Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаў дзейнічаць “Клюб журналістаў “Польшча—Беларусь” (фота)


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Беластоку ў мінулыя выходныя пачаў дзейнічаць клюб польскіх і беларускіх журналістаў. Гэта была ініцыятыва Цэнтру грамадзянскай адукацыі “Польшча—Беларусь”. На першым спатканьні клюбу былі супрацоўнікі беластоцкіх рэдакцыяў, журналісты з Горадні, з райцэнтраў Гарадзеншчыны й зь Менску.

Журналісты газэты “Ніва” расказалі ўдзельнікам клюбу, што рыхтуюць кнігу пра беларускія падзеі за апошнія дванаццаць гадоў. У прыватнасьці, у яе ўвойдуць рэпартажы Ганны Кандрацюк, якая аб’ехала ўсю Беларусь. Аўтарка гаворыць, што сёньня Беларусь — краіна мараў для журналістаў, бо едуць туды, дзе праблемы. Праўда, галоўны рэдактар “Нівы” Яўген Вапа лічыць, што польскія журналісты, якія прыяжджаюць у Беларусь, не заўжды арыентуюцца ў беларускіх рэаліях.

У польскай прэсе сустракаюцца публікацыі ад самых нэгатыўных (нібыта беларусам няма чаго есьці) да вельмі станоўчых. Прадстаўнікі беластоцкай прэсы прызналіся, што беларускае консульства прапаноўвала ім паездку на Гарадзеншчыну. Але яны адмовіліся, пабаяўшыся, што іх выкарыстаюць дзеля прапаганды.

Кіраўнік Цэнтру грамадзянскай адукацыі “Польшча—Беларусь” Марцін Рэмбач зазначае, што апошнім часам палякі сталі больш цікавіцца Беларусьсю.

(Рэмбач: ) “Польскія журналісты, у тым ліку беластоцкія, беларускай праблематыкай пачалі больш цікавіцца — хіба ад моманту, калі ўзьніклі праблемы ў Саюзу палякаў Беларусі. Гэта быў імпульс для зацікаўленьня ня толькі беларускімі палякамі. Адразу было відаць, што гэта праблема беларускай дзяржавы, яе ладу, усіх грамадзянаў краіны. Каталізатарам зацікаўленасьці сталі праблемы Саюзу палякаў, але журналісты сталі цікавіцца шырэй — усімі беларускімі справамі”.

Паводле Марціна Рэмбача, мэта клюбу — умацаваць кантакты польскіх і беларускіх калегаў ды вызначыць, якую рэальную дапамогу беларускім журналістам могуць аказваць польскія рэдакцыі ды няўрадавыя арганізацыі.



Галоўны рэдактар “Нівы” Яўген Вапа задаволены, што газэта паведамляе пра падзеі ў Беларусі ў кожным нумары.



Ідэя стварыць польска-беларускі клюб журналістаў належыць Марціну Рэмбачу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG