Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычны прытулак – праз “замінаваньне” цягніка?


Юлія Шарова, Менск Агляд недзяржаўнай прэсы за 18 сьнежня

Да канца 2010 году палепшыць жыльлёвыя ўмовы здолеюць ня больш за траціну менчукоў-чаргавікоў, дый пераважна тыя, хто мае права на льготныя крэдыты і субсыдыі. Тым з чаргавікоў, хто ня можа прэтэндаваць на такую дзяржаўную падтрымку, давядзецца альбо набываць кватэры па камэрцыйных коштах, альбо спадзявацца на тое, што ў бюджэце калісьці вычарпаюцца сродкі для льготнага крэдытаваньня й тады яны атрымаюць доступ да недарагога жытла. Пра гэта можна прачытаць у сьвежым нумары газэты “Белорусы и рынок”. Рост аб’ёмаў будаўніцтва жытла ў краіне цяпер забясьпечваецца за кошт рэгіёнаў, а ў Менску сёлета нават ня выканалі гадавы плян па гэтым паказьніку.

“Вечерний Брест” апавядае пра жыхарку Берасьця, якая паехала ў заробкі ў Літву, але не прывезла адтуль нічога, апроч крыўдаў на адну менскую фірму, што арганізавала вандроўку. Літоўскія працадаўцы падманулі жанчыну з заробкам: ёй абяцалі 1000 даляраў на месяц, але ў выніку яна за два дні здолела зарабіць толькі 11 даляраў і таму змушаная была вярнуцца.

“Рэгіянальная газета” апавядае пра тыя прыродныя сюрпрызы, якія сёлета прынесла надзвычай цёплае для сьнежня надвор’е. Кажа журналіст Сяргей Зянько:

(Зянько: ) “І ў сьнежні растуць апенькі”: пяць семеек апенькаў знайшлі ў часе прагулкі ў лес вілянчанка Ніна Ігнатовіч з мужам. Грыбы ў сьнежні яны дагэтуль ніколі не зьбіралі. Сапраўды яны зьявіліся ў нашых лясох, нягледзячы на тое, што на дварэ сьнежань. Надвор’е ўсталявалася вельмі цёплае дык вось пайшлі апенькі. Ёсьць выпадкі, калі людзі таксама зьбіралі й лісічкі”.

19-гадовы жыхар Берасьця вынайшаў арыгінальны спосаб атрымаць палітычны прытулак у Польшчы, піша “Брестская газета”. Ён прыйшоў у генэральнае польскае консульства й паведаміў пра тое, што ў цягніку №11 “Масква – Варшава” рыхтуецца выбух. Прадстаўнікі консульства перадалі гэтую інфармацыю Інтэрполу, а адтуль – расейскім і беларускім праваахоўным ворганам. Ад Масквы да Воршы цягнік суправаджалі расейцы, правяраючы яго на кожнай станцыі, ад Воршы да Берасьця – прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў. У выніку “замінавальніка” зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар і цяпер на яго завялі крымінальную справу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG