Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: А.Лябедзьку дасталіся малавядомыя канкурэнты


Уладзімер Глод, Менск Сяргей Альфэр, Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька, Уладзімер Нісьцюк -- яны да іншыя вядомыя асобы з дэмакратычнага руху зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты Менскага гарадзкога савету. Хто ў іх будуць галоўнымі супернікамі?

У 22-ой Голубеўскай акрузе ў гарсавет другі раз балятуецца Сяргей Альфэр. На гэтай тэрыторыі ён, дарэчы, спрабаваў вылучацца і ў Палату прадстаўнікоў. Вось што ён кажа пра свайго галоўнага суперніка:

(Альфэр: ) "Ёсьць жанчына. І вось як мне падаецца, што гэта -- цікавая асоба. Яна -- не супернік, паколькі ўпершыню ўдзельнічае ў выбарах. І ёй будзе вельмі цяжка правесьці выбарчую кампанію. Але калі ўлады вылучаюць сваіх прэтэндэнтаў, дык, мне ўяўляецца, яны ім абяцаюць дэпутацкі мандат.

У мяне няма канкурэнтаў, паколькі ў мяне застаўся ўзровень падтрымкі. І мяне пакінулі, як я думаю, толькі дзеля таго, каб я змог вывесьці людзей на выбарчыя ўчасткі. Там астатнія кандыдаты не такія, за якіх народ пойдзе галасаваць".

Жанчына, пра якую гаворыць спадар Альфэр, гэта Лілія Багданава -- дырэктарка гандлёвага цэнтру "Кірмаш". Яна катэгарычна не пагаджаецца з вызначэньнем яе як праекта ўлады. А сваё жаданьне пазмагацца за дэпутацкі мандат тлумачыць так:

(Багданава: ) "Мне вось стала цікава: чаму ўсе кандыдаты дэкляруюць фактычна адны і тыя ж рэчы -- здароўе, права, стабільнасьць, бясьпеку, адукацыю... А чаму тады нічога не робіцца? Калі лічыць, што гэта цікавіць абсалютна ўсіх, чаму тады ў гарвыканкаме не прымаюцца рашэньні, якія б адназначна забясьпечылі выкананьне хоць бы нейкага з момантаў?".

Лілія Багданава гаворыць, што яна нічога ня ведае пра сваіх канкурэнтаў -- спадароў Альфэра і Кухто:

(Багданава: ) "Я адзінае хачу сказаць на сваю карысьць. Лічу, што сярод дэпутатаў павінны абавязкова быць людзі, якія ўжо нешта зрабілі альбо робяць цяпер. Каб гэта было нешта значнае і бачнае для жыхароў раёну".

Што тычыцца іншых вядомых апазыцыянэраў, дык у адной акрузе зь Ігарам Шынкарыкам балятуецца былы першы намесьнік старшыні Дзяржкантролю Міхаіл Матусевіч, з Уладзімерам Нісьцюком -- цяперашні дэпутат гарсавету Уладзімер Краўчанка, з Вінцуком Вячоркам -- супрацоўніца раённай адміністрацыі спадарыня Шылай. А вось Анатолю Лябедзьку дасталіся пакуль малавядомыя канкурэнты.
XS
SM
MD
LG