Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня пачынаецца габрэйскае сьвята Ханука


Любоў Лунёва, Менск Сёньня пасьля заходу сонца запаліліся першыя ханукальныя сьвечкі. Сьвята Ханука будзе доўжыцца да 23 сьнежня.

Гэтае сьвята публічнае. На плошчы запальваюць рытуальныя сьвяцільнікі – ханукіі. А ў дамах ханукіі ставяць так, каб сьвятло было відаць на вуліцы.

Сябры габрэйскай дабрачыннай арганізацыі “Хэсэд-Рахамім” будуць віншаваць людзей, якія з-за хваробы не выходзяць з дому. Сьвяточны канцэрт Ханукальнага фэсту адбудзецца ў нядзелю ў Доме вэтэранаў. Будуць выступаць найлепшыя творчыя калектывы габрэйскіх суполак.

У другім стагодзьдзі да нашай эры цар Сырыі Антыёх вырашыў гвалтоўна прымусіць габрэйскі народ адмовіцца ад сваёй веры і традыцый. Пад страхам сьмяротнага пакараньня забаранялася вывучаць Тору, сьвяткаваць суботу (Шабат) і весьці адлік дзён паводле габрэйскага календара.

Габрэі пачалі паўстаньне. Яго ўзначаліў сьвятар Матыц’ягу са сваімі пяцьцю сынамі. Адзін сын, Ягуда Макабі, быў асілкам. Усе войны, якія ён вёў цягам трох гадоў сталі называць “Макавейскімі”. Нарэшце, 25 дня месяца Кіслеў (164 г.да Нараджэньня Хрыстовага) паўстанцы, атрымаўшы перамогу, падняліся на Храмавую гару. Але там знайшоўся толькі адзін кубак зь неапаганеным алеем для сьвяцільніка – гэтага алею магло хапіць толькі на адзін дзень. Адбыўся цуд – сьвяцільнік гарэў 8 дзён, столькі, колькі спатрэбілася, каб вырабіць новы алей. Сьвята Ханука – памяць тых падзеяў. У першы вечар вернікі запальваюць адну сьвечку, у другі – дзьве і г.д.
XS
SM
MD
LG