Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларускія каталікі рыхтуюцца да калядаў?


Галіна Абакунчык, Менск У каталіцкіх храмах Беларусі гэтымі днямі гучаць стрыманыя “сьпевы ў посьце”. Вернікі й сьвятары рыхтуюцца да cьвята Божага нараджэньня.

У галоўным каталіцкім храме, менскім Катэдральным касьцёле імя найсьвяцейшай панны Марыі, гэтымі днямі праходзяць перадкалядныя рэкалекцыі. Гэта рэлігійныя гутаркі сьвятароў зь вернікамі, якія разам з постам ёсьць абавязковым складнікам падрыхтоўкі да сьвята. Людзей у касьцёле цяпер вельмі шмат.

(Спадарыня: ) “Цяпер у касьцёле адбываюцца рэкалекцыі, больш сьвятароў прыбывае — і можна паспавядацца. Пост, канечне ж. Бо падарункі дзецям — гэта адно. Галоўнае падрыхтавацца духоўна. Чакаць нараджэньня Ісуса ў сваім сэрцы й годна яго прыняць”.

(Спадарыня: ) “Я, канечне, рыхтуюся. Вось іду на рэкалекцыі, затым да споведзі. Ялінку набудзем, 23-га ўбярэм. 24-га — у касьцёл на імшу. Вядома, мы каталікі даўнія, захоўваем усе традыцыі”.

Супрацоўнікі касьцёлу кажуць, што стаенкі з нованароджаным Хрыстом, ялінкі ды іншыя ўпрыгожваньні ў касьцёлах зьявяцца бліжэй да сьвята. А гэтымі днямі людзі ахвотна набываюць калядныя сьвечкі, паштоўкі, аплаткі. Маладыя парафіяне рыхтуюць калядныя пастаноўкі — прыкладам, у касьцёле Сьвятога Роха, што на вуліцы Залатая горка.

(Юнак: ) “Тут у нас на Залатой горцы рыхтуецца пастаноўка “Тэатар ценяў”. Гэта вялікі экран з пэўнымі вобразамі й гукамі, якія апавядаюць гісторыю пра тое, як засьвяціла Бэтлеемская зорка. Удзельнічае школьная моладзь, студэнты, працоўная моладзь”.

(Юначка: ) “Гэта рыхтуе старэйшая моладзь. А яшчэ ёсьць маленькія дзеткі, у іх ёсьць свой тэатар, яны таксама ўдзельнічаюць. Так што ў нас уся моладзь рыхтуецца да сустрэчы з Ісусам”.

Калядкі да сьвята прымеркавалі й стваральнікі інтэрнэт-сайту “Dzietki.org”. Яны рыхтуюць беларускамоўны навагодні ранішнік — ці не адзіны ў Менску, а таму ахвочых патрапіць сюды вельмі шмат, кажа адна з арганізатарак Крысьціна Вітушка:

(Вітушка: ) “Першапачаткова мы дамаўляліся на 40 сем’яў, але да сьвята яшчэ дзесяць дзён, а ў нас ужо 30. Так, што, напэўна, людзей будзе больш. Расьце цікавасьць да якаснага сямейнага сьвята, да пэўных гарантыяў, што на нашым сьвяце ня будзе п’яных актораў і нецьвярозых бацькоў. Гэта людзей прываблівае. І я ня чула, каб раней такія беларускія сьвяты адбываліся”.
XS
SM
MD
LG