Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы год у сталічнай рэстарацыі каштуе ад 100 даляраў


Іна Студзінская, Менск Пераднавагоднія клопаты: ці можна яшчэ ў Менску замовіць рэстарацыю, кафэ, кавярню, каб адзначыць сьвята? Колькі будзе каштаваць тая вячэра?

У папулярныя сярод забясьпечаных беларусаў, супрацоўнікаў пасьпяховых кампаній, рэклямных агенцтваў клюбы, кшталту “Бронкс”, “Гудвін”, “Мэдісан Клаб” заяўкі на навагоднія карпаратыўныя вечарынкі пачалі падаваць яшчэ ў кастрычніку. У лістападзе фактычна ўсе дні былі ўжо расьпісаныя. Распавядае адміністратарка клюбу “Гудвін”.

(Адміністратарка) “Па 30-га сьнежня ўключна ў нас усё замоўлена. Але калі вас да 15-ці чалавек, можам прапанаваць вам 26 сьнежня (адмовіліся ад заказу людзі). Каштуе гэта 85 тысяч з чалавека заказ, і 30 тысяч – ўваходны квіток. Навагодняя ноч – каштуе 215 тысяч з чалавека, але даўно ўсё занята”.

У модны сталічны клюб “Бронкс” таксама трапіць ужо праблематычна. Што да коштаў, цэны розныя, але ў пастаянных карпаратыўных кліентаў ёсьць скідкі, таму вечарынка з калегамі і сябрамі абыдзецца ад 60 да 100 ўмоўных адзінак, кажа адміністратарка “Бронксу”.

(Адміністратарка: ) “У навагоднюю ноч месца за столікам з канапай каштуе 323 тысячы, і проста за столікам – 258 тысяч. У гэты кошт ўваходзяць стравы навагодняга мэню і шоў-праграма”.

Забаўляць кліентаў у навагоднюю ноч будзе “Камэдзі клаб”, але столікі ўжо ўсе замоўленыя.

Сустрэць Новы год у рэстарацыяў “Рэнесанс”, “Фрэскі”, “Гішпанскі куток”, “Журавінка, “Пармэзан”, “Залаты век”, “Данькоф”, “Варадэра” будзе каштаваць 120 – 170 ўмоўных адзінак, у рэстарацыях “Менск”, “Сёмае неба”, “Белая Вежа”, “Стэйк Хаўс”, “Новая галерэя” сьвяточная ноч абыдзецца ў 80 – 90 даляраў кожнаму. Многія кафэ ў навагоднюю ноч не працуюць, таму рэстарацыі і ўздымаюць кошты.

Што да карпаратыўных вечарынак у пераднавагоднія дні ў рэстарацыях і кафэ з нацыянальнай беларускай кухняй, кошты таксама “кусаюцца”. У “Мірскім замку” вячэра з Дзедам Марозам і Сьнягуркай, забавамі і танцамі з 20 па 30 сьнежня каштуе 80 даляраў, у страўні “Талака” “пагуляць” абыдзецца ў 65 умоўных адзінак, у “Камяніцы” – 55 даляраў, у фальварку “Добрыя мысьлі” крыху таньней – 35 даляраў з чалавека. Самая сьціплая вечарынка з мінімумам халодных закусак і 100 грамамі гарэлкі ў кафэ “Елеана”, “Сузор’е”, “Кубік”, “Чорны бусел”, у “Тракціры на Маркса” будзе каштаваць 25 – 35 даляраў.
XS
SM
MD
LG