Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Законьнікаў: “Хочацца, каб будаўніцтва нашай сувэрэннай дзяржавы вялося на трывалым грунце”


Радыё Свабода Што вы лічыце добрай навіной 2006 году?

Вядомы беларускі паэт Сяргей Законьнікаў адказвае:

(Законьнікаў: ) “Самымі добрымі ў 2006 годзе лічу дзьве падзеі. Унучка Марына стала першаклясьніцай. І я разам зь ёй пабыў у верасьні ў гімназіі, на першым званку.

А другая падзея, ня менш важная, — чатырохгадовы ўнук Францішак пачаў выдатна вымаўляць літару “р”. І ў яго вуснах упэўнена і абнадзейваюча гучыць словазлучэньне “Рэспубліка Беларусь”. З гэтым пакаленьнем зьвязваю лепшую будучыню нашай дзяржавы.

Што тычыцца цяперашняга палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага й культурнага жыцьця Беларусі, то яно трымаецца на вельмі хісткіх падпорках. І ў любую хвіліну можа абрынуцца. Праўда, гэта большая частка нашых жыхароў, насельнікаў Беларусі не разумее. Асабіста мне даўно надакучыла чаргаваньне то разборак, то клятваў у вернай дружбе паміж лідэрамі Беларусі й Расеі. Хочацца, каб будаўніцтва нашай сувэрэннай дзяржавы вялося на трывалым грунце разумнага сэнсу, дэмакратыі, цывілізаванага жыцьця”.
XS
SM
MD
LG