Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюз левых партыяў будзе працаваць на электаральным полі А.Лукашэнкі


Валер Каліноўскі, Менск У мінулую нядзелю ў Чарнігаве прайшла ўстаноўчая канфэрэнцыя Саюзу левых партыяў Беларусі, у якой прынялі ўдзел 484 дэлегаты ад Партыі камуністаў Беларускай, БСДП “Грамада” й Партыі жанчын “Надзея”. На канфэрэнцыі ўхвалілі ўстаноўчую дамову Саюзу левых партыяў, статут і праграмную заяву. Ганаровым старшынём Саюзу абраны палітвязень Аляксандар Казулін.

Устаноўчыя дакумэнты, ухваленыя чарнігаўскай канфэрэнцыяй, перададуць для рэгістрацыі ў Мін’юст Беларусі, паведаміў адзін з сустаршыняў Саюзу левых партыяў Анатоль Ляўковіч.

(Ляўковіч: ) “Стварэньне Саюзу левых партыяў — гэта крок да ўмацаваньня аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі, гэта крок да свабоды Беларусі. Гэта ніякая не альтэрнатыва аб’яднаным дэмакратычным сілам. У прынцыпе, гэта нармальная праца: левыя каардынуюць сваю дзейнасьць, зыходзячы са сваіх прынцыпаў, правыя — зыходзячы са сваіх”.

Паводле спадара Ляўковіча, Саюз левых партыяў патрэбны і ў больш аддаленай пэрспэктыве, пасьля аднаўленьня дэмакратыі ў краіне. На сёньняшні ж момант мэты саюзу наступныя:

(Ляўковіч: ) “Першая мэта — гэта вызваленьне палітычных вязьняў, вызваленьне экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна. Лічу, што гаварыць аб абстрактнай свабодзе, канечне, добра, але патрэбна канкрэтна дзейнічаць”.

Акрамя таго, спадар Ляўковіч да першачарговых мэтаў аднёс умацаваньне структураў асобных партыяў, якія захаваюць самастойнасьць у саюзе, пашырэньне іх уплыву на грамадзтва:

(Ляўковіч: ) “Саюз левых партыяў будзе працаваць на тым полі, на якім працуе і спадар Лукашэнка. Я Лукашэнку называю стыхійным, вульгарным сацыялістам, таму што ўся ягоная фразэалёгія, увесь ягоны папулізм грунтуюцца якраз-такі на сацыял-дэмакратычных прынцыпах”.

Пра імкненьне Саюзу левых партыяў перахапіць ініцыятыву ў А.Лукашэнкі на левым электаральным полі заявіў і лідэр ПКБ Сяргей Калякін:

(Калякін: ) “Мы працуем на электаральным полі Аляксандра Лукашэнкі, які, выкарыстоўваючы левую фразу, спрабаваў весьці народ за сабой, пры гэтым праводзячы абсалютна лібэральную палітыку. Таму мы сёньня можам у яго перахапіць ініцыятыву на ягоным карэнным электаральным полі”.

Паводле спадара Калякіна, Саюз левых партыяў будзе выпрацоўваць прывабныя сацыяльна-эканамічныя праграмы для ўсіх апазыцыйных сілаў.

Выканаўца абавязкаў старшыні БСДП “Грамада” Анатоль Ляўковіч заявіў, што новы саюз будзе будавацца на прынцыпах эўрапейскай сацыял-дэмакратыі й будзе прыхільнікам нацыянальна-культурнага разьвіцьця беларусаў.

Аргкамітэт Саюзу левых партыяў спрабаваў знайсьці памяшканьне для канфэрэнцыі ў Беларусі — аднак безвынікова. У Чарнігаве ж беларускія апазыцыянэры атрымалі гарадзкі Палац культуры. Каля ста дэлегатаў не змаглі прыбыць у Чарнігаў, бо ўлады на месцах усяляк перашкаджалі паездцы — спынялі аўтобусы, затрымлівалі машыны. Пры вяртаньні з Чарнігава шэраг актывістаў Саюзу левых партыяў затрымалі мытнікі — нібыта за тое, што перавозілі забароненую літаратуру, у прыватнасьці, брашуру “Аб кульце асобы Лукашэнкі. Палітычная справаздача”.
XS
SM
MD
LG