале з Чаргінцом, ён проста сказаў: “Што я, падлетак, каб бегаць з аднаго Саюзу пісьменьнікаў, дзе ўсё жыцьцё быў, у невядома які саюз?” Канешне, яго тэлеграма, якую ён даслаў на апошні зьезд Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, была ўспрынята літаратарамі як надзвычайная падзея, па сутнасьці, пачуліся авацыі. Мала хто спадзяваўся на такі рэзананс, таму што ў ранейшыя часы выступленьні Навуменкі ўспрымаліся як выступленьні артадокса, чалавека, які новага не прызнае. Але мы памыляліся ў гэтым…”
XS
SM
MD
LG