Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Вячаслаў Селях-Качанскі (25.12.1885 — 8.9.1976)


Уладзімер Арлоў, Менск На беларускіх могілках у амэрыканскім Саўт-Рывэры можна вывучаць шмат якія разьдзелы гісторыі Беларусі ХХ стагодзьдзя. Тут знайшлі свой апошні спачын некаторыя са слуцкіх паўстанцаў, палітык Радаслаў Астроўскі, пісьменьнік Юрка Віцьбіч... Дзякуючы наведваньню гэтага нэкропалю я ўпершыню пачуў імя Вячаслава Селяха.

Пры паступленьні ў 1901-м у Маладэчанскую настаўніцкую сэмінарыю ён ўразіў экзамэнатараў, засьпяваўшы магутным барытонам “Спасі, Госпадзі, людзі Твая”. Празь некалькі гадоў Вячаслаў Селях, апантаны жаданьнем зрабіцца прафэсійным опэрным сьпеваком, едзе ў Пецярбург. З адзнакай закончыўшы кансэрваторыю, ён бярэ ўдзел у конкурсе-іспыце на права выступаць у славутым Марыінскім тэатры. З 365 канкурэнтаў камісія пакідае двух. Адзін зь іх – Селях, якому адразу быў прызначаны дэбют — галоўная роля ў опэры “Князь Ігар”.

Нядаўні лагойскі хлапчук трапляе на музычны Алімп. Як прэм’ер-барытон ён сьпявае ў Марыінцы разам з Шаляпіным, Алчэўскім, Сьмірновым ды іншымі зоркамі. Найбольш удалымі з 25 ягоных роляў крытыка называе Барыса Гадунова, князя Ігара й Рыгалета... Здавалася, што далей Вячаслава чакалі толькі ружы й авацыі.

Але ў сярэдзіне 1920-х, зьдзівіўшы шмат каго з калегаў, Селях прымае прапанову тагачаснага старшыні Інстытуту беларускай культуры Ўсевалада Ігнатоўскага і пераязджае ў Менск, каб дапамагчы маладой рэспубліцы ў падрыхтоўцы музычна-тэатральных кадраў.

У 1927-м на сцэне БДТ-1 (сучаснага Купалаўскага тэатру) адбылася прэм’ера “Русалкі” А. Даргамыскага — першай опэры на беларускай мове. Селях прычыніўся да прэм’еры ў дзьвюх іпастасях — як рэжысэр і як выканаўца ролі Млынара. У тым самым годзе ён узначальвае БДТ-1 і выводзіць яго ў лік трох, на думку крытыкі, найлепшых тэатральных калектываў краіны, куды разам зь беларусамі трапляюць таксама Маскоўскі тэатар імя Вахтангава і Грузінскі імя Руставэлі.

Аднак гэтыя посьпехі не былі паратункам ад пагрозы з боку ўсемагутнага ведамства, у якім, напэўна, імкнуліся мець дасье на кожнага жыхара краіны, ня кажучы ўжо пра творчую інтэлігенцыю. Пагатоў, за Селяхам вадзіліся не абы-якія “грахі”. Ён упарта адмаўляўся ўступаць у камуністычную партыю. Насуперак загаду Наркамасьветы ня зьняў з рэпэртуару “падазроныя” спэктаклі “Кастусь Каліноўскі” і “Каваль-ваявода”.

Каб уратавацца ад арышту як “нацдэм”, ён у 1933-м пакідае Беларусь і вяртаецца ў Менск толькі ў 1941-м, ужо ў часе акупацыі. Праца кіраўніком аддзелу культуры й мастацтва і дырэктарам менскага гарадзкога тэатру абумовіла ад’езд Селяха ў 1944-м на Захад.

Блукаючы па сьвеце, ён не пакідаў галоўнай справы свайго жыцьця. У Нямеччыне стварыў Беларускі драматычны тэатар імя Галубка, у ЗША заснаваў тэатральную студыю, дзе ставіў Францішка Аляхновіча і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Вялікае значэньне ў жыцьці эміграцыі меў арганізаваны і ўзначалены ім Беларускі нацыянальны хор. У 1975-м спадар Вячаслаў падрыхтаваў “Сьпеўнік беларускага жаўнера”, да якога сам напісаў шмат музыкі. Селяху ішоў ужо дзесяты дзясятак...
XS
SM
MD
LG