Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дамоўленасьці ў Маскве ставяць пад пагрозу сувэрэнітэт Беларусі...”


Валер Каліноўскі, Менск Афіцыйныя паведамленьні пра ўчорашнія перамовы А.Лукашэнкі і У.Пуціна па-ранейшаму сьціплыя. Зразумела толькі, што пад ціскам энэргетычных праблем А.Лукашэнка пагадзіўся вярнуцца да абмеркаваньня тэмаў Канстытуцыйнага акту і ўвядзеньня расейскага рубля ў Беларусі як адзінага законнага плацёжнага сродку. Кіраўнікі дзяржаваў ужо далі з гэтай нагоды даручэньні сваім урадам. На думку лідэра аб’яднаных апазыцыйных сіл Аляксандра Мілінкевіча, гэтыя дамоўленасьці нясуць наўпроставую пагрозу беларускаму сувэрэнітэту.

Аляксандар Мілінкевіч на гэтым тыдні з трыбуны Эўрапарлямэнту заявіў пра пагрозу аншлюсу Беларусі, якая зыходзіць з боку Расеі, пра неабходнасьць непрызнаньня магчымых крокаў у гэтым кірунку. На гэты конт Мілінкевіч гаварыў таксама зь нямецкім канцлерам Ангелай Мэркель, іншымі эўрапейскімі палітыкамі. Апошнія навіны з Масквы, на думку Мілінкевіча, пацьвярджаюць праўдзівасьць пагрозы аншлюсу.

(Мілінкевіч: ) “Я думаю, што гэта і ёсьць крокі да аншлюсу, таму што прадаецца радзіма, прадаецца сувэрэнітэт у абмен на захаваньне рэжыму. Рэжым баіцца эканамічнага і сацыяльнага крызысу і пачынае прадаваць радзіму. Гэта яшчэ раз сьведчыць, што трэба змагацца. Перш за ўсё нам, але вельмі добра, што эўрапейскія краіны падрыхтаваныя, яны павінны выступіць у самым пачатку і сказаць, што ніякі рэфэрэндум у дыктатарскай краіне ня будзе імі прызнаны. Я маю надзею, што і мы пакажам, што мы катэгарычна супраць, і што дэмакратычныя краіны нас падтрымаюць”.

Паводле Аляксандра Мілінкевіча, эўрапейскія лідэры перакананыя, што Беларусь павінна заставацца сувэрэннай – ад гэтага залежыць стабільнасьць у Эўропе, іх непакоіць, што Расея з дапамогай эканамічнага прэсінгу спрабуе дасягнуць палітычных дывідэндаў, дэманструючы такія свае паводзіны спачатку на Беларусі, а пазьней – на іншых дзяржавах кантынэнту.

Вядучы навуковы супрацоўнік Інстытуту сусьветнай эканомікі і міжнародных адносін Расейскай акадэміі навук Георгій Кунадзэ кажа, што пра нейкі аншлюс гаворку весьці ня варта, тут Расея вылучае найперш свае эканамічныя інтарэсы.

(Кунадзэ: ) “Да спадара Мілінкевіча і да іншых дзеячоў беларускай апазыцыі я стаўлюся з павагай, таму што ім даводзіцца нялёгка, але думаю, што ў дадзеным выпадку яны памыляюцца. Прынамсі, я ня схільны тут бачыць нейкіх далёкасяжных палітычных плянаў. Любыя дзеяньні ў кірунку аб’яднаньня магчымыя толькі на падставе ўзаемнай згоды і дамоўленасьці бакоў”.

Менскі эканаміст Леанід Злотнікаў, ацэньваючы сытуацыю пасьля ўчарашніх перамоваў, зазначае, што апошняя пастанова расейскага ўраду наконт мытаў на нафту, якая прадаецца ў Беларусь, ня будзе скасаваная.

(Злотнікаў: ) “Да таго часу, пакуль нешта такое рэальна не адбудзецца. Альбо Канстытуцыя саюзная, альбо ўвядзеньне адзінай валюты. Калі ўжо на такое пайшлі, то адмяніць проста так пад нейкія словы і абяцаньні не пагодзяцца”.

Леанід Злотнікаў нагадвае, што ў самой Расеі прынятая праграма падвышэньня кошту газу да сусьветнага ўзроўню да 2010 году, і таму тут беларускаму боку асабліва няма за што змагацца, рызыкуючы сувэрэнітэтам. Аднак, на думку Злотнікава, праблема ў тым, што на сёньня беларускі ўрад ня мае падрыхтаваных рэзэрваў для пакрыцьця страт ВУП ад новых коштаў на газ і нафту.
XS
SM
MD
LG