Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Кальварыйскіх могілках адкрыты помнік былому бургамістру В.Іваноўскаму


Альгерд Невяроўскі, Менск Больш двух дзясяткаў актывістаў розных грамадзкіх арганізацыяў прыйшлі сёньня на менскія Кальварыйскія могілкі, каб ушанаваць памяць аднаго з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага адраджэньня пачатку ХХ стагодзьдзя Вацлава Іваноўскага. Забіты ў сьнежні 1943 году ў Менску невядомымі тэрарыстамі прафэсар Іваноўскі быў пахаваны на Кальварыі, але ягоная магіла доўгі час была занядбаная.

Толькі напрыканцы 80-х гадоў на ёй зьявіўся драўляны крыж. А сёлета грамадзкая актывістка Людміла Ліцьвінава разам з аднадумцамі наладзілі збор сродкаў на помнік Вацлаву Іваноўскаму. Вось што сказала Людміла Ліцьвінава беларускай Свабодзе:

(Ліцьвінава: ) “Як я даведалася, хто такі Іваноўскі, і калі паглядзела, у якім стане ягоная магіла, мне было вельмі сорамна. Хацелася нешта зрабіць. Паставіць помнік. Каб ушанаваць гэтага чалавека, які, я лічу, вельмі шмат значыць для нашай нацыі”.

Невялікую гранітную стэлу з надпісам: “ Вацлаў Іваноўскі 1880—1943” асьвяціў ксёндз з Кальварыйскага касьцёлу.

Вось, што піша пра Вацлава Іваноўскага ў сваёй кнізе “150 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі” Ўладзімер Арлоў:

Вацлаў Іваноўскі – адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальна-вызвольнага руху. Нарадзіўся ён у 1880 годзе ў шляхоцкай сям''і ў маёнтку Лябёдка, недалёка ад мястэчка Васілішкі Лідзкага павету. У 1903 годзе Іваноўскі ўдзельнічаў у заснаваньні Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады.

У 1906 годзе ўзначаліў славутую выдавецкую суполку "Загляне сонца і ў наша ваконца" ў Пецярбурзе.

1918 годзе – міністар асьветы Беларускай Народнай Рэспублікі, рэктар Менскага пэдагагічнага інстытута. У 1921 годзе сышоў з палітычнай арэны, займаўся амаль выключна навукай (быў прафэсарам Варшаўскага палітэхнічнага інстытута, а ў 1939 годзе – Віленскага ўнівэрсытэта).

Да актыўнай палітычнай дзейнасьці вярнуўся ў часе Другой усясьветнай вайны. Акупацыю Беларусі разглядаў як часовую зьяву. Арыентаваўся на заходніх праціўнікаў Гітлера.

Ад лістапада 1941 года – бургамістар Менска, на гэтай пасадзе шмат зрабіў для ратаваньня людзей ад рэпрэсіяў акупантаў. Улетку 1943 года з ініцыятывы групы В.Іваноўскага было створанае нелегальнае Беларускае нацыянальна-дэмакратычнае аб''яднаньне дзеля згуртаваньня сілаў, якія мелі на мэце адбудову пасьля вайны беларускай дзяржаўнасьці.

6 сьнежня 1943 года В.Іваноўскі быў паранены на адной з вуліцаў Менска. Пакінуты ў шпіталі бязь лекарскай дапамогі, ён назаўтра памёр. Ёсьць падставы меркаваць, што гэтая акцыя была ўчыненая са згоды генэральнага камісара Беларусі Курта фон Готбэрга.
XS
SM
MD
LG