Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эўразьвяз: рознагалосьсі адносна далейшага пашырэньня


Юрась Бушлякоў, Прага Двухдзённы саміт лідэраў Эўрапейскага Зьвязу, які пачаўся сёньня ў Брусэлі, праўдападобна, абвострыць разьбежнасьці ў падыходах да пашырэньня Эўразьвязу. Чакаецца, што кола патэнцыйных сяброў Эўрапейскага Зьвязу будзе абмежаванае да краінаў, якія цяпер прэтэндуюць на ўваход у аб’яднаную Эўропу.

Да нядаўняга часу афіцыйныя прадстаўнікі Брусэлю рэгулярна падавалі пашырэньне аб’яднанай Эўропы як найбольш дзейсны інструмэнт замежнай палітыкі Эўразьвязу. Пашырэньне 2004 году характарызавалася як эканамічны посьпех.

Аднак рыхтаванае далейшае пашырэньне Эўразьвязу сталася адной з найбольш дыскусійных тэмаў у блёку – гэтая тэма на чале парадку дня двухдзённага брусэльскага саміту.

Дапускаючы пэўнае спрашчэньне, можна гаварыць аб процістаяньні ў Эўразьвязе прыхільнікаў паглыбленьня інтэграцыі ў сучасных межах блёку і прыхільнікаў пашырэньня блёку. Першыя акцэнтуюць неабходнасьць глыбейшай палітычнай інтэграцыі дзяржаваў аб’яднанай Эўропы, другія выказваюць скептычнае стаўленьне да пэрспэктываў большай інтэграцыі і падкрэсьліваюць неабходнасьць пашырэньня эўразьвязаўскіх выгодаў і стандартаў на ўсё новыя дзяржавы.

У цэнтры палемікі Эўрапейская камісія – выканаўчы орган Эўразьвязу. Камісар Эўрапейскага Зьвязу ў пытаньнях пашырэньня Олі Рэн лічыць цяперашнія рознагалосьсі небясьпечнымі для будучыні аб’яднанай Эўропы.

(Рэн: ) “У цяперашніх дыскусіях мы часта гаворым паасобку. Адны падкрэсьліваюць толькі стратэгічную важнасьць пашырэньня для міру і дэмакратыі. Іншыя акцэнтуюць толькі ўнутраныя праблемы, якія аслабляюць нашую здольнасьць інтэграваць новых чальцоў. Калі гэтыя падыходы не сустрэнуцца, нам пагражае размываньне аўтарытэту Эўразьвязу ў краінах-кандыдатах на ўступленьне”.

У ліку краінаў, найбольш скептычна настроеных у пытаньні пашырэньня Эўразьвязу, – Францыя, Нямеччына, Нідэрлянды і Аўстрыя. Хутчэй за ўсё, правілы ўступленьня ў Эўрапейскі Зьвяз будуць ускладненыя – кіраўнікі дзяржаваў Эўразьвязу маюць намер прапанаваць, каб пры разглядзе заяўкі краіны-прэтэндэнта ўлічваліся найперш факт юрыдычнай рэформы ў такой краіне і дасягненьні гэтай краіны ў барацьбе з карупцыяй.

На саміце ў Брусэлі чакаюцца таксама вострыя дыскусіі вакол прапановы Эўракамісіі адмяніць права паасобных краінаў накладаць вэта на пастановы ў галіне юстыцыі і ўнутраных справаў. Эўракамісія мяркуе, што адмена права вэта дапаможа барацьбе з тэрарызмам і створыць больш спрыяльныя ўмовы для супрацоўніцтва ў гэтай сфэры.
XS
SM
MD
LG