Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Караганаў: "Зараз мы давядзем справу зь Беларусьсю да канца"


Юры Дракахруст, Прага Матывы цяперашняй расейскай палітыкі адносна Беларусі, урокі, якія Расея зрабіла з крызысаў 2002 і 2004 гадоў – такія тэмы наступнага “Праскага акцэнту”. Сярод удзельнікаў перадачы – расейскі палітоляг, старшыня Рады зьнешняй і абарончай палітыкі Сяргей Караганаў.

(Караганаў: ) “Я лічыў, што мы можам ісьці на пэўныя ахвяры, каб Беларусь заставалася дружалюбнай дзяржавай і мела магчымасьць праводзіць рэформы і збліжацца з Расеяй у эканамічнай і іншых сфэрах. Зараз такіх надзеяў ужо больш няма, рэжым, з майго гледзішча, прыхавана, а нават і даволі адкрыта, праводзіць антырасейскую палітыку і практычна не засталося спадзеваў, што ён будзе рэфармаваць сваю эканоміку, а адпаведна каляпс непазьбежны, пытаньне толькі ў тым – калі. Такі рэжым падтрымліваць бессэнсоўна”.

(Дракахруст: ) “І на Ваш погляд – чым раней ён абрынецца, тым лепш?”

(Караганаў: ) “Я лічу, што Расея ўжо спазьнілася. Можа, быў шанец на тое, каб пераканаць беларускае кіраўніцтва ў неабходнасьці рэформаў. Я лічу, што час даўно скончыўся”.

(Дракахруст: ) “Наколькі я ведаю, Вы даволі шчыльна кантактавалі зь беларускай апазыцыяй. У беларускіх афіцыйных колах лунае чутка пра так званы "Даклад Караганава", у якім нібыта Вы, грунтуючыся на сваім досьведзе кантактаў з апазыцыяй і ня толькі зь ёй, пішаце, што ані сярод апазыцыі, ані сярод намэнклятуры сур''ёзных альтэрнатываў Лукашэнку проста ня існуе. Ці сапраўды існуе такі даклад?”

(Караганаў: ) “Няма такога дакладу. Гэта ці фальшыўка, ці спэцапэрацыя. Гэта не адпавядае маім поглядам, бо я лічу, і сярод беларускай намэнклятуры, і сярод беларускай апазыцыі ёсьць шмат годных людзей, пра што я неаднаразова казаў у расейскім і ў беларускім друку”.

(Дракахруст: ) “Крызісы, падобныя таму, які насоўваецца зараз у беларуска-расейскіх адносінах, былі ў 2002 годзе і ў 2004 гадох, у 2002 – калі Беларусі было прапанавана ўвайсьці ў Расею шасьцю ці сямю губэрнямі, і у 2004 – калі адключаўся газ. І ня выглядае, што Расея тады перамагла ці дамаглася свайго. Ці ўлічыла яна зараз тагачасныя памылкі”.

(Караганаў: ) “Ну, па-першае, мы ніколі афіцыйна не прапаноўвалі наконт сямі губэрняў, гэта адна зь ідэяў, якія цыркулявалі ў друку”.

(Дракахруст: ) “Прабачце, 14 жніўня 2002 году пасьля перамоваў з Лукашэнкам Пуцін публічна агучыў гэтую прапанову”.

(Караганаў: ) “Пуцін, наколькі я памятаю, казаў тады пра некалькі варыянтаў: 7 губэрняў, мадэль Эўразьвязу. І казаў, што хай выбіраюць любы, але нам трэба разумець, куды мы ідзем.

Што тычыцца 2004 года, то трэба было даводзіць справу да канца. І зараз, я мяркую, мы давядзем справу да канца. Бессэнсоўна перапампоўваць расейскія грошы ў бяздонную бочку. Тым больш, што беларускі народ ад гэтага нічога не атрымлівае, а большая частка грошай трапляе ў атачэньне Лукашэнкі і сілавыя структуры. Пры ўсёй маёй павазе да іх я не лічу, што Расея іх павінна субсыдаваць”.

(Дракахруст: ) “Ці ня могуць такія жорсткія меры выклікаць магчыма і несправядлівую, але моцную рэакцыю беларускага грамадзтва, прывесьці да росту антырасейскіх настрояў?”

(Караганаў: ) “Гэты рост антырасейскіх настрояў напампоўваецца беларускімі афіцыйнымі мэдыямі. Я сачу за тым, што паказваюць па беларускім тэлебачаньні. Афіцыйны Менск напампоўвае антырасейскія настроі незалежна ад таго, дапамагаем мы ці не. Таму мяне ня надта непакоіць у гэтай сытуацыі магчымы рост антырасейскіх настрояў у Беларусі і спробы цяперашняга кіроўнага рэжыму зваліць віну на Расею за нежаданьне ісьці на рэформы і нават за рэпрэсіі, якія выкліканыя нежаданьнем ісьці на рэформы па мадэрнізацыі краіны”.

(Дракахруст: ) “Як бы Вы маглі пракамэнтаваць нядаўнюю заяву прадстаўніка дзярждэпартамэнту ЗША, што Злучаныя Штаты "занепакоеныя палітыкай Расеі ў галіне энэргетыкі адносна Беларусі"?

(Караганаў: ) “Я гэтую заяву ня чуў, але калі яна ёсьць і яно асуджае Расею за ўвядзеньне рынкавых цэнаў – гэта недарэчнасьць. Самі амэрыканцы нас неаднаразова крытыкавалі за тое, што мы падтрымліваем сваёй цэнавай палітыкай рэжым у Беларусі. Калі такая заява ёсьць, гэта азначае, што амэрыканцы танным спосабам спрабуюць нажыць палітычны капітал за наш кошт”.

(Дракахруст: ) “А як бы Вы ацанілі прапанову Злучаных Штатаў разгледзець сытуацыю ў Беларусі на Радзе бясьпекі ААН? Некаторыя лічаць, што гэта беспрэцэдэнтная падзея, прадстаўнік Расеі ў Радзе бясьпекі ААН заявіў, што гэтая прапанова – па-за межамі паўнамоцтваў Рады”.

(Караганаў: ) “Я мяркую, што амэрыканцы гэта выдатна разумеюць. Гэта недарагі спосаб атрымаць палітычныя дывідэнды”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG