Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі 25000 доўгажыхароў


Іна Студзінская, Менск Паводле вызначэньня навукоўцаў, доўгажыхарамі лічацца людзі, якім больш за 90 гадоў. Колькі ў Беларусі доўгажыхароў? У чым сакрэты беларускага даўгалецьця?

Доўгажыхароў -- людзей, якія дасягнулі 90-гадовага ўзросту і старэй – у Беларусі амаль 25 тысяч. Тых, каму за сотню – 748 чалавек. Для параўнаньня: у Японіі 100-гадовых больш за 24 тысячы.

З 25-ці тысяч беларускіх доўгажыхароў, якім за 90 13 тысяч жыве ў гарадох. Але ёсьць адна цікавая акалічнасьць: бальшыня доўгажыхароў і нарадзілася, і значную частку жыцьця пражыла ў вёсках, але ў старасьці пераехала ў горад да дзяцей і ўнукаў, бо ў асноўным гэта самотныя людзі.

У чым сакрэт даўгалецьця? Галоўны герыятар (гэта спэцыяліст-мэдык, які назірае за доўгажыхарамі) Міністэрства аховы здароўя прафэсар Аляксандар Хапалюк пералічвае некаторыя чыньнікі.

(Хапалюк: ) “Гультаёў-доўгажыхароў я не сустракаў. Звычайна гэта сапраўды людзі-працаўнікі. Прычым, ня мае значэньня – ён араў ці ён пісаў. Я сустракаў доўгажыхароў і сярод сялян. Яшчэ быў прафэсар Голуб Давід Маісеевіч, знакаміты анатам, які працаваў практычна да 100 гадоў. Звычайна гэта людзі-працаўнікі”.

З 748 беларусаў, якім пераваліла за сотню гадоў, 655 жанчынаў і ўсяго 93 мужчыны. А 110-ці гадовую мяжу пераадолелі толькі жанчыны, такіх у Беларусі 23.

Дарэчы, адна з самых старэйшых жанчын у сьвеце жыве ў Беларусі. Гэта Ганна Адамаўна Барысевіч. Сёлета 5 траўня ёй споўнілася 118 гадоў. Нарадзілася яна пад Ігуменам, да 90 гадоў жыла ў вёсцы, зараз жыве ў Менску з 82-гадовай дачкой. Летась Ганна Адамаўна адважылася на складаную апэрацыю на вока, якая вярнула ёй зрок. Дарэчы, даўжэй за ўсіх пражыла францужанка Жанна Луіза Кальма – 122 гады. Зараз самай старэйшай жыхаркай плянэты лічыцца Марыя Луіза Фэброн-Мэйлер з Квэбэку (Канада), якая на год старэйшая за Ганну Барысевіч. Прадстаўніцтва Кнігі рэкордаў Гінэса ў СНД мае намер падаць паўторную заяўку на ўключэньне Ганны Барысевіч у Кнігу рэкордаў Гінэса. Паслухаем саму Ганну Барысевіч.

(Барысевіч: ) “У мяне бабуля была – пражыла 113 гадоў, але яна не хварэла. Хоць бы і я так памерла, не хварэючы. Ужо ўсе мае сяброўкі паўміралі, толькі я адна засталася. Жыць хораша было, усё добрае было. Самае цікавае, калі чалавек малады. Ці на вечарынку пойдзеш, пагуляеш, хоць і апрануць не было чаго. Адна сукенка была. Але я танцавала дужа лёгка, дык мяне адусюль выцягнуць, каб танцаваць ішла. Яшчэ Бог дае сілы. Я ніколі не курыла. Што да гарэлкі, гэта калі бяседа якая, а так не пілі. Я ніколі ў жыцьці п’янаю не была. Ня трэба нэрвавацца, дык пражывеш доўга, а калі будзеш нэрвавацца, злавацца – то хутка “парыесься”.

Традыцыйна доўгажыхары ежу ўжываюць саму простую – сала, бульбу, хлеб, малако, гародніну – ніякіх далікатэсаў. Звычайна доўгажыхары не злоўжываюць алькаголем. Гаворыць прафэсар Аляксандар Хапалюк:

(Хапалюк: ) “Алькаголікаў сярод доўгажыхароў я не сустракаў. Бачыў людзей, якія не адмаўляліся ад застольля, адзін-два кілішкі з нагоды сьвята. Звычайна, яны ўсе маюць цудоўную памяць, інтэлект”.

Прафэсар Барыс Кіт ў свае амаль 97 гадоў піша навуковыя артыкулы, працуе над мэмуарамі – ён надзвычай жвавы, лёгкі на пад’ём, актыўны. Што да сакрэтаў даўгалецьця, то сам Барыс Кіт адказаў так: (Кіт: ) "Шмат элемэнтаў усялякіх. Генэтыка, інтэлектуальнае жыцьцё шмат дае. І ласка божая таксама. Важна, калі чалавек правільна вядзе сваё жыцьцё, ня мае за сабой ніякіх праступкаў. Ён павінен мець чыстае сумленьне. Гэта самае важнае. Я, дзякуй Богу, нікому нічога дрэннага не зрабіў, шчыра вам кажу. Не пакінуў нікога ў горы, наадварот, стараўся дапамагаць. Ніколі не здрадзіў свайму беларускаму народу...”

Аптымісты жывуць даўжэй за пэсымістаў. Звычайна людзі, што дажылі да сталага ўзросту, вельмі актыўныя, жыцьцярадасныя, працалюбівыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG