Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прысуд Зьмітру Дашкевічу пакінулі бязь зьменаў (фота)


Любоў Лунёва, Менск Менскі суд не знайшоў падставаў для зьмяншэньня тэрміну пакараньня Зьмітру Дашкевічу. Яго трымаюць пад вартай ад 15 верасьня. 1 лістапада суд Кастрычніцкага раёну Менску пакараў лідэра “Маладога фронту” зьняволеньнем на паўтара году за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Вэрдыкту Менскага суду на вуліцы чакалі каля двух дзясяткаў актывістаў “Маладога фронту” й праваабаронцы. Маладафронтаўцы сталі ланцугом з партрэтамі Зьмітра Дашкевіча. Калі да іх выйшаў бацька Зьмітра й паведаміў, што прысуд пакінулі бязь зьменаў, яны пачалі скандаваць “Ганьба!”. Спэцназаўцы патрабавалі спыніць акцыю, але людзі не разышліся. Пастаяўшы некалькі хвілінаў, усе рушылі ў бок мэтро. Бацька Зьмітра Дашкевіча сказаў “Свабодзе”:

(Дашкевіч: ) “Вельмі шкадую, што не сказаў ім, што яны зрабілі прысуд сваім дзецям, бо закон бумэрангу няўхільны. Я захацеў паглядзець спачатку ў вочы пракурору. Гаварыла мне спачатку, апусьціўшы вочы. Я ёй кажу: “Паглядзіце мне ў вочы”. Праўда, падняла вочы, быццам бы спакойныя, але мне падалося, што нейкія агеньчыкі трывогі бегалі ў яе ў зрэнках. “Палягчала?” — яна мяне спытала. Я гавару: “Палягчала”. Тое ж самае сказаў і судзьдзям. Кажу: “Вы лічыце, што вынесьлі правільны прысуд?” А яны: “Ня будзем дэбатаваць”.

Праваабаронца Людміла Гразнова лічыць, што рашэньне трымаць Зьмітра Дашкевіча за кратамі палітычна матываванае:

(Гразнова: ) “Улада вельмі баіцца моладзі, тых, хто гатовы на ўсё. Там ня думаюць у органах бясьпекі, яны па-старому, па-калгаснаму толькі выконваюць загады. Такія прысуды даюць, бо Зьміцер – высокі аўтарытэт. Ён ня толькі вулічны лідэр, але й лідэр усёй моладзі. Яна за ім ідзе”.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч дадаў:

(Стэфановіч: ) “Была ў мяне надзея ў зьвязку з тым, што былі гэтыя прапановы Эўразьвязу, і Гайдукевіча МЗС прызначыў адказным за перамовы. Я думаў, што будуць імітаваць перамоўныя працэсы й пад гэтую марку, можа, нешта зьменіцца. Мы, як і раней, лічым Зьмітра вязьнем сумленьня, а практыку выкарыстаньня артыкулу 193 і наяўнасьць яго ў Крымінальным кодэксе лічым антыканстытуцыйнай і незаконнай”.

Зьміцер Дашкевіч знаходзіцца ў карантыннай зоне Шклоўскай папраўчай калёніі. Правілы ўнутранага распарадку калёніі дазваляюць дасылаць палітвязьню грашовыя пераводы, але ня больш за 400 тысяч рублёў. Цягам трох месяцаў ён можа атрымаць харчовыя перадачы — разам 30 кіляграмаў і лекі вагой да 2 кіляграмаў. Да канца карантыну спатканьні палітвязьню не дазваляюцца.


Бацька Зьмітра Дашкевіча Вячаслаў
XS
SM
MD
LG