Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты. Калекцыя тыдня (09.12-15.12.2006)


Радыё Свабода Самыя яскравыя выказваньні герояў нашых перадачаў, што прагучалі на нашых хвалях на гэтым тыдні, словы знамянальныя, сьмешныя і жахлівыя – на сайце “Свабоды”.

“Гэта так цудоўна — адчуваць, як у тваё цела вяртаецца жыцьцё”.

Аляксандар Казулін, былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі, вязень папраўчай калёніі “Віцьба” – пасьля прыпыненьня галадоўкі, у размове з жонкай Ірынай.

“Аляксандар Казулін падкрэсьліў, што ён прыпыніў галадоўку, а не спыніў канчаткова. Ён не выключае, што адновіць сваю акцыю, і чакае, што да Калядаў зьявіцца кансалідаваная заява Эўразьвязу адносна стану з правамі чалавека ў Беларусі, а таксама заява-рэзалюцыя ці іншае рашэньне з боку вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека. Менавіта паведамленьне пра падрыхтоўку гэтых дакумэнтаў таксама стала прычынай таго, што ён спыніў галадоўку”.

Ігар Рынкевіч, адвакат Аляксандра Казуліна – пасьля сустрэчы са сваім падабаронным.

“Толькі калі ідзеш да канца, магчыма нечага дасягнуць. Я змагаюся не за сябе, а за родную зямлю, за Беларусь”.

Зь ліста Аляксандра Казуліна.

“ЗША не прызна́юць вынікаў любога магчымага рэфэрэндуму, які паставіць пад пагрозу незалежнасьць Беларусі”.

З тэксту закону ЗША “Акт аб дэмакратыі для Беларусі”, дзеяньне якога працягнута яшчэ на 2 гады.

“Пытаньне ўзьнялі не таму, што мы чакаем працяглага абмеркаваньня ў Радзе бясьпекі альбо канкрэтных дзеяньняў. Мы ўзьнялі гэтае пытаньне, бо стараемся выкарыстаць любую магчымасьць для абмеркаваньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі”.

Джонатан Мур, намесьнік пасла ЗША ў Беларусі – пра прапанову Злучаных Штатаў вынесьці на разгляд Рады бясьпекі ААН пытаньне правоў чалавека ў Беларусі.

“Ня больш чым прапагандысцкі трук, разьлічаны на СМІ”.

Андрэй Папоў, прэсавы сакратар МЗС Беларусі – пра прапанову Злучаных Штатаў вынесьці на разгляд Рады бясьпекі ААН пытаньне правоў чалавека ў Беларусі.

“Тут вось людзі ў форме кажуць з гонарам, што трэба аднаўляць для нас ГУЛАГ”.

Анатоль Лябедзька, старшыня АГП – падчас разгону акцыі апазыцыі на Кастрычніцкай плошчы.

"15 сутак за свабоду ня цяжка сядзець! Цяжка сядзець толькі вінаватым. Як у Бібліі напісана: "Бойцеся трапіць за краты рабаўнікамі, гвалтаўнікамі, злодзеямі". А за праўду сядзець ня бойцеся. За свабоду сядзець – ня цяжка!"

Аляксандар Абрамовіч, актывіст сацыял-дэмакратычнай партыі "Грамада" – пасьля адбыцьця 15 сутак арышту за акцыю салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным.

“Я траўмаваная тым, што ён спакойна памёр. Але справа не закрытая, і сьледзтва павінна працягвацца. Таму я лічу, што ён не заслугоўвае ніякіх афіцыйных хаўтураў. Ён быў дыктатарам, ён ня быў абраны людзьмі”.

Ісабэль Альендэ , дачка былога прэзыдэнта Чылі Сальвадора Альендэ – пра сьмерць былога чылійскага дыктатара Аўгуста Піначэта.

"Гэта прэмія і Аляксандра Казуліна , таксама як і Зьмітра Дашкевіча, і Паўла Севярынца, і Міколы Статкевіча, і Андрэя Клімава ды ўсіх іншых палітвязьняў у маёй краіне. Гэтая прэмія – знак неабыякавасьці Эўропы да сытуацыі ў Беларусі. Гэтая прэмія – прыклад маральнай палітыкі. Гэтая прэмія – сымбаль прызнаньня эўрапейскай будучыні Беларусі".

Аляксандар Мілінкевіч, былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі, старшыня Палітычнай рады аб''яднанай апазыцыі – з прамовы пры атрыманьні прэміі Эўрапарлямэнту імя Андрэя Сахарава.

“У выніку нашых цяжкіх і працяглых перамоваў мы быццам бы знайшлі, як тут правільна сказаць, знайшлі тую нітку, за якую зможам учапіцца. Я думаю, што найбліжэйшым часам мы зможам зьняць вельмі многія пытаньні, якія сталі цяжкімі для нас, — не хваравітымі, а цяжкімі”.

Аляксандар Лукашэнка – аб выніках перамоваў з Уладзімерам Пуціным.

“Аншлюсу Беларусі ня будзе”.

Вадзім Папоў, старшыня камісіі ў міжнародных справах палаты прадстаўнікоў.

“Увядзеньне мытаў на пастаўку нафты ў Беларусь парушае шэраг дзейных пагадненьняў, якія вызначаюць рэжым вольнага гандлю паміж дзьвюма краінамі”.

Андрэй Папоў, прэсавы сакратар МЗС Беларусі – пра рашэньне ўраду Расеі ўвесьці экспартную мыту на продаж Беларусі нафты.

“Злучаныя Штаты выказваюць сваю занепакоенасьць пазыцыяй Расеі ў справе фармаваньня коштаў на энэрганосьбіты для Беларусі... ніводная краіна не павінна выкарыстоўваць энэргетыку як зброю”.

Шон Маккормак, афіцыйны прадстаўнік дзярждэпартамэнту ЗША.

“Гаворка ўжо не ідзе пра тое, што Беларусь мусіць дзяліцца. Гаворка пра тое, што Расея не дачакалася, каб Беларусь чымсьці дзялілася, таму прыняла рашэньне ў аднабаковым парадку — браць наўпрост ад экспартэраў, а ня потым нешта патрабаваць ад беларускага ўраду”.

Яраслаў Раманчук, эканаміст, намесьнік старшыні АГП – пра рашэньне ўраду Расеі ўвесьці экспартную мыту на продаж Беларусі нафты.

“Мы хітравалі, зараблялі беспрынцыпова й дастаткова цынічна на гэтай нафце, не аддаючы ў расейскі бюджэт хаця б частку мыта… Пры гэтым яшчэ выхваляліся сваімі эканамічнымі посьпехамі… Цяпер нас злавілі за руку”.

Леанід Заіка, кіраўнік дасьледнага цэнтру “Стратэгія” – пра рашэньне ўраду Расеі ўвесьці экспартную мыту на продаж Беларусі нафты.

“Рынак ёсьць рынак, але дзіўна выглядае ў тым сэнсе, што ўсе гэтыя гады мы жылі ў такім сяброўстве. Фактычна, жылі коштам Расеі, і тут раптам распачаўся рынак. Зь іншага боку, пазытыўна тое, што гэта падштурхне да рэфармаваньня эканомікі ў нас. Бо іншага шляху ня будзе. Магчыма, будзе інфляцыя і ўлада забаіцца пратэстаў. Бо людзі ў нас любяць ня нейкія сымбалі, а цяпло ў кватэрах, танныя харчы й паліва. Таму, найхутчэй, распачнуцца нейкія рэформы”.

Малады мянчук – у адказ на пытаньне “Свабоды”: “У 2007 годзе Расея ўводзіць экспартнае мыта на нафту для Беларусі. Як Вы ставіцеся да гэтага рашэньня?”

“Мы бачым, што ў беларускіх дзяржаўных мэдыях ідзе сур''ёзная антырасейская прапаганда. І робіцца гэта паводле загаду прэзыдэнта Лукашэнкі. Дайшло да таго, што паводле апытаньняў, ва Ўкраіне жаданьне інтэгравацца з Расеяй больш, чым у Беларусі, нягледзячы на тое, што і газавы канфлікт з Украінай быў больш востры. Узровень антырасейскасьці беларускіх СМІ нават вышэй, чым украінскіх”.

“Эканамічны і сацыяльны крызіс магчымы, але ён наўрад ці перарасьце ў палітычны, паколькі папулярнасьць Аляксандра Лукашэнкі значна, на некалькі парадкаў вышэй папулярнасьці ўсіх ягоных апанэнтаў разам узятых”.

Сяргей Маркаў, сябра Грамадзкай палаты пры прэзыдэнце Расеі – пра матывы палітыкі Расеі адносна Беларусі.

“Што тычыцца 2004 года, то трэба было даводзіць справу да канца. І зараз, я мяркую, мы давядзем справу да канца”.

Сяргей Караганаў, старшыня расейскай Рады зьнешняй і абарончай палітыкі – пра беларуска-расейскі газавы крызыс 2004 году і пра цяперашнія двухбаковыя адносіны.

“У цяперашніх дыскусіях мы часта гаворым паасобку. Адны падкрэсьліваюць толькі стратэгічную важнасьць пашырэньня для міру і дэмакратыі. Іншыя акцэнтуюць толькі ўнутраныя праблемы, якія аслабляюць нашую здольнасьць інтэграваць новых чальцоў. Калі гэтыя падыходы не сустрэнуцца, нам пагражае размываньне аўтарытэту Эўразьвязу ў краінах-кандыдатах на ўступленьне”.

Олі Рэн, камісар Эўрапейскага Зьвязу ў пытаньнях пашырэньня.

“Кажучы пра пэрспэктывы Эўразьвязу, мы павінны ў першую чаргу казаць не пра пашырэньне межаў, а пра пашырэньне прынцыпаў, на якіх базуецца ЭЗ. На мапе Эўропы ёсьць такія краіны, як Беларусь, дзе няма свабоды і дэмакратыі, дзе ўлада ўжывае рэпрэсіі супраць уласнага народу. Эўропа павінна зьмяніць сваё стаўленьне да праблемы Беларусі. Сёньня не дастаткова проста маральных жэстаў, неабходная палітычная абарона Беларусі, мы павінны ў гэтым кірунку выкарыстаць усе дыпляматычныя магчымасьці краінаў-сябраў ЭЗ”.

Нікаля Сарказі, міністар унутраных справаў Францыі.

“На гэтых выбарах ніякіх рэвалюцыяў не плянавалася, і радыкальна нічога не мяняецца”.

Віктар Івашкевіч, намесьнік старшыні Партыі БНФ – пра мясцовыя выбары.

“Я застаўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў і кіраўніком — падкрэсьліваю — апазыцыйнай палітычнай партыі. Што б пра нас ні казалі, але мы маем самастойную праграму, і ў дадзеным выпадку гэтае прызначэньне — сымбалічнае. Гэта якраз можна разглядаць як пачатак дыялёгу, пра што шмат гаворыцца апошнім часам”.

Сяргей Гайдукевіч, старшыня ЛДП, дэпутат палаты прадстаўнікоў – пра прызначэньне яго спэцыяльным прадстаўніком міністра замежных справаў Беларусі у справах узаемадзеяньня з эўрапейскімі парлямэнцкімі структурамі.

“Як і многім прадстаўнікам сучаснай моладзі, мне цяжка верыць у нешта адно. Я веру ўва ўсё патроху”.

Віка Трэнас, студэнтка Белдзяржунівэрсітэту, паэтка – у перадачы Свабоды “У што я веру?”

“Як казала некалi ў адказ на любое маё пытаньне мая малодшая дачка: “Тата, так гістарычна склалася…”

“Талент, творчасьць – не адно ад Бога, д’ябал таксама натура творчая”.

“Як з майго вопыту, дык ва ўмовах, калі адзін бок патрабуе ад другога (скажам, як ад мяне Лукашэнка) толькі таго, што толькі яму патрэбна і выгадна, дык на нейкім тваім кроку (трэцім ці пятым) на шляху да “канструктыўнага згодніцтва” цябе непазьбежна адштурхнуць да проста згодніцтва, якое ўжо можна будзе назваць здрадай – і тады пытаньне толькі ў тым, ці ты ўпрэсься, устаіш ці не…”

“Алькаголь - субстанцыя сынтэтычная і катэгорыя філязофская”.

“Набярыся, Кастусь, трываньня. Апроч Нобэлеўскай прэміі, беларусы яшчэ шмат чаго не атрымалі”.

Уладзімер Някляеў, пісьменьнік – падчас онлайн канфэрэнцыі на Свабодзе.

“Бюджэт складзены з улікам усіх пажаданьняў, але ў межах магчымага”.

Сяргей Кісялёў, старшыня парлямэнцкай камісіі па бюджэце, фінансах і падаткавай палітыцы – аб дзяржаўным бюджэце Беларусі на 2007 год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG