Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка можа зьвярнуцца да Захаду па дапамогу, але яго чакае вялікі тэст”


Юры Дракахруст, Прага Матывы цяперашняй расейскай палітыкі адносна Беларусі, урокі, якія Расея зрабіла з крызысаў 2002 і 2004 гадоў – такія тэмы наступнага “Праскага акцэнту”. Сярод удзельнікаў перадачы – кіраўнік аддзелу СНД Нямецкай рады зьнешняй палітыкі Аляксандар Рар.

Ці дамовіліся Беларусь і Расея па энэргэтычных пытаньнях, у прыватнасьці, па продажу “Белтрансгазу”?

(Рар: ) “Ніякай дамоўленасьці насамрэч не было. І я лічу, што напачатку году можа быць вельмі сур''ёзны крызіс, кшталту таго, што мы бачылі ў расейска-ўкраінскіх адносінах сёлета. Дамоўленасьці няма, ёсьць спроба дамовіцца. Але гледзячы на міміку, на рэакцыю Лукашэнкі і Пуціна пасьля кожнай сустрэчы, назіральнік прыходзіць да высновы, што паміж імі адносіны значна горшыя, чым, скажам, паміж Юшчанкам і Пуціным. Мне здаецца, што ў 2006 годзе Расея рэзка зьмяніла правілы гульні і хоча збудаваць свае адносіны з краінамі блізкага замежжа як з краінамі на Захадзе. Я мяркую, што Масква пазбавілася ілюзіяў наконт таго, што зможа дамагчыся аб''яднаньня зь Беларусьсю, а гэта быў спадзеў Пуціна на працягу ўсяго ягонага першага тэрміну. І ў апошнія месяцы свайго праўленьня Пуцін ня тое што будзе караць Беларусь за тое, што яна гуляла зь ім кошкі-мышкі, як гэта здавалася Маскве, але будзе будаваць адносіны зь ёю як, скажам, з Баўгарыяй, Румыніяй, Польшчай, балтыйскімі краінамі”.

Ці не баяцца ў Маскве, што Лукашэнка можа павесьці Беларусь на Захад?

(Рар: ) “Я думаю, што ў Крамлі быў зроблены разважлівы аналіз, што Лукашэнка нікуды не падзенецца, што ў яго няма іншага выйсьця, як у Грузіі ці Ўкраіны – спрабаваць убудавацца ў структуры саміту. Але і з Грузіяй усё няпроста. Прыгадаем рыскі саміт НАТА, дзе не было рашэньня аб запрашэньні Грузіі ў НАТА, хаця ўсе перадумовы для гэта былі. Я мяркую, што ў Крамлі разьлічылі, што пры Лукашэнцы Беларусь нікуды не падзенецца. А Расея хоча зь Беларусьсю ўсё ж збудаваць новую дзяржаву. Лукашэнка ўсе 7 гадоў кіраваньня Пуціна проста гуляў з Масквой, абяцаў адно, рабіў іншае. Прыклад – тое, што бакі ніяк не змаглі дамовіцца наконт адзінай валюты. Лукашэнка цьвёрда сказаў, што адзінага эмісійнага цэнтру ня будзе. Тады Пуцін гэтак жа цьвёрда сказаў, што тады танных энэрганосьбітаў для Беларусі таксама ня будзе. Гэтае напружаньне – частка таго напружаньня, якое пануе на ўсім кантынэнце ў сувязі з Расеяй. Расея дала зразумець, што ня будзе пагаджацца на кампрамісы. Яна лічыць, што яна мацней, ёй здаецца, што яна можа размаўляць з пазыцыі сілы, чаго не магла яшчэ некалькі гадоў таму”.

Ацэнка прапановаў Эўразьвязу Беларусі

(Рар: ) “Ну, Захад усё роўна настойвае на выкананьні тых умоваў, якія вылучыў Лукашэнку яшчэ пасьля роспуску парлямэнту ў 1997 годзе. Санкцыі дзейнічаюць. У чымсьці Захад ідзе на іх зьмякчэньне. Але, на мой погляд, Лукашэнка пакуль зрабіў вельмі мала, каб працягнуць руку Захаду, каб збудаваць мост у Эўропу. Прапановы Эўропы ляжаць на ягоным стале, ён іх ведае – гэта дасьледваньне палітычных зьнікненьняў, гэта вызваленьне СМІ. Эўразьвяз чакае крокаў ад Лукашэнкі.

Што тычыцца Расеі, то там, як мне здаецца, прыйшлі да высновы , што Лукашэнка – ня той чалавек, які калі-небудзь можа быць прынятым на Захадзе і што ў яго няма выйсьця, як трымацца за Расею”.

Ці можа Эўропа падтрымаць Беларусь, калі адбудзецца крызіс, падобны на той, што быў у адносінах паміж Расеяй і Ўкраінай напачатку 2006 году?

(Рар: ) “Для Эўропы значна больш небясьпечны рускі імпэрыялізм, чым паўдыктатура ці аўтарытарны рэжым Лукашэнкі. Вы маеце рацыю – калі Расея пачне пагражаць Беларусі, то Захад можа ўстаць на бок Лукашэнкі. Але я ня думаю, што Расея да гэтага давядзе гэты канфлікт. Што тычыцца транзыту, то галоўныя транзытныя шляхі ідуць пераважна праз Украіну. Ня трэба забываць, што да 2010 году будзе збудаваны альтэрнатыўны шлях праз Балтыйскае мора.

Але зьвярніце ўвагу – Захад абараняе Ўкраіну ад Расеі, але дае зразумець Кіеву, што ён павінен прадаваць свае транзытныя магутнасьці Нямеччыне, Італіі ці Францыі. Дапамога ці падтрымка Беларусі з боку Эўропы таксама ня будзе альтруістычнай. І на Захадзе ёсьць свае інтарэсы, у тым ліку і эканамічныя. Лукашэнка можа зьвярнуцца да Захаду па дапамогу, але тут яго чакае, я мяркую, вялікі тэст. Ён павінен вельмі шмат адкрыць у сваёй краіне для заходніх інтарэсаў, а гэта можа паставіць пад пытаньне яго цяперашнюю палітычную базу”.

Ацэнка амэрыканскай палітыкі адносна Беларусі

(Рар: ) “Я мяркую, гэта сьведчыць пра тое, што ў ЗША ідзе перабудова падыходаў да зьнешняй палітыкі. ЗША занепакоеныя сваім становішчам у Іраку, і пастсавецкая прастора – запасная пляцоўка, дзе Амэрыка можа набыць геапалітычныя ачкі, калі яны будуць губляцца ў іншых рэгіёнах.

Што тычыцца Беларусі, то гэтыя два крокі адлюстроўваюць дзьве лініі ў зьнешняй палітыцы. Ёсьць людзі, якія спадзяюцца, што менавіта зараз можна дамовіцца з Лукашэнкам і назаўжды вывесьці Беларусь з расейскай арбіты. Ёсьць у амэрыканскім істэблішмэнце іншыя сілы, якія наагул ня хочуць займацца геапалітыкай, яны разглядаюць сьвет праз прызму заходніх каштоўнасьцяў. Дзе іх няма, там трэба іх прасоўваць. І для такіх падыходаў Беларусь – адна з тых краінаў, якія павінны адчуваць ціск Амэрыкі, каб зьмяніцца знутры”.

Ацэнка ўстойлівасьці становішча Лукашэнкі

(Рар: ) “Я думаю, што ўнутры Расеі ёсьць уплывовыя экспэрты, якія крытыкуюць Крэмль за тое, што ён ставіць толькі на Лукашэнку і ня хоча разглядаць ніякія альтэрнатывы. Але ў Беларусі пакуль і ня пахне "аранжавай" рэвалюцыяй. Там няма свайго Юшчанкі, лідэра, які б быў даволі блізка зьвязаны са структурамі ўлады і меў досьвед кіраваньня, а таксама вялікую папулярнасьць. З пункту гледжаньня Захаду такім чалавекам тэарэтычна мог бы стаць Аляксандар Мілінкевіч, але з пункту гледжаньня самой Беларусі і Расеі ён да гэтага не падыходзіць. Паглядзім, як пойдуць падзеі. Нельга забываць, што 15 гадоў таму Беларусь пасьля распаду СССР Беларусі прагназавалі залатую будучыню ў Эўразьвязе, якая ішла самымі хуткімі крокамі ў бок Брусэлю, у адрозьненьні ад Расеі і Ўкраіны. Ніхто ня ведае, што будзе праз 10 гадоў. Але сёньня даводзіцца лічыцца з Лукашэнкам. Ён мае падтрымку, хай не 80% насельніцтва, але вялікую, ён кантралюе дзяржаўныя органы, ён для Беларусі не ізгой, у яго дастаткова салідная база. Я ня думаю, што зьмена рэжыму, сілавы варыянт магчымы сёньня ў Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG