Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Грыб: “Добрая навіна, што не ўтварыўся саюз дзьвюх дзяржаваў”


Радыё Свабода Што вы лічыце добрай навіной 2006 году? Адказвае былы старшыня Вярхоўнага Савету, намесьнік старшыні БСДП (Грамада) Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) “Я лічу добрай навіной, што не ўтварыўся саюз дзьвюх дзяржаваў — Беларусі й Расеі. Бо ў гэтым утварэньні нічога добрага ні для сябе, ні для Беларусі наагул я ня бачу. Я гэта выказаў у сваёй кніжцы “Беларускі мост”, што Беларусь павінна быць незалежнай, сувэрэннай дзяржавай. І ёсьць усе неабходныя дадзеныя дзеля таго, каб яна існавала самастойна, сябравала з усімі суседзямі, як з поўначы, поўдня, так з усходу й захаду. Усё для гэтага ёсьць. І мы можам значна лепш жыць і больш актыўна разьвівацца, калі будзем самастойнай, незалежнай дзяржавай, якая ёсьць нэўтральнай і сябруе найперш са сваімі суседзямі.

Я лічу, што гэта навіна добрая, бо і людзі неяк упэўніліся, што яны могуць жыць самастойна. Гэта з кожным часам усё больш і больш замацоўваецца ў сьвядомасьці людзей: што яны самастойна могуць працаваць, жыць, што яны самастойна могуць удзельнічаць у міжнароднай палітыцы. Гэта неяк, на мой погляд, умацоўвае і нацыю беларускую, якая ў гэтым мае вялікую патрэбу”.
XS
SM
MD
LG