Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Валадар Цурпанаў: Веру ў любоў да Радзімы


Радыё Свабода Валадар Цурпанаў — удзельнік праграмы “Ў што я веру”

Веру ў сябе.

Веру ў пакліканьне. Веру ў патрэбу ягонага пошуку. Веру ў патрэбу ягонага расчытаньня. Веру ў патрэбу адпавядальнасьці яму. Веру, што той, хто сваё пакліканьне шукаў-расчытваў, спазнаў-усьвядоміў, асэнсаваў-датрымоўваўся, мае шанец пачувацца шчасьлівым.

Веру ў абранасьць. Спробы разабрацца ў матывацыі паводзінаў людзей прывялі да высновы, што некаторыя вылучаюцца, істотна розьняцца ад атачэньня свайго, невытлумачальнай, за межамі простага разуменьня, чыннасьцю. Яны — абраныя.

Веру, што да абраных належу сам. Зразумела, што я не магу ведаць якая місія на мяне ўскладзеная, аднак ад таго часу, як вырашыў, што мушу спраўдзіць наканаваньне, імкнуся не памыліцца кірункам, што да ўласнае чыннасьці.

Веру ў Анёла-Ахоўніка і перакананы, што маю свайго, бо сьведчаньняў ягонага апекаваньня было багата. Спадзяюся, што слушна іх расчытваю.

Веру ў сяброўства.

Веру ў любоў да Радзімы, якая найболей яскравая і чысьцюткая, бо не вымагае ўзаемнасьці. Веру, што беларусы некалі прачнуцца ўражаныя ад асэнсаваньня велічнасьці гэтае зьявы.

Веру ў моладзь. Спадзяюся, што не памыляюся ў сваім адчуваньні таго, што сталее, фармуецца новае пакаленьне абаронцаў Краю.

Веру ў каханьне.

Веру ў Жанчыну. Веру ў Сям’ю.

Веру ў людзей.

Веру ў праўду.

Веру ў шчырасьць.

Веру ў справядлівасьць.

Веру ў дабро.

Веру, што людзі ўсьвядомяць патрэбу супрацьстаяць злу ды навучацца нішчыць злое найперш у сабе.

Я веру ў Пана Бога — сутнасьць і творцу ўсяго існага.

Зь веры ў Пана Бога выцякае і, ёю тлумачыцца ўсё, ува што я веру!

Валадар Цурпанаў нарадзіўся ў вёсцы Ліпец, што пад Магілёвам. Займаецца праваабарончай дзейнасьцю. У 1997 годзе правозіў пікеты дзеля інфармаваньня насельніцтва пра зьняволеньне Славаміра Адамовіча. У 1998 годзе на знак пратэсту супраць незаконнага зьняволеньня трымаў 15 сутак галадоўкі ў Магілёўскім ізалятары. Сёлета на знак салідарнасьці зь вернікамі царквы “Новае жыцьцё” трываў 12 дзён галадоўку-пост. Працуе ў прыватнай абутковай майстэрні.
XS
SM
MD
LG