Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці захаваем цяперашні ўзровень жыцьця ў 2007 годзе?


Уладзімер Глод, Менск Удзельнікі: прафэсар, былы кіраўнік Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч і кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

(Уладзімер Глод: ) “Ад новага году Расейская Фэдэрацыя распаўсюджвае на Беларусь стаўкі экспартных мытаў на сырую нафту. Гэта значыць, што ранейшыя льготы для Беларусі скасаваныя. Пастанова, якую ўчора падпісаў расейскі прэм’ер Міхаіл Фрадкоў, паўплывае на прыбытковую частку бюджэту Беларусі. Ці гэта вялікія грошы? І як іхная адсутнасьць адаб’ецца на бюджэце Беларусі, які ўжо ўхвалены Палатай прадстаўнікоў у другім чытаньні?”

(Станіслаў Багданкевіч: ) “Мы экспартуем з Расеі з разьліку на год прыкладна 20 мільёнаў тон нафты. Калі перамножыць гэта на кошт экспартнай мыты — 180 даляраў, дык атрымліваецца больш за тры мільярды даляраў. Існуюць, праўда, больш дасканалыя разьлікі. Але й паводле іх губляюцца два мільярды! Вось такая дадатковая страта для бюджэту”.

(Глод: ) “Спадар Раманчук, у вас такія ж разьлікі?”

(Яраслаў Раманчук: ) “Лічбы — рэч канкрэтная. І таму я пагаджаюся з Станіславам Антонавічам. Хаця гэта можа быць і 3,5, і нават 4 мільярды. Паколькі Беларусь не атрымае яшчэ й прыбыткаў ад экспарту, якія можна было б выкарыстаць на інвэстыцыі, на падвышэньне заробкаў. Але ўрэшце і 2 мільярды для бюджэту, які складае каля 15 мільярдаў у наступным годзе — такая рэч, што, безумоўна, прымусіць урад пайсьці на перагляд пустога й нерэалістычнага бюджэту.



На мой погляд, гэта сьведчыць пра тое, што ні ўрад, ні прэзыдэнцкая адміністрацыя рэальна не разумеюць сытуацыі, якая вельмі рызыкоўная. Адсутнасьць 2—2,5 мільярдаў даляраў азначае, што мы не атрымаем інвэстыцыяў на сельскагаспадарчыя й прамысловыя праекты. Мне падаецца, што Нацыянальны банк будзе вымушаны прадаць свае рэзэрвы, яны хутка скончацца. А пасьля ён будзе прымушаць банкі крэдытаваць прадпрыемствы, якія ня могуць прадаць сваёй прадукцыі”.

(Глод: ) “А ці можна разглядаць іншы варыянт — кіраўніцтва краіны знойдзе неабходныя грошы й запоўніць фінансавую дзірку, якая ўтворыцца ў бюджэце? Што вы думаеце на гэты конт, спадар прафэсар?”

(Багданкевіч: ) “Я думаю, што ўрад будзе вымушаны шукаць крыніцаў для разьвіцьця краіны. Бо раней крыніцай так званага беларускага эканамічнага цуду былі льготныя расейскія цэны на газ і нафту. І дадавайце да гэтага велізарны рост коштаў на нафту на міжнародным рынку. Тут вельмі важна яшчэ, як вырашыцца пытаньне з цэнамі на газ. Бо калі й яны ўзрастуць, дык гэта сапраўды можа весьці да краху. А калі ня будзе толькі двух нафтавых мільярдаў, дык, на маю думку, беларускі бюджэт вытрымае.

З другога боку, расейскі прэзыдэнт заяўляў, што калі цана на газ для Беларусі падвысіцца, дык ёй можна даць і льготны крэдыт. Таму беларускі ўрад можа гэтым скарыстацца, тым больш, што зьнешняя запазычанасьць нашай краіны невялікая — толькі 5 мільярдаў, а запазычанасьць ураду — толькі 500 мільёнаў. Такога выйсьця з сытуацыі нельга адкідаць. І гэта азначае, што абвал, які можа быць, затрымаецца на некалькі гадоў. Інакш, безумоўна быў бы абвал”.

(Глод: ) “Пазаўчора міністар фінансаў Мікалай Корбут выступаў у Палаце прадстаўнікоў. І ён сказаў, што тры дні таму падпісаў у Нямеччыне пагадненьне на крэдыт для Беларусі на 65 мільёнаў эўра. Ці азначае гэта, што можна сабраць такім чынам й каля 2 мільярдаў? І яшчэ — вядома, што акрамя бюджэту ў Беларусі існуе й прэзыдэнцкі фонд. Мо адтуль возьмуцца грошы?”

(Раманчук: ) “65 мільёнаў — гэта пырскі параўнальна з тымі праблемамі, якія мае сёньня Беларусь з нафтай і газам. Я думаю, што Беларусь, якая пакуль нават ня мае крэдытнага рэйтынгу (а калі ён і будзе, дык вельмі нізкі, пра што казаў і міністар Корбут), ня зможа нават прыцягнуць і 500 мільёнаў крэдытаў. І таму калі гаворка ідзе пра тое, як фінансаваць дэфіцыт бюджэту, паўстае пытаньне: адкуль узяць грошы? І яны бяруцца альбо празь Мінфін (аблігацыі) альбо праз Нацбанк. Таму я лічу, што магчымасьці крэдытаваньня беларускіх праблемаў на эўрапейскім рынку вельмі абмежаваныя.

Зразумела, што можна нешта прадаць зь дзяржаўнай маёмасьці. Але ж урад ня мае канцэпцыі прыватызацыі. І таму я бачу, што Нацыянальны банк будзе вымушаны працаваць як крэдытор апошняй надзеі. Гэта прывядзе да ўзрастаньня рублёвай масы, валюты будзе менш, паколькі перапрацоўваць нафту ўжо ня будзе так выгадна, як цяпер.

Гэтая сытуацыя нагадвае мне тую, што была пры развале савецкай сыстэмы. У міні-маштабе мы сутыкнуліся цяпер з тым, пра што папярэджвалі ўлады яшчэ пяць гадоў таму. Мы казалі, што расейскую датацыю трэба было накіроўваць на мадэрнізацыю эканомікі — але ж гэтага не рабілася. І цяпер я прагназую, што на пачатку наступнага году Лукашэнка звольніць урад Сідорскага, усклаўшы на яго ўсю віну”.

(Глод: ) “Спадар Яраслаў, вы не адказалі на другую частку майго пытаньня — наконт прэзыдэнцкага фонду”.

(Раманчук: ) “У гэтым фондзе, я думаю, дзесьці 300—400 мільёнаў даляраў. І гэта, безумоўна, ня выратуе нашу эканоміку, наш бюджэт”.

(Глод: ) “Спадар Раманчук зрабіў даволі пэсымістычны прагноз. А вы, спадар Багданкевіч, згодны з такім прагнозам?”

(Багданкевіч: ) “Я большы аптыміст. Адсутнасьць 2 мільярдаў даляраў нашая эканоміка вытрымае. Але ўзровень жыцьця людзей будзе паніжацца. Коштам чаго падвышаліся заробкі й пэнсіі раней? Коштам таго, што Беларусь з дазволу Расеі даіла гэтую дойную расейскую карову. Вось паглядзіце на сёлетнюю статыстыку — вытворчасьць працы ўзрасла на 9%, заробкі — на 19%. І гэтак ужо ня першы год. Калі верыць нашай статыстыцы, дык грашовыя прыбыткі растуць удвая хутчэй за вытворчасьць працы. Гэта азначае, што мы жывем ня коштам стваранай прадукцыі, а за кошт зьнешніх крыніцаў. Цяпер іх можа ня стаць. Таму — хоча ўрад таго ці не, ён мае скарэктаваць свае прагнозы наконт заробкаў, пэнсіяў.



Наперадзе, выглядае, пагаршэньне дабрабыту. Гэта адназначна. Асабліва, калі Расея выканае пагрозу падвысіць кошт на газ да 200 даляраў. Калі ўсё разам будзе на 5—6 мільярдаў штогоду, дык, безумоўна, эканоміка затрашчыць”.

(Глод: ) “Спадары экспэрты, вы размаўляеце перадусім як два эканамісты, фінансісты — і гэта цікава. Але нашым слухачам, мне падаецца, найперш хочацца пачуць пра тое, што чакае іх у наступным годзе. Я хачу сказаць, што ў бюджэце на наступны год закладзены сярэдні заробак 310—320 даляраў штомесяц. Ці рэальна гэта?”

(Раманчук: ) “Так званы просты чалавек нарэшце вымушаны будзе расплачвацца сваім дабрабытам за тую бязглузьдзіцу, якая была раней. Я лічу, што названы заробак будзе рэальны толькі ў адным выпадку — калі суадносіны даляра да эўра будуць як 1,6 да 1. Мы жывем у сфэры эўра — невыпадкова ж асноўныя фінансавыя дакумэнты разьлічваюцца ў эўра, і сярэдні заробак цяпер складае 200 эўра. А гэта вельмі мала.

Да чаго давядуць зьмяненьні з нафтай і газам? Перадусім да пагаршэньня гандлёвага балянсу. Гэта азначае, што беларускіх рублёў будзе нашмат больш за валюту. Далей пойдуць інфляцыя ды дэвальвацыя. А людзі, якія ўжо вельмі добра навучыліся вылічваць свае дывідэнды, пачнуць забіраць грошы з банкаў. І тады банкаўская сыстэма (у якой цяпер, дарэчы, больш за 3 мільярды даляраў насельніцтва) пачне зьвяртацца па дапамогу да Нацыянальнага банку.

І вось тая сьпіраль інфляцыі, якую мы бачылі ў 1990-я гады, можа вельмі небясьпечна раскручвацца ў Беларусі ў 2007 годзе. І таму сярэдні заробак ня толькі не ўзрасьце, а нават паменшыцца дзесьці на 5—10%. Гэта калі нафтавыя захады з боку Расеі будуць спалучацца з газавымі. А калі Расея яшчэ ўвядзе забарону на пастаўку беларускіх харчовых ці нейкіх іншых тавараў, дык сытуацыя будзе яшчэ горшая.

Дэмакратычная апазыцыя мае дакладную праграму перабудовы эканомікі. Але яна разьлічаная на два гады. Калі Лукашэнка, урад зьвернуцца да нас, да экспэртнага супольніцтва па дапамогу, дык гаворка можа нават ісьці пра фармаваньне ўраду народнага даверу, ураду тэхнакратаў”.

(Глод: ) “Такім чынам, спадары эканамісты прагназуюць на 2007 год пэўную небясьпеку для дабрабыту беларусаў. Жыцьцё можа пагоршыцца”.
XS
SM
MD
LG