Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхась Шавыркін болей не рэдагуе “Роднае слова”


Радыё Свабода Свой сыход з пасады галоўнага рэдактара штомесячнага навуковага, метадычнага й культуралягічнага часопіса Міністэрства адукацыі "Роднае слова" Міхась Шавыркін тлумачыць імкненьнем захаваць рэдакцыю й выданьне.

У адпаведнасьці з загадам міністра адукацыі ён звольнены з пасады "па згодзе бакоў". Паводле словаў спадара Шавыркіна, ён працягне працу ў выданьні рэдактарам адзелу й чальцом рэдкалегіі, а выканаўцай абавязкаў галоўнага рэдактара "Роднага слова" прызначаная Ларыса Сагановіч.

На думку Міхася Шавыркіна, зьмена галоўнага рэдактара часопіса выклікана "заўсёдным незадавальненьнем ды ўмяшаннем" кіраўніцтва нядаўна створанага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі: "Мабыць, чальцам гэтага саюзу вельмі хацелася друкавацца ў часопісе. Аднак "Роднае слова" публікуе толькі тых пісьменнікаў, у тым ліку Генадзя Бураўкіна, Уладзімера Някляева й Сяргея Законьнікава, чые творы ёсьць у школьнай праграме", – падкрэсліў былы рэдактар у інтэрвію БелаПАН.

Зь ягоных словаў, у часопісе паданыя матэрыялы па выяўленчым мастацтве, музыцы ды архітэктуры, гісторыі й культуры беларусаў і ўсіх нацменшасьцяў, якія жывуць у краіне. Усе публікацыі часопіса прызначаныя для правядзеньня ўрокаў беларускай мовы і літаратуры. За мінулыя 19 гадоў наклад выданьня вагаўся ад 3,8 да больш за 10 тысачаў асобнікаў.

Міхась Шавыркін узначальваў “Роднае слова” ад 1987 году.
XS
SM
MD
LG