Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Казуліну не дазволілі зьвярнуцца да беларускага народу


Алег Грузьдзіловіч, Менск Пра гэта “Радыё свабода” паведаміла жонка палітыка Ірына Казуліна. Паводле спадарыні Казулінай, ў апошнім лісьце дамоў ейны муж паведамляе, што таксама дасылае зварот да беларускага народу, які напісаны з нагоды выхаду з галадоўкі. Аднак ў капэрце разам з лістом звароту не знайшлося.

“Раней здаралася, што нешта ад Аляксандра з турмы не даходзіла, але заўсёды турэмная цэнзура пра гэта паведамляла. Зараз ніякага запісу няма”, – сказала жонка палітыка. Ірына Казуліна мяркуе, што ў звароце ейны муж выказваў падзяку людзям за падтрымку ў часе галадоўкі ды заклікаў да аб’яднаньня й больш рашучых дзеяньняў “па вяртаньні краіны ў канстытуцыйнае поле”. “Калі б была адна падзяка, зварот бы дайшоў”, – перакананая Ірына Казуліна.

“Цяпер самы кашмар закончыўся й будзем жыць!”—працытавала Ірына Казуліна тую частку ліста свайго мужа, якую прапусьціла турэмная цэнзура.

Нагадаем, экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін вытрымаў 52-ух дзённую галадоўку, у выніку якой дамогся узьняцьця беларускага пытаньня ў Радзе бясьпекі ААН. Казулін асуджаны на 5,5 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганстве ды арганізацыі вулічных беспарадкаў, між тым сам ён заяўляе пра палітычны перасьлед.
XS
SM
MD
LG