Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як вы ставіцеся да рашэньня Расеі падвысіць цэны на нафту й газ для Беларусі?


Альгерд Невяроўскі, Менск Апытаньне Свабоды на вуліцах Менску.

(Спадар: ) “Цяжка нам будзе жыць. Вось і ўсё”.

(Спадарыня: ) “Пэўна адмоўна. Нашай краіне будзе цяжэй. Згубім матэрыяльна, будзе цяжар на жыхарах. Той жа газ, бэнзін падаражэе. Цяжка будзе”.

(Хлопец: ) “Ня ведаю. Я ня маю машыны, і мяне гэта не асабліва тычыцца. А газ — пра гэта пакуль нічога не чуваць. Падвышэньне цаны на газ пры цяперашняй палітыцы Лукашэнкі ў галіне газыфікацыі ўдарыць па эканоміцы”.

(Спадар: ) “У нечым яны маюць рацыю. Яны мусяць праводзіць палітыку для абароны сваёй дзяржавы. Што тычыцца Беларусі, то мы раней павінны былі прадугледзець магчымасьць такіх падзеяў. І адрэагаваць на іх”.

(Спадар: ) “Адмоўна. Мы плянуем саюз, і такое стаўленьне да найбліжэйшага стратэгічнага саюзьніка Беларусі… Падвышаць цэны… Хаця прадаюць Смаленскай вобласьці па іншай цане. У нас жа дамоўныя дачыненьні столькі гадоў складаліся. Сяброўскаму народу выстаўляць усясьветныя цэны? Я лічу, што гэта няправільна”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы ставіцеся да рашэньня Расеі істотна падвысіць цэны на нафту й газ для Беларусі?”

(Спадарыня: ) “Я думаю, што гэта не найлепшым чынам адаб’ецца на эканоміцы Беларусі. На ўзроўні жыцьця людзей”.

(Спадар: ) “Шчыра кажучы, абсалютна станоўча. Чаму мы павінны купляць нафту й газ за льготныя цэны? Павінны быць у роўных умовах. А наш народ усё вытрымае”.

(Хлопец: ) “Нэгатыўна. Гэта неапраўдана. Чаму павінны падымаць цану на газ, калі ў нас саюзная дзяржава з Расеяй? Чаму гэта адбываецца, мне незразумела”.

(Спадар: ) “Гэта ж іхная праблема. Яны прадаюць за рынкавыя цэны Эўропе. Думаю, што гэта правільна. Раней ці пазьней гэта павінна было здарыцца”.

(Спадарыня: ) “Няхай сабе. Гэта ж іхныя газ і нафта. Гэта ж рынак. Трэба шукаць іншага выйсьця, нейкія шляхі. Можа, дзесьці ў іншым месцы трэба купляць. Няхай думаюць мэнэджары — гэта іхная праца”.
XS
SM
MD
LG