Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 15 сьнежня


Дзьмітры Падбярэскі, Менск Агляд беларускага сеціва

На форумах парталу tut.by абмяркоўваюцца сёньняшнія навіны з Масквы. На тле збольшага пэсымістычных камэнтароў кшталту «9,5 мільёнаў нявольнікаў прададзеныя», наведнік old_mason піша: “Пра адзіную валюту казаў яшчэ Кебіч у 1993 годзе... Казаць пра адзіную валюту — гэта казаць ні пра што... Пра канстытуцыйны акт гэта і зусім нуль, бо трэба правесьці працяглую працэдуру, больш за два гады, па юрыдычнаму афармленьню гэтай фікцыі. Гэта нам увесь гэты час бясплатны газ будуць даваць? Пра вынікі перамоваў можна меркаваць па такому індыкатару, як цукар, вагоны зь якім ня зь першага студзеня, а ужо цяпер стаяць у Маскве. Значыць, вынікі перамоваў нуль! І ўсё будзе вырашацца адключэньнямі газа па першым студзеня».

На форумах парталу tut.by таксама камэнтуецца навіна пра тое, што суд не задаволіў касацыйную скаргу Зьміцера Дашкевіча. Andy_K адзначае: “Затое ня зьгінуў бяз вестак”. Простопрохожий заўважае: “Галоўнае, сьпісачак асабліва актыўных судзьдзяў і прыхлябацеляў не згубіць! Гэтая ж тэма абмяркоўваецца ў суполцы Жывога журналу minsk_by. Szalinka піша: “Дашкевіч быў асуджаны за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. І ня важна, што ён зрабіў ці не зрабіў. Ён варты ўвагі як вязень сумленьня, як ахвяра рэжыму».

Карыстальнік czalex ва ўласным інтэрнэт-дзёньніку нагадвае: “Заўтра — Дзень беларускай салідарнасьці. Масквічы, сустракаемся 15:45 м. Кутузаўская, альбо 16:00 ля помніка Янку Купалу. Пасьля гэтага пойдзем разам глядзець фільм "Урок беларускай мовы".

Пад загалоўкам «Фінскія дыпляматы дбаюць аб цяжарных беларусках» Алесь Васількоў паведамляе на сайце “Народныя навіны з усіх куткоў”: «Была адабраная група рызыкі ў 100 чалавек зь ліку найбольш сацыяльна абмежаваных. Ім цягам году выдаваўся вітамінны прэпарат "Сорбісер", яшчэ 60 патэнцыйным маці — прэпарат, які ўтрымлівае жалеза. Апрача таго, 15 дзяцей дома-інтэрнату атрымалі бясплатна дыетычнае харчаваньне».

Інтэрнэт-выданьне “Ежедневник паведаміла: “Менгарвыканкам мае намер зрабіць гэтую навагоднюю ноч самай ціхай у гісторыі сьвята. Дзеля таго, каб у Менску не грукаталі пэтарды і самаробныя салюты, дзяржаўныя органы датэрмінова прывялі ў дзеяньне знаходжаньне і канфіскацыю нелегальнай піратэхнікі. Адначасова з гэтым супрацоўнікам міліцыі дадзена каманда затрымліваць усіх, хто будзе ў Менску ўзрываць ці запускаць. Дазволена карыстацца толькі бэнгальскімі агнямі”.

У гасьцёўні сайту Менсктрансу Вольга Ўладзімераўна задаецца пытаньнем: «Скажыце, калі ласка, на якой падставе работнікі "Менсктрансу" адмаўляюцца браніраваць білеты па маршруту Нарач-Менск на 1 студзеня 2007г? Як сем''ям зь дзецьмі вярнуцца ў Менск па калядных сьвятах?”. Адказу на гэтае пытаньне на сайце пакуль няма.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG