Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чуеце? Гэта равуць жывёлы таго Апакаліпсысу, які зжарэ наша жыцьцё”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за панядзелак, 18 сьнежня. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды" 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Тэлефон "Свабоды" — гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні на нумар — 8-029-391-22.

(Спадар: ) “Вось такое меркаваньне. Учора глядзеў фільм пра Другую Усясьветную вайну. Ну жах, страшэнна. Мне здаецца, што інстынкт пануе цяпер, і праяўляецца біялягічны фашызм праз войны вяла працякаючыя, філязофію будызму, юдаізму, марксізму, і трацкізму, як Маа Дзэ Дун, сталінізму. І з гэтымі правадырамі цягнуць нас зноўку цягнуць пра з такую біялягічную нянавісьць да вайны. Цяпер ідзе вайна вялапрацякальная. Пакуль не сарваліся мы ў Апакаліпсыс і ў вар’яцтва ўсясьветнае, дык трэба, мне здаецца, сабраць ці паклікаць нейкі форум псыхолягаў, філёзафаў для таго, каб выпрацаваць філязофію гуманнай цывілізацыі, каб зноў не паўтарыўся гэты інстынкт нянавісьці, каб не выявіўся ў біялягічны фашызм. Чуеце? (Гудзеньне па радыё.) Гэта равуць жывёлы таго Апакаліпсысу, які зжарэ наша жыцьцё”.

(Зіноўеў: ) “На гэтым тыдні прафэсійнае сьвята ведамства Сухарэнкі. Хацелася б празь беларускую службу Радыё Свабода перадаць прывітаньне “радысткам Кэт” з аддзелу перахвату замежных радыёперадачаў ведамства Сухарэнкі. І сказаць ім: “Канечне ж, Вы маеце тыя ж цяжкасьці, што й іншыя жанчыны ў беларускім грамадзтве, таму што, гледзячы на шытае палатно з касьцянымі гузікамі, што называецца ў суме “халат эўрапейскі,” канечне, цяжка падазраваць, што гэта эўрапейская якасьць і краіна эўрапейская. Тыя самыя байкі з начосам, канечне, нашмат горш за тыя самыя парыскія аналягі. Так што давайце разам зьменім і асартымэнт менскага ЦУМу, і Менск, і Беларусь. А зь вяртаньнем Беларусі ў эўрапейскую сям’ю жадаю Вам наведаць знакаміты парыскі рынак “Чэрава Парыжу”. Дзякуй. Слухаю беларускую “Свабоду”. Да пабачэньня”.

(Сталы слухач: ) “Наш Лукашэнка пахваліўся перад усім сьветам, што ён не інтэлігеньцік. А прыйшоў, зь неба зваліўся “калгасьнік,” і вось прымайце, які ён прыгожы і харошы. Вось такім жа чынам, тут я лічу, ён не мае рацыі, гэтыя “держиморды,” якія ім прызначаюцца, страшныя людзі. Чалавек сам знайшоў памылку ў дакумэнтах у Берасьці, у Кобрыне то бок. Ён даплаціў за зборы на мытні… Два гады зь яго душу вымалі! За машыну заплаціць! Машыну арыштавалі! Няма куды чалавеку зьвярнуцца! Страшна! Чыноўніцтва патлусьцеўшае, зладзеяватае, хітраватае, дзікае такое! Гэта псыхалёгія “калгасьнікаў,” таму што іх некалі прыніжалі, яны цяпер помсьцяць. Яму гэта таксама падабаецца. Ён, бач ты, хацеў усталяваць у нас парадак, як было некалі ў Нямеччыне ў 1933-м годзе. Дык там бралі не прайдзісьветаў, злодзеяў, а сумленных людзей… Нейкія памылкі адбыліся. Ніхто не жадае разьбірацца кожны гэты “держиморда” трактуе палажэньні, інструкцыі пад сябе, як ён гэта разумее. Вось за што біць трэба”.

“Я вельмі абураны тым, што Мілінкевічу-Барану далі прэмію. Толькі летась вылез, паўдзелінічаў у выбарах, і яму нейкую прэмію прысудзілі. Гэта правакацыя: і прэмія сама правакацыяйная, і ён. Яго ніхто ня ведае, а Захад яго падымае. А вось хаця б поле іх дзейнасьці. Вось Беларусь ператвараецца па эканоміцы ў бандыцкую дзяржаву. Каб разьмяняць кватэру, трэба нейкія пасярэднікі, бязь іх нельга. 1,5 тысячы даляраў заплаціць! Дзе я іх вазьму?! Толькі асобныя людзі гэта могуць. Пастрыгчыся ў цырульні дзеду ад 20 тысяч да 60! Ды за гэта караць трэба ўсіх тых, хто падымае! Хто гэта кантралюе?! Гэта ж тлусьцеюць чыноўнікі пад кіраўніцтвам паважанага Аляксандра Рыгоравіча! Ён стварыў такія ўмовы, што куды ты толькі ня пойдзеш, паўсюль цябе абкарнаюць. А судзьдзі тыя ж народныя! Я чуў, як судзьдзя Вярхоўнага суду казаў, як трэба іх ахаваць. Ня трэба ахоўваць, ва ўсім сьвеце не ахоўваюць. І слушна! Судзі сумленна, адказна, і ўсё будзе нармальна. І паўсюль панарабілі з гэтымі паперамі, што прадыхнуць нельга. І таму нікуды ўжо не ідзеш. Бессэнсоўна”.

(Аляксандар, Нарачанскі край: ) “Кожны дзень чуеш раніцой, напрыклад, а сёмай пра нейкі жывы эфір, але адразу разумееш, што гэта зноў запіс. Вось калі б, як на рускамоўнай “Свабодзе,” зьбіраюцца нейкія людзі, якім можна было б патэлефанаваць і пачуць адказ не ад спадароў Лукашука і Карбалевіча ці Жданко, а, напрыклад, ад Лябедзькі ці Шушкевіча. А то нейкія там сайты ў інтэрнэце трэба шукаць. Чаму скажыце, нельга адразу адказаць, напрыклад, спадару Шушкевічу?”

(Спадар: ) “Я хацеў Вам такую навіну сказаць. Наш прэзыдэнт рыхтуе падарунак для Вас, для беларускага народу, для Амэрыкі і для Эўропы. Ён выступіць са зваротам на Новы 2007 год і скажа, што нафта і газ ня будуць даражэць, што ўсе дамовы падпісаныя. Нафты і газа будзе столькі, колькі Вам трэба. Можаце спаць спакойна і ня думаць пра сваю будучыню. Беларусь была, ёсьць і будзе. Лукашэнка быў, ёсьць і будзе. Пуцін яго лепшы сябар. Папомніце мае словы, усё будзе нармальна, і цяпер усё нармальна”.

(Анастас Семяновіч: ) “Шаноўнае спадарства Радыё Свабода! Добры дзень! Яшчэ раз хацеў бы нагадаць нашай шаноўнай апазыцыі, што родная Беларусь знаходзіцца ў вельмі небясьпечнай зоне. Я баюся, каб наш галоўны начальнік за пяць капеек бальшавіцкіх не прадаў Беларусь. Сёньня, як ніколі вельмі небясьпечная зона, то бок газ і нафта. Расейскія мафіёзі таварыша Лукашэнку паставілі да сьценкі. Такога выніку можна было чакаць даўно. На гэта было больш за 12 гадоў, але, нам вельмі сорамна, што яны разьлічвалі, што танны газ і нафта будуць бясконца. Зянон Пазьняк казаў і рабіў свае прапановы, што трэба пабудаваць калектар для пампаваньня нафты праз Украіну, Беларусь, Літву, Латвію. Прадпрыемствы павінны пабудаваць сваю тэхніку з максымальнай эканоміяй паліва, гэта значыць, не чакаючы падвышэньня коштаў на газ і нафту. Вам, лукашысты, даўно час палічыць, што вінаватая Расея нам за ваенныя базы, транзыт паліва, за перавозкі і гэтак далей, а пасьля гэтага няхай яны падвышаюць кошты на паліва, а мы ім – рахунак. Дзякуй за ўвагу”.

(Спадар: ) “Добры вечар, “Свабода”. Вось праслухаў перадачу пра слуцкія паясы. Гэта было і раней вядома, што іх ткалі ніякія не ткачыхі, а мужчыны. Вось на гэты конт у мяне (можа, і не надта справядліва) прэтэнзіі да твора Багдановіча “Зорка Вэнэра”. Можа б ВЫ пракансультаваліся ў астраномаў. Наколькі я ведаю, зорка Вэнэра ўзыходзіць раніцай. Дык ці магчыма такое спатканьне, як у Багдановіча: “Зорка Вэнэра ўзышла, калі я спаткаўся з табою”. Адпаведна вечарам яна не ўзыходзіць, а фактычна заходзіць. Ну, дакладна ня ведаю, у які час летам ці зімою. Можа, хто-небудзь са спэцыялістаў патлумачыў бы і гэтую акалічнасьць. Дзякуй. Спадзяюся дачакацца Вашага рэагаваньня”.

(Спадар: ) “Самымі значнымі ў спадара Лукашэнкі былі два выступы: “Наш Францыск Скарына пісаў Біблію ў Санкт-Пецярбурзе”. Гэта першы. І другі: “Выбары прэзыдэнта 2006-га года былі сфальшаваныя”.

(Спадар: ) “Дарагая “Свабода,” скажыце. Падвышэньне коштаў на газ Лукашэнку ды ягоным чыноўнікам не пагражае, яны мільярды грошай маюць. А для жабрацкага народу будзе Галякост беларускі. Пад немцамі быў габрэйскі Галякост, а гэта будзе беларускі. Як гэта? Кошты падымуцца на ўсё. Цяпер малако каштуе 3-4 тысячы, а будзе 6. А што ён там пэнсію прыбавіў? Усё на месцы. Ці разумееце? Калі скончыцца гэты фашызм? Дзякуй. Будзьце здаровы”.

(Спадарыня: ) “Лукашэнка казаў, што Аляксандр Казулін еў зь яго рукі. Аднак 53 дні галадоўкі даказалі, што такія, як Аляксандр Казулін, не з чыіх рук есьці ня будуць. Тым больш з рукі Лукашэнкі. А вось сам Лукашэнка добра еў з расейскай рукі, а Расея цяпер патрабуе разьлічыцца незалежнасьцю Беларусі”.

(Спадарыня: ) “Я гэтыя дні Вас не магла паслухаць. А сёньня таксама не магла, але цяпер сёмая, і зноў уключыла й трапіла так, што цяпер Данчык шаноўны сьпявае песьню “Зорачкі”. І пра матулю, і пра татулю там. Такая харошая, чульлівая песьня, што ў мяне на вачох зьявіліся сьлёзы. Мне шкода-шкода стала яго. А няўжо ж яму так цяжка на далёкай старане? Можа й цяжка, ня ведаю. Але я хацела б запрасіць яго, можа, зь якім калегам на Каляды дф зьесьць сьвянцоную платку за маю сям’ю. Дзякую за тое, што нам добра й лёгка з Данчыкам, што ён ёсьць у нас. Няхай ён будзе для нас усіх, просім”.

(Спадар: ) “Без сумневу, галоўнай падзеяй адыходзячага году зьяўляюцца падзеі на плошчы Каліноўскага пасьля сфальшаваных выбараў. Беларусь паказала беларускаму насельніцтву, менавіта насельніцтву, а не народу, што ў яе ёсьць годнасьць, што не дазваляе вешаць сабе гідкую, крывадушную, прапагандысцкую лапшыну ў выглядзе агучаных лічбаў. Моладзь адкінула каштоўнасьці ў выглядзе чаркі й шкваркі, у выглядзе ўсепаглынальнага халуйства перад нелегітымнай уладай, праявіла сапраўды грамадзянскую мужнасьць, калі кінула выклік хамскаму, зьвярынаму рэжыму, які даўно вядзе вайну са сваім электаратам, цынічна загнаўшы яго ў жабрацтва і поўнае бяспраўе. Дзякуй”.

(Спадарыня: ) “Вось і прыйшла доўгачаканая зіма. Але яна нас у Наваградку ня цешыць, бо нават у бальніцы нельга паляжаць. Там такі холад, вятры гуляюць! Я паклала сваю маці туды на суткі, але была вымушана забраць, бо настолькі халодна, фіранкі ходзяць хадуном па начох ад ветру! Куды ж глядзіць наш “кулак”? Куды ж глядзіць наш галоўурач? Што ж гэта за ўмовы для лекаваньня?! Мала таго, колькасьць ложкаў памяншаецца! Ці ў нас такі час, што людзі не хварэюць?! Людзі ў нас жахліва хварэюць, але хаця б бальніцы ўцяплілі, каб была людзям магчымасьць паляжаць. Пойдзеш у бальніцу, як кажуць, з хворым страўнікам, а вернешся з запаленьнем лёгкіх. Куды ж гэта глядзяць? Вось прамінуў Год дзіцяці, Год маці і дзіцяці. Але гэты год настолькі быў несумленны, жахлівы, страшны для дзяцей і для ўсіх! Дарагое Радыё Свабода! Я згубіла Ваш адрас, я не магу даслаць Вам паперы. Я б Вам напісала, як жахліва ставяцца да людзей. Канечне, за дзьве хвіліны я не магу сказаць Вам усяго. Як жахліва ставяцца да дзяцей, якая ідзе несправядлівасьць, адзін аднаго пакрываюць. Маё дзіця напісала скаргу ў адміністрацыю па адукацыі, але яно атрымала такі жудасны адказ, што гэта нават не па закону. Як жа нам далей жыць?! Як нам далей выхоўваць наша пакаленьне, нашых дзяцей, калі ідзе такая бескультурнасьць, бязладнасьць?!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG