Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На Каляды ўзрастае папулярнасьць беларускай мовы


Радыё Свабода Хутка Каляды, Новы год, і трэба сьпяшацца, каб павіншаваць родных, сяброў, знаёмых са сьвятамі. І хоць новае пакаленьне выкарыстоўвае для гэтага ў асноўным мабільныя тэлефоны, дасылае SMS, электронныя лісты, якія далятаюць да адрасата амаль імгненна, засталася старая добрая традыцыя – дасылаць блізкім паштоўкі. Ці ёсьць ў продажы беларускамоўныя віншавальныя паштоўкі, высьвятляла карэспандэнтка Свабоды.

Некалькі гадоў таму гэта сапраўды было праблемай. Віншавальныя паштоўкі былі ў асноўным расейскамоўнымі. Перад сьвятамі я накіравалася на менскі паштамт. Гутару з наведнікамі адмысловага стэнду.

(Карэспандэнтка: ) “Зараз на паштамце ёсьць цэлы стэнд – “Беларускія паштоўкі” – навагоднія, калядныя. Як вы ацэньваеце выбар?”

(Дзяўчына: ) “Калі шчыра, хацелася, каб было яшчэ значна больш. Але вельмі прыгожыя!”

(Карэспандэнтка: ) “Тут і Новы год, і Каляды, і Раство, Божае нараджэньне. А вы набываеце беларускім сябрам альбо за мяжу зьбіраецеся паслаць?”

(Дзяўчына: ) “Частка сяброў ў мяне тут, у Беларусі, частка родных у Расеі жыве, у Польшчы. І я хачу менавіта беларускія паштоўкі, таму што калі выбіраеш на расейскай мове – гэта звычайна, а калі дасылаеш на роднай, беларускай мове – гэта вельмі прыгожа, і родныя вельмі рады”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вам асартымэнт?”

(Спадар: ) “Вельмі добры, падабаецца”.

(Карэспандэнтка: ) “А выбіраеце замежным сябрам ці беларускім? Чаму менавіта на беларускай мове?”

(Спадар: ) “Якія прыгажэйшыя, тыя і выбіраем”.

(Спадарыня: ) “У Расею хочам даслаць. І канечне, толькі па-беларуску”.

(Дзяўчына: ) “Я хачу даслаць за мяжу сваім сябрам, у Англію. Ім, напэўна, будзе цікава атрымаць менавіта беларускія паштоўкі. Вельмі прыгожыя паштоўкі, на любы густ – тут і праваслаўныя храмы, і беларуская прырода. Выбар проста цудоўны!”

Сапраўды, выбіраць ёсьць з чаго – я налічыла больш за чатыры дзясяткі разнастайных беларускіх паштовак – з Калядамі, са сьвятам Божага нараджэньня, з Новым годам. У савецкія часы, не сакрэт, паштоўкі выпускаліся толькі навагоднія, Пасьля таго, як Беларусь стала незалежнай, зьявіліся паштоўкі “З Ражджаством”. Таварыства беларускай мовы стала на абарону чысьціні мовы і пачало ліставаньне зь Міністэрствам сувязі і інфарматыкі. Распавядае старшыня ТБМ Алег Трусаў.

(Трусаў: ) “Мы пісалі лісты, што гэта “ражджаство” ні ў адным слоўніку беларускай мовы не прысутнічае, а “ражджаство” па-беларуску і ёсьць Каляды. Ну, а пасьля таго, як на абарону “ражджаства” выступіла Руская праваслаўная царква, цяпер мы маем самыя розныя варыянты: у нас ёсьць і з Калядамі, і з Новым годам, і з Ражджаством, і з Раством, і са сьвятам Божага нараджэньня. Прычым, я што заўважыў: у першую чаргу, народ раскупіў не з “Ражджаством”, а з “Божым нараджэньнем”. Ужо “З Божым нараджэньнем амаль няма ў продажы, а “Ражджаство” стаіць”.

Цікавыя фотаздымкі, прыгожыя малюнкі, сучасны дызайн, цудоўная паліграфія. І выпускае гэта ўсё “Белпошта”, адмысловы аддзел выданьня знакаў паштовай аплаты. Дарэчы, лепшыя ўзоры адбіраюцца на конкурснай аснове.
XS
SM
MD
LG